Межы і плошча Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка змяніліся, таксама ў ім дазволілі пчалярства і паляванне. Адпаведны ўказ прэзідэнта Беларусі апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Фота: Вадзім Заміроўскі, Tut.by

Фота: Вадзім Заміроўскі, Tut.by

Дакумент зацвердзіў новую рэдакцыю палажэння аб запаведніку, а таксама яго мяжы і плошчу. Як і раней, у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку вылучаныя запаветная і эксперыментальна-гаспадарчая зоны.

На тэрыторыі эксперыментальна-гаспадарчай зоны дазволілі пчалярства, конегадоўлю, пладаводства, а таксама турызм, арганізацыю і правядзенне палявання.

Акрамя таго, раку Прыпяць, якая знаходзіцца ў межах запаведніка, аднеслі да рыбалоўных угоддзяў і перадалі іх запаведніку — для вядзення прамысловага рыбалоўства.

А вось збор дзікаросаў — ад грыбоў да ягад і арэхаў — на тэрыторыі запаведніка па-ранейшаму забаронены, «за выключэннем збору ў навукова-даследчых і эксперыментальна-гаспадарчых мэтах».

Указ уступае ў сілу праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік стварылі ў 1988 годзе, праз два гады пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Ён размешчаны ў Хойніцкім, Нараўлянскім і Брагінскім раёнах. Тут захоўваецца траціна ўсёй «чарнобыльскай спадчыны», якая дасталася Беларусі пасля аварыі на атамнай станцыі: 30% цэзія, 70% стронцыя і 97% плутонія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?