Злачынная групоўка арудавала ў Баранавічах некалькі гадоў, пракручваючы з выгляду законныя ўгоды з нерухомасцю, паведамляе intex-press.by са спасылкай на sb.by.
У асацыяльных элементаў ашуканцы набывалі кватэры, а ўзамен прапаноўвалі старыя дамы ў вёсках.
Адзін з набытых дамоў.
За некалькі гадоў пяць чалавек «перасяліліся» толькі ў вёску Зубялевічы. Гэта насцярожыла мясцовага ўчастковага, бо навасельцы разам выпівалі, нідзе не працавалі, многія былі раней судзімыя.
У кіраўніцтве Жарабковіцкага сельсавета таксама падазравалі, што перасяленне адбываецца дзіўна, але абавязаныя былі дзейнічаць паводле закона і рэгістраваць навасёлаў, бо ўсе дакументы былі аформленыя правільна.
Рыэлтарамі зацікавіліся аператыўнікі шостага ўпраўлення (Берасцейскай вобласці) ГУБАЗіК МУС.
Цяпер справа ў Следчым камітэце. Афіцыйны прадстаўнік УСК Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк распавёў, як дзейнічалі ашуканцы. Злачынную групу ўзначальваў раней судзімы за махінацыі з нерухомасцю. Выйшаўшы на волю, ён стварыў агенцтва нерухомасці і стаў «працаваць» з алкаголікамі, у якіх былі ўласныя кватэры.
Падстаўныя пакупнікі прыводзілі сваю ахвяру ў агенцтва, дзе кошт жылля ацэньваўся паводле моцна заніжаных схем. З гэтай сумы вылічвалі камунальную запазычанасць за кватэру, кошт яе прыватызацыі і кошт дома ў вёсцы. Жыхара, з невялікай пакінутай сумай, перавозілі жыць у вёску. Пазней кватэра прадавалася. З 2014 да 2016 года злачынцы зарабілі 200 000 рублёў. Усяго Следчы камітэт даведаўся пра сем фактаў такога «кватэрнага абмену».