12.11.2018 / 13:58

Разборкі ў Юравічах працягваюцца: мясцовыя спалілі дом аднаго з фігурантаў справы аб крывавым забойстве 27

25-гадовы Павел Табулін знаходзіцца пад вартай. Ён разам з двума сябрамі прыйшоў «разабрацца» з аднавяскоўцам: хлопцы збілі мужчыну і яго сужыцельку, а іх суседа забілі.

Павел Табулін

Адбылося ўсё ў ноч на 4 лістапада. А 12 лістапада Следчы камітэт паведаміў, што дом аднаго з падазраваных падпалілі невядомыя. Па інфармацыі «Нашай Нівы», у доме да затрымання жыў Павел Табулін.

Спалены дом, дзе жыў Павел Табулін. Фота — Следчы камітэт

Насамрэч, дом належыць не Паўлу, а яго дзядзьку, брату маці.

«Дзядзьку жонка ў псіхушку паклала. А дом Паўлу пакуль далі, каб будынак не расцягнулі цыгане, — расказвае маці Паўла, Надзея Табуліна. — Паша пайшоў туды жыць. Зрабіў рамонт, грубкі паправіў. Я дала яму і дываны дарагія, і ложкі, бялізну, коўдры… Камп’ютар купіла, вопратку… Усё гэтае спалілі, усё згарэла».

Хто спаліў хату, маці Паўла не ведае. Але ніхто з аднавяскоўцаў не паведаміў ёй, што хата гарыць.

«Толькі пасля ўжо прыйшоў сусед па малако і кажа: маўляў, мужыкі расказваюць, што хату Пашаву спалілі», — наракае Надзея Табуліна.

Раней вяскоўцы ўжо скардзіліся, што Павел Табулін з сябрамі рабілі ў вёсцы, што хацелі. Прынамсі, летам хлопцы хадзілі па вёсцы і адстрэльвалі сабак, заходзячы ў чужыя двары. Адзін з хлопцаў атрымаў за гэта хатнюю хімію. Праўда, прысуд не ўступіў яшчэ ў сілу — пракуратура абскардзіла вырак, палічыўшы яго надта мяккім.

Увогуле, судзімасці мелі ўсе трое падазраваных у забойстве. Напрыклад, той жа Табулін быў судзімы 7 разоў за крадзеж. Таксама меў адміністратыўныя справы за дробны крадзеж і распіццё спіртных напояў. Яго 17-гадовы і 20-гадовы сябры мелі судзімасці за гвалт у дачыненні да міліцыянта, крадзяжы, хуліганства.

Але калі верыць Надзеі Табулінай, пацярпелыя мужчына і жанчына не асабліва адрозніваліся ад нападнікаў. Табуліна ўжо расказвала, нібыта пацярпелы Гарчанка прымусіў «жонку» напісаць на Паўла Табуліна заяву ў міліцыю і абвінаваціць яго ў згвалтаванні. Таксама Гарчанка з сужыцелькай пастаянна пілі. Нярэдка і з тым самым Паўлам Табуліным.

«Я сына не апраўдваю, я не ведаю, што там здарылася. Але вінаваты ва ўсім Кроцік (пацярпелы Аляксандр Гарчанка). Ужо прыбягаў да нас дзядзька Кроціка, таксама п’яны, ледзь не зладзіў бойку», — кажа Надзея Табуліна.

Пасля падпалу хаты Табуліных у Юравічы прыехалі сілавікі і правялі размову з мясцовымі жыхарамі.

«У мэтах стабілізацыі сітуацыі ў Юравічах упраўленнем Следчага камітэта па Гомельскай вобласці было ініцыявана правядзенне сельскага сходу з мясцовымі жыхарамі. У сустрэчы з насельніцтвам аграгарадка ўзялі ўдзел супрацоўнікі абласнога апарата УСК, УУС, кіраўніцтва раённых аддзелаў Следчага камітэта, міліцыі, МНС.

Выступоўцы давялі вяскоўцам інфармацыю аб ходзе расследавання крымінальнай справы, зафіксавалі іх думкі аб крымінагеннай абстаноўцы ў Юравічах, распавялі пра магчымасць прымянення мер бяспекі ў адносінах да сведкаў, акцэнтавалі ўвагу на мерах крымінальнай адказнасці за ўчыненне некаторых відаў злачынстваў, у тым ліку за падпал і неданясенне аб злачынстве», — паведаміў Следчы камітэт. 

УШ

2
Адам Чумак / Адказаць
12.11.2018 / 14:08
вёска. падобна, ужо вынесла свой прысуд i пачала яго выконваць
3
xxx / Адказаць
12.11.2018 / 14:31
Самосуд говорит о том что никаким законом там не пахнет.
1
Godbless / Адказаць
12.11.2018 / 14:35
Омерта
Паказаць усе каментары/ 27 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру