Белагрампрамбанк не мае дачынення да кіравання гандлёва-забаўляльным цэнтрам «Арэна-Сіці», у якім учора адбылося надзвычайнае здарэнне. Пра гэта TUT.BY заявіў старшыня праўлення Белаграпрамбанка Анатоль Лысюк.

«Гэта аб'ект лізінгу. Мы фармальна [валодаем гандлёвым цэнтрам]. Эксплуатуе і кіруе «Прастор-Трэйд», — сказаў Лысюк, каментуючы дачыненне банка да «Арэна-Сіці».

У 2016 годзе ў кампаніі «Прастор-Трэйд», якая кіруе таксама гіпермаркетамі «Прастор», узніклі праблемы па разліках з пастаўшчыкамі. Рэсурсы былі знойдзены ў выніку здзелак зваротнага лізінгу з банкамі. Так, «Арэна-Сіці» адышла Белаграпрамбанку за 75 млн даляраў. Кампанія «Прастор-Трэйд» працягнула кіраваць гандлёвымі цэнтрамі.

Уладальнікамі «Прастор-Трэйд», па дадзеных на 2016 год, былі Юры і Сяргей Чыжы, Уладзімір і Казбек Япрынцавы, Інэса Захарэвіч. «Пасля гучнага канфлікту паміж саўладальнікамі рэальна аб'ектам кіруе бацька і сын Чыжы», — сказала інфармаваная крыніца.

«Арэна-Сіці» адкрылася ў 2013 годзе, з'яўляецца адным з найбуйнейшых гандлёва-забаўляльных цэнтраў Мінска. Агульная плошча складае больш за 85 тысяч квадратных метраў. Яе ўзводзіла група кампаній «Трайпл». Тагачасны мэр Мінска Мікалай Ладуцька пасля адкрыцця ТРЦ заявіў, што «пры будаўніцтве гэтага цэнтра былі выкарыстаныя сучасныя заходнееўрапейскія тэхналогіі».

Учора ў «Арэна-Сіці» абвалілася падвясная столь, пацярпелі дзве жанчыны, адна з іх шпіталізаваная. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?