13.11.2018 / 11:39

Подведены итоги конкурса «Белорусская Народная Республика: точка отсчета» 10

Падведзеныя вынікі конкурсу «Беларуская Народная Рэспубліка: кропка адліку». Конкурс праводзіла сёлета грамадскае аб'яднанне «Дзея» ў межах кампаніі #БНР100. Да ўдзелу прымаліся творчыя працы ад моладзі ва ўзросьце да 30 гадоў, што пражывае на тэрыторыі Беларусі. У журы конкурса былі Уладзімір Арлоў, Ніна Стужынская і Максім Жбанкоў.

Пераможцы былі вызначаныя па выніках ацэнкі працаў без пазнакаў аўтарства, і імі сталі:

1 месца — Ірына Паўловіч: «Дзве душы Рэспублікі Беларусь»

2 месца — Вадзім Барысевіч, «Пахмелле ад першай устаўной граматы»

3 месца — Яна Вольская «Ленін думае пра Беларусь»

1 месца

Ірына Паўловіч. Дзве душы Рэспублікі Беларусь

І.

Беларусь не аднастайная. Беларусь — гэта няпросты шлях да ідэнтычнасці. Тут гістарычна абумоўленая этнічная разнастайнасць спалучаецца з неінтэграванасцю культур, рэлігійная памяркоўнасць — з агульнай неталерантнасцю, еўрапейскія памкненні да свабоды як найвышэйшай каштоўнасці спалучаюцца з жаданнем стабільнасці… Беларусь пазбаўленая маналітнасці, канцэпцыі, мэты. Ідэнтычнасці накладаюцца, змешваюцца, робяцца болей ці меней «моднымі», прывабнымі, прапануюць сябе праз літаратуру, адукацыю. А часам яны лётаюць у паветры, бы вірус, трапляюць у лёгкія альбо проста трымаюцца важкай парай ці пякуць твар ядавітай газай. Усе яны лапікамі ствараюць тое, што можна назваць беларускай спадчынай, накіраванай з мінулага ў будучыню, — адпаведна, нашай сучаснасцю. Мы жывём тут, але часам жывём у розных сусветах, у розных краінах. Бывае, завітваем і ў чужую Беларусь — жагнаемся, незадаволена хмыкаем, адмаўляемся, кажам: «Няпраўда». Спяшаемся вярнуцца ва ўтульнасць свайго не больш сапраўднага вобразу і хутчэй-хутчэй забыць, перакроіць.

Становішча беларусаў вельмі ўнікальнае, яно не кладзецца ў шаблоны развіцця краін, тым самым робіцца яшчэ больш цікавым. Мабыць, каб зразумець адкуль цяперашні стан — крыху нервовы, напоўнены натхненнем, рухам, напружаны, бы канат пад канатаходцам, але адначасова няпэўны, мімікруючы, з прысмакам нейкіх безнадзейных упушчэнняў, волі лёсу і такой роднай балотнай твані, — варта разглядаць як мага больш пэўныя падзеі. Маё эсэ — спроба зрабіць гэта на падставе дакументальных крыніц з дамапогай аналізу і параўнання.

Стварэнне дзяржаўнасці — вызначальная рэч для далейшага развіцця краіны, своеасаблівая падмуркавая ідэя, вектар грамадства. Тут, на маю думку, надзвычай важным з’яўляецца не завучванне пэўнай даты, не абіранне доўгай генеалогіі дзяржавы «ад сівой даўніны» і нават не пафасны гонар за гэтую гістарычную падзею… Важнае — пераемнасць, падстава і цвёрдае перакананне, што, колькі б часу ад стварэння дзяржаўнасці ні мінула, ты як нашчадак маеш дачыненне да кропкі адліку. Менавіта гэтая пераемнасць, своеасаблівы распаўсюд падзеі на шматлікія пакаленні наперад, яднае народ у нацыю, яднае не толькі ў прасторы, але і ў часе.

ІІ.

 Прапаноўваю звярнуцца да падзей вузкага часавага прамежку, якія яскрава ілюструюць беларускі парадокс «дзвюх душаў» і да сённяшняга дня моцна адбіваюцца на сацыяльным, культурным і палітычным жыцці нашай краіны. У снежні 1917 года адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, на якім прысутнічалі 1872 дэлегаты з усяго этнічна беларускага абшару ад Беласточчыны да Смаленшчыны. Сымон Рак-Міхайлоўскі адкрыў сход наступнай прамовай: «Народ беларускі. Мне выпаў высокі гонар адкрыць гэты з’езд. Паўз вашы плечы я бачу ўсю Беларусь! Яна стаіць перад Вамі, змучаная, поўная журботы і надзеі. Беларусы! Вы прыйшлі сказаць сваё слова. Працуйце ж на карысць свайго народа. Няхай жыве Вольная Беларусь!»[1] Большасць дэпутатаў прадстаўляла нацыянальныя цікавасці беларускага народу і ўсведамляла важнасць дзяржаўнага самавызначэння Беларусі. Вяліся дыскусіі пра самавызначэнне Беларусі, пра кірункі эканамічнай, сацыяльнай, культурнай палітыкі. Напрыклад, разглядаўся праект аб’яднання беларускіх земляў у адзіную эканамічную вобласць, прапанова Яўхіма Карскага па стварэнні першага беларускага ўніверсітэта… Было разгледжана некалькі стратэгій самавызначэння беларусаў, некалькі варыянтаў стварэння дзяржаўнасці, усе — рознай ступені залежнасці ад Расіі. З’езд быў юрыдычна легітымным, што дазволіла прымаць правамоцныя рашэнні адносна Беларусі. Старшыня мандатнай камісіі П. Карчэўскі прыводзіць наступныя лічбы: на 15 снежня было выдадзена 1167 мандатаў з правам рашаючага голасу і 705 — з правам дарадчага[2]. «Мы стаім на мяжы альбо адраджэння Беларусі як культурнага і дзяржаўнага арганізму, альбо новага яе заняволення з боку больш моцных суседзяў»,[3] — казаў Яўсей Канчар — гісторык эканамічнай геаграфіі Беларусі, сябар Беларускага Нацыянальнага камітэту.

Па-шчырасці, падчас знаёмства з фактычнымі звесткамі, з лічбамі ды апісаннямі, з тэкстамі прамоваў, уражваешся, наколькі Першы Усебеларускі з’езд нёс магутны паваротны патэнцыял, дзівішся з такога моцнага натхнення і апантанасці яго ўдзельнікаў, са змястоўнасці і разнастайнасці праектаў беларусаў для Беларусі… Нявольна думаецца ва ўмоўным ладзе: «А калі б…» Аднак 18-га снежня сход быў гвалтоўна разагнаны, а ўсе без выключэння рашэнні аб’яўленыя неправамоцнымі[4]. Мабыць, гэтым бы і скончылася спроба стварэння народнай дзяржаўнасці ў Беларусі, але ў лютым 1918-га года бальшавікі былі змушаныя пакінуць акупаваны немцамі Менск. Менавіта праз гэта Выканаўчы камітэт зрабіўся правамоцным і неадкладна выдаў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, а затым Другую і Трэцюю — так была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.

Праз дзевяць месяцаў адбылася Паўночна-заходняя абласная канферэнцыя бальшавікоў у Смаленску. Яны абвясцілі сябе першым з’ездам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б) і прынялі пастанову аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі у межах Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай губерній.[5] Акрамя таго ў Маскве быў складзены спіс бальшавіцкага ўраду[6] для Беларусі.

 Такім чынам у вельмі сціслы прамежак часу ўтварыліся дзве Рэспублікі: БНР, а затым Беларуская ССР — з розным кіраўніцтвам і рознымі памкненнямі. З шматлікіх падручнікаў па гісторыі вядомае стэрэатыпнае гледжанне: БНР — няўдалая спроба меншасці (інтэлегенцыі ды арыстакратыі) ва ўмовах нямецкай акупацыі абвесціць нацыянальную дзяржаву; БССР — натуральны і справядлівы вынік абранага сацыялістычнага шляху развіцця. Ці было ўтварэнне БНР падпарадкаваннем нямецкай акупацыі або, наадварот, супрацівам? Ці настолькі супрацьлеглымі былі ідэі, што палягалі ў аснове стварэння гэтых дзяржаваў? Прапаную звярнуцца да аналізу тэкстаў дакументальных крыніц, каб высветліць гэтыя ды некаторыя іншыя пытанні.

«Радзімая старонка наша апынілася у новым цяжкім становішчы. Дзе цяпер уласьць, што тут была, німа ведама. Мы стаімо перад тым, што край наш можа бьщь заняты нямецкімі вайскамі. Вы павінны узяць сваю долю у свае уласныя рукі»[7] — так пачынаецца Першая Устаўная грамата, што адразу абвяргае міф пра «дзяржаву, народжаную нямецкай акупацыяй», пра «горстку самазванцаў», якія ўскарысталіся акупацыяй дзеля адстойвання сваіх «месцячковых цікавасцяў». Прадстаўнікі Выканаўчага Камітэту Рады Усебеларускага З’езду працягнулі перарваную справу Першага Усебеларускага з’езду, з тым адрозненнем, што яны рашуча сцвердзілі права Беларусі на самастойную дзяржаву, а не аўтономную, як гэта прапаноўвалася падчас з’езду. «Право нацыяу павінно знайсьці свае зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных пачатках Устаноучаго Сойму. Але і да скліканьня Сойму уся улада на Беларусі павінна належацъ тым народам, якіе на ей жывуць»,[8] — відавочнае імкненне да пабудовы дэмакратычнага грамадства з удзелам у кіраванні не толькі беларусаў, але і нацыянальных меншасцяў. У тэксце Другой Устаўной граматы можна ўбачыць усведамленне Беларусі ў кантэксце сусветнай палітыкі і ўплыў агульнапалітычнага становішча на самавызначэнне беларусаў. Ствараецца своеасаблівы вобраз адраджэння народнай волі пасля расійскага прыгнёту: «У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцные дзержавы і аслабаняе другіе, абудзілася Беларусь да дзержаунаго жьщця. Пасьля трох съ паловаю вякоу і няволі ізноу на увесь сьвет кажа беларускі народ аб тымъ, што ен жыве і будзе жыць»[9]. Менавіта ў Другой Устаўной грамаце прыводзяцца палажэнні «аб дзяржаўным устоі Беларусі». На маю думку выбітна, што абвяшчаецца памкненне да пабудовы сацыялістычнага грамадства (да якога, заўважу, імкнуліся і бальшавікі), але «сацыялістычнага грамадства з беларускім тварам». Абвяшчаецца роўнасць народаў БНР і іх права на нацыянальна-персанальную аўтаномію, вольнасць слова, друку, касуецца права прыватнай уласнасці на зямлю, усталёўваецца найбольшы працоўны дзень у восем гадзін. «Спауняючы Камітэт Рады Зьезду» абавязваецца «пільнаваць законнага парадку жыцця у Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсау усіх грамадзян і народау Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьці працоунага люду»[10]. Прыведзеныя прынцыпы цалкам адпавядаюць актуальным на той момант сусветным палітычным рэаліям. Трэцяя Устаўная грамата пацвярджае прынцыпы, замацаваныя ў дзвюх папярэдніх, акрэслівае межы Рэспублікі згодна з этнічна беларускай тэрыторыяй, выражае супраціў і нязгоду з умовамі Берасцейскай мірнай дамовы: «На моцы гэтаго трацяць сілу усе старыя дзяржауныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ураду падпісаць і за Беларусь трактат у Берэсьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелючы зямлю яго на часткі. На моцы гэтаго урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае увайсці у адносіны з зацікауленымі старанамі, прапануючы ім перагледзіць тую часьціну Берэсьцейскаго Трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую умову з усімі ваеваушымі дзяржавамі».[11]

Сапраўды, няшмат вядома пра Смаленскі з’езд і пра тое, якое абмеркаванне папярэднічала абвяшчэнню БССР. Прадстаўнікоў беларускага народа на гэтым з’ездзе было толькі 60-70 чалавек вайскоўцаў-чырвонаармейцаў ды каля 10 чалавек беларускіх эсэраў. Вось некаторыя звесткі з успамінаў Яўхіма Яўсеевіча Кіпеля, аднаго з удзельнікаў Смаленскага паседжання: «У Смаленску тады‚ апрача школы штабной службы‚ былі яшчэ і вайсковыя курсы‚ на якіх вучылася 250 чалавек; зь іх каля 70 былі беларусы; вось гэтых беларусаў і прывялі на зьезд… Прэзыдыюму не выбіралі‚ а прынялі цэлым сьпісам. За старшыню прэзыдыюму быў нехта з Народнага Камісарыяту Замежных Справаў… Ад беларускіх камуністаў зьезд вітаў латыш В. Кнорын‚ ад беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў дазволілі выступіць эсэрцы Палуце Бадуновай. У сваім выступленьні яна запатрабавала безадкладнага зачыненьня зьезду як неправамоцнага.

— Беларуская Рэспубліка ўжо абвешчаная законнымі прадстаўнікамі беларускага народу. Усё‚ што вы тут робіце‚ — гэта фальш. Ніхто нас не выбіраў! — крычала Бадунова і настойвала на зачыненьні.

Бадунову супакоілі: старшыня прэзыдыюму прыстрашыў вывесьці яе з залі‚ калі яна ня сьціхне. Найбольш спрачаўся з Бадуновай Зьмітро Жылуновіч. Быў момант‚ калі ён ледзь не падскочыў біцца да яе. Бадунова сьціхла і пакінула залю. Пасьля Бадуновай зьезд вітаў паляк Юзэф Уншліхт. За ім выступаў летувіскі камуніст I. Сьмілга… Пасьля Сьмілгі выступіў латыскі камуніст Р. Бэрзін…» [12]

Як бачна, БССР была абвешчаная не беларусамі, нацыянальныя інтарэсы не былі прадстаўленыя. Натуральна, на з’ездзе ў Смаленску прысутнічалі нязгодныя з такім становішчам, але выяўленне іх волі і меркавання гвалтоўна падаўляліся. У ноч з першага на другога студзеня 1919-га года Часовы рабоча-сялянскі ўрад, які ўзначаліў Зміцер Жылуновіч, прыняў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Маніфест быў прыняты толькі ў расейскамоўным варыянце, дзеячы БНР характарызаваліся ў ім як ворагі народа, хаця дублявалася ідэя беларускай дзяржаўнасці, абвешчаная Другой Устаўной граматай. Маніфест, як і Грамата, дэклараваў сацыяльныя правы працоўных. Аднак, натуральна, ігнараваў каштоўнасць нацыянальнай дзяржавы і дэмакратычныя свабоды, бо яны супярэчылі дыктатуры бальшавікоў.[13]

Падсумоўваючы аналіз крыніц, я мяркую, можна ўпэўнена казаць, што адно з пашыраных ўяўленняў пра БНР і БССР, апісанае напачатку, памылковае. А дакладней бессэнсоўнае з пункту гледжання чалавека з беларускай ідэнтычнасцю. Так здарылася, што Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная, але не прызнаная, незалежнасць існуе і ствараецца ва ўмовах акупацыі, маніфест БССР дублюе ідэю незалежнай Беларусі, абвяшчэнне дзяржаўнасці адбываецца занадта позна, каб дзяржава пачала функцыянаваць… Гэта становішча суцэльнай дыхатаміі на некалькіх узроўнях. Яно вельмі ўскладняе сучаснае ўсведамленне беларускай дзяржаўнасці. З аднаго боку, лагічны ланцужок, што без БНР не было б БССР, без БССР — Рэспублікі Беларусь. Аднак БНР і БССР дакладна не звязаныя сувяззю спадкаемнаснай пераемнасці. А спадкаемніцай чаго тады з’яўляецца сучасная Беларусь?

Ідэя народнай дзяржаўнасці і савецкая канцэпцыя Беларускай Рэспублікі мала чым адрозніваліся ў грунтоўных палітычных памкненнях. Асноўнае адрозненне ва ўспрыманні ўнутрыдзяржаўнай палітычнай дзейнасці і каштоўнасных ацэнках нацыянальнага. Утварэнне БНР — рашучая рэакцыя супраціву нацыянальных сіл на падзел Беларусі бальшавікамі і кайзераўскай арміяй паводле падпісанай імі Берасцейскай дамовы, а не дзяржава, створаная з нагоды акупацыі. БССР — умелы дыпламатычны ход бальшавікоў — як дзяржава, на жаль, мела марыянетачны характар, з хуткай перспектывай быць каланізаванай Расіяй. Гэта, насамрэч, гістарычна няправільная бела-чорная ацэнка, аднак яна неабходная, на маю думку, для сучаснай, не савецкай, Беларусі, для канструявання цяперашняга сэнсу. Не даводзіцца сумнявацца, што савецкая ідэнтычнасць яшчэ існуе і ўплывае на фармаванне ўласна беларускай, аднак яна ўжо згубіла сваю манаполію на адзінапраўдзівасць. Менавіта з гэтай прычыны вобраз незалежнай дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь усё больш скіроўваецца да спадчыны БНР як да свайго першапачатку.

ІІІ.

Беларусь ХХ-га стагоддзя — з большага Савецкая Рэспубліка, якая з’яўлялася Радзімай для некалькіх пакаленняў. Вельмі шмат акалічнасцяў і чыннікаў паўплывала на тое, што склалася менавіта так, а не іначай. У дадзеным эсэ я прааналізавала толькі некаторыя, што найбольш вярэдзяць і прынамсі часткова дапамагаюць разабрацца з дваістасцю і хваравітасцю становішча.

Для шматлікіх людзей пераасэнсаванне «савецкасці», набыццё ці стварэнне новай самасці адбылося ці адбываецца балюча, для шматлікіх не адбываецца зусім. Аднак пакаленне, з якога паходжу я, — гэта ўжо грамадзяне незалежнай Рэспублікі Беларусь… Тым не менш асабіста мне моцна адчуваецца дзіўны парадокс пошуку асабістай еднасці з кропкай адліку, таго самага яднання ў прасторы і часе. Гэта сапаўды вялікая колькасць свядомых і несвядомых, вельмі асабістых і навязаных праграмай агульнай адукацыі спробаў ідэнтыфікаваць сябе з дзяржавай, у якой жывеш. Маё эсэ, аналізаванне тэкстаў і звестак — таксама частка гэтага працэсу. І я не адважуся свярджаць, што ён для мяне адназначны і скончаны. Вельмі няпроста ідэнтыфікаваць сябе менавіта з дзяржавай — не з сям’ёй, сябрамі, краявідамі ды культурай. Асабліва, калі ў дзяржаве афіцыйна і неафіцыйна, шчыльна і раз’яднада існуюць дзве мовы, два дні незалежнасці, два сцягі… Аднак чамусьці я шчаслівая, калі размаўляю па-беларуску, нават калі гэта мова белай вароны ў рускамоўным асяродку. Чамусьці я шчыра радуюся і віншую са Святам Незалежнасці 25-га сакавіка. Чамусьці так моцна адгукаюцца радкі Міхала Анемпадыстава:

Мая краіна пад белым сцягам

Пад белым сцягам з чырвонай стужкай

Я з цягам часу стануся птушкай

Распраўлю крылы, зраблю тры крокі

І падымуся па-над зямлёю…

Я мяркую, вельмі карысна глядзець на падзеі не проста як на факты, але і як на звязныя ланцужкі, з перспектывы нашай спадчыны. Гісторыя Беларусі вельмі стракатая, у ёй шмат спалучэнняў неспалучальнага. Падзеі і ўяўленне пра іх існуюць не толькі на стужцы часу, а ў галовах людзей, у жыцці тут і зараз. Веданне дакладных звестак, фактаў, бясконцае рэфлексаванне, адкрыцці пра самога сябе і сваю гісторыю толькі падмацоўваюць думку, што немагчыма і вельмі памылкова разглядаць тую ці іншую з’яву аднабакова. У пярэстасці, неадназначнасці і неаднастайнасці нашая незвычайнасць — гэта тое, што можна назваць як асабістай ідэнтычнасцю, так і цяперашнім яднаючым падмуркам нацыянальнай беларускай самасвядомасці. Беларусь развівалася, змянялася, слабела і мацнела ў савецкай традыцыі, аднак ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі развівалася, змянялася, слабела і мацнела разам з ёй, у ёй, унутры пэўнай геаграфічнай прасторы, якую цяпер мы называем Радзімай. Утварэнне і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-ым годзе было ўвасабленнем вялікай мары, мары пра сваю дзяржаўнасць. Тады яна мела магчымасць спраўдзіцца, мабыць, не напоўніцу. Праз сто гадоў ад той падзеі, сёння, можна знайсці сябе ў гэтай здзейсненай мары. Напэўна, справа цяпер у тым, каб быць моцнымі з натхненнем і апантанасцю ўдасканаліць тое, што маем.

[1] Нац. арх. Рэсп. Беларусь. Ф. 60. Воп. 3. Спр. 242. Арк. 180 (звесткі прадстаўленыя ў працы «Першы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.», П. І. Брыгадзін, http://elib.bsu.by/bitstream/123456789/187459/1/37-43.pdf)

[2] Революционное движение в России после свержения самодержавия. Документы и материалы. М., 1957

[3] Канчер Е. С. Белорусский вопрос: сб. ст. Петроград, 1919.

[4] У. Арлоў «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», 2012

[5] У. Арлоў «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», 2012

[6] https://www.istoriya.org/bssr/

[7] [I-я] Ўстаўная грамата да народаў Беларусі Выканаўчага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду за 21.02.1918

[8] [I-я] Ўстаўная грамата да народаў Беларусі Выканаўчага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду за 21.02.1918

[9] [II-я] Ўстаўная грамата Выканаўчага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду за 9.03.1918

[10] [II-я] Ўстаўная грамата Выканаўчага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду за 9.03.1918

[11] [III-я] Ўстаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублік за 25.03.1918

[12] Кіпель, Я. Эпізоды = Episode / Яўхім Кіпель; Пад рэд. І. Урбановіч і З. Саўкі. Нью-Йорк, 1998. С. 20-25 (http://krytyka.by/by/page/works/uspaminy-tvory/9835)

[13] Маніхвэст Часовага рабоче-селянскаго савецкого правітельства Беларусі, 2.01.191

2 месца

Вадзім Барысевіч. Пахмелле ад першай устаўной граматы

Алесь прачнуўся ў той момант, калі яго старэнькі «Пазнякфон» першай мадэлі літаральна разрываўся ад мелодыі будзільніка. «Як у нашым у сяле ўсе крыху навесяле», — стэрэадынамік не вытрымліваў гарэзлівага голасу Вольскага ў складзе Zet і проста выдаваў какафонію, якая нагадвала нойз — дастаткова супярэчлівы музычны стыль.

«Каб цябе халера ўзяла», — буркнуў Алесь кляцьбонікам, які часцяком чуў ад бабулі, калі тая на кагосьці абуралася, адключыў будзільнік і павярнуўся на другі бок. Прачынацца ўвогуле не хацелася. За вокнамі стаяў люты — халодны месяц з цёмнай раніцай ды авітамінозным станам. «Дарэчы, летась пяць гадоў, як я начапіў на сябе важную ролю выкладчыка гісторыі Беларусі. Гісторыі без цэнзуры, партыйных унёскаў ды «правільных» параграфаў», — падумаў настаўнік і засумаваў. Час змяніўся, зарплата дзеяча адукацыі — не.

Але прычына яго стомленасці і адсутнасці ўсялякага жадання падымацца з ложка была выклікана не колькасцю вітамінаў у арганізме. Учора Алесь разам з калегамі-сябрамі трапіў на адкрыццё новай (а галоўнае — нацыянальна накіраванай) карчмы «Bałachoviec». Гаспадары зрабілі шыкоўны камерцыйны крок: прэзентацыю падрыхтавалі ў гадавіну абвяшчэння Першай устаўной граматы БНР. Маладыя настаўнікі планавалі выпіць па куфлі новага стаўта «#БНР110» і разысціся. Але ж калі гісторыкі прытрымліваліся сваіх планаў, асабліва калі гаворка шла пра алкаголь?

Памяць Алеся пачала выхопліваць дробныя ўрыўкі. Вось ім абвяшчаюць, што кожны трэці куфаль піва — бясплатны. Вось іх частуюць шотам «Жыве вечна» за кошт установы. Вось ён са слязьмі ў вачах спявае дзецюкоўскую «Забытую магілу» — хіт яго школьна-студэнцкай маладосці. Далей — жахлівы туман, які прадвяшчаў толькі адно: пусты гаманец і чарговую размову з гаспадыняй кватэры наконт адтэрміноўкі аплаты. У такіх цяжкіх, як проза Пруста, думках Алесь працягваў ляжаць, пакуль «Пазнякфон» не падаў зноўку прыкметы жыцця.

На гэты раз нехта тэлефанаваў. Смартфон быў старэнькі і часцяком не выводзіў на экран суразмоўцу. Алесь яго купіў у 2021 годзе, праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў. Перамогу тады атрымаў Зміцер Лукашэвіч — 35-гадовы беспартыйны палітык з ліберальнымі поглядамі кансерватыўнага кшталту. Па яго ўказе ў Беларусі пачалі вырабляць нацыянальна-арыентаваныя смартфоны, якія назвалі ў гонар адного з самых знакамітых палітыкаў сучаснасці.

— Алесь Анатольевіч, добрай раніцы, — прамовіў суровы жаночы голас з таго боку слухаўкі. — Я спадзяюся, вы памятаеце, што ў вас сёння класная гадзіна. На ёй вы павінны расказаць навучэнцам, наколькі ім важна прыйсці на Плошчу Францыска Скарыны 25 Сакавіка. Я разумею, што вы прыхільнік лібертарыянскіх поглядаў, усе дзяржавы — канцлагеры і г.д. Але гэты год асаблівы для Беларусі. Упершыню юбілейная дата абвяшчэння Незалежнасці БНР пройдзе на дзяржаўным узроўні. Будзе Вольскі, Міхалок, нават Саладуха заспявае «Чужую-мілую» на беларускай мове. Нам усім трэба паказаць, што беларусы — адзіны народ, з пачуццём нацыянальнага гонару і самасвядомасці. Чым большая колькасць людзей на Плошчы, тым большая упэўненасць у заўтрашнім дні.

— Так, Сцепаніда Валер’еўна, я ўсё памятаю. Абяцаю вам яўку ў найлепшых традыцыях першамайскіх дэманстрацый, — адказаў Алесь са здеклівай інтанацыяй, а ў галаве круціўся лозунг нацыстаў «Ein Volk, ein Reich, ein Führer». Сцепаніда Валер’еўна — намесніца дырэктара па выхаваўчай працы — недалюблівала маладога настаўніка. Яна была з тых старых апазіцыянераў, што крыўдавалі на любы жарт і ў якіх цалкам адсутнічала самаіронія. У свой час яна займала пасаду старшыні БНФ і была вельмі адыёзная ў выказваннях. Калі гаворка ішла пра Хэлоўін ці ЛГБТ-супольнасць, бранявік Сцепаніды Валер’еўны было не спыніць і ўсе аргументы заўжды зводзіліся да прымітыўнага «Гэта ўсё ад Сатаны!». Адзінокая жанчына, без дзяцей і мужа — Алесь ні ў якім разе не быў сэксістам, але думаў, што прычына яе сухасці крыецца менавіта ў гэтым.

Пасля званка намесніка дырэктара Алесь зразумеў: зрабіць з сябе хворага не атрымаецца, не той выпадак. Калі гаворка ідзе пра дзяржаўнае свята, настаўнікі — адны з першых, хто арганізоўвае масоўку. Таму гісторык выпіў дзве таблеткі цытрамону, выпаліў цыгарэту і адправіўся ў школу — праводзіць агіт-хвілінку сярод сваіх апалітычных вучняў.

Дарога да школы займала 15 хвілін аўтобусам, аднак Алесь вырашыў прайсціся пешшу. Ехаць з пахмелля ў грамадскім транспарце — не найлепшы шлях: унутраны верталёт можа раскрыць свае лопасці ў страўніку, і тады ад ванітаў не ўратуе нават «Грай» у плэй-лісце кіроўцы.

Малады настаўнік вырашыў прайсці праз парк Касцюшкі — месца, з якім звязана шмат успамінаў. Менавіта тут разам са сваімі аднагрупнікамі ён адзначаў першую стыпендыю. Літаральна яшчэ дваццаць гадоў таму парк называўся Міхайлаўскім, а па нядзелях анархісты ў межах міжнароднай акцыі «Food not bombs» кармілі вегатарыянскай ежай кожнага ахвотнага.

Алесь па сёння не можа зразумець, як у краіне змагла памяняцца ўлада. Усім здавалася, што Беларусь — дзяржава аднаго чалавека з шматлікай колькасцю прыватнай прыслугі. Але калі ён быў на другім курсе, прэзідэнт абвесціў аб праблемах са здароўем і жаданні пайсці на «заслужаную» пенсію. Прыкладна такі сцэнар назіралі бацькі Алеся з Расіяй, калі Ельцын прамовіў сваю знакамітую фразу «Я устал, я ухожу». Але ў адрозненні ад дзяржавы-суседкі, Беларусь не была падрыхтаваная да такога сцэнара і не знайшла свайго тырана-чэкіста.

Упершыню з 1994 года ў краіне адбыліся сумленныя прэзідэнцкія выбары. Расхістаная апазіцыя нейкім цудам знайшла сілы адкінуць свае крыўды і абраць адзінага кандыдата. Алесь і сёння сумняецца, што за Змітром Лукашэвічам не стаяла нешта больш высокае, чым проста воля народа. Беларус — чалавек недаверлівы, ён не будзе галасаваць толькі за сто тысяч працоўных месцаў і змену сімволікі.

Магчыма, гэта толькі моладзевая параноя, ўласцівая пакаленню, якое пражыло дастатковую колькасць гадоў пры дыктатуры. Але як ні круці, Алесь недалюбліваў новую ўладу. Адны перагібы змяніліся іншымі, больш прывабнымі для той часткі электарату, у галовах якой нічога няма, апроч ідэй нацыяналізму. Так, скандальны артыкул «328» па сёння застаўся без зменаў, а пра дэкрыміналізацыю марыхуаны нават не ідзе гаворка. Фактычна са зменай улады адбыўся касметычны рамонт дзяржавы. У яе з'явіўся малады і прыгожы прэзідэнт, пачалася беларусізацыя, але ў астатнім краіна ўсё яшчэ жыве пяцігодкамі і барацьбой за ўраджай.

Менавіта палітычны рэжым краіны і адыграў ролю ў выбары прафесіі тады яшчэ падлетка. Бацькі ніяк не хацелі разумець Алеся: яны ўсё жыццё працавалі на дзяржаўных прадпрыемствах і бачылі выйсце толькі ў it-сектары. Зараз настаўнік разумее, што перспектыва «кодзіць» была не найгоршай у ягоным жыцці, тым болей што ў школе ён заўсёды ўдзельнічаў у гарадскіх алімпіядах па інфарматыцы. Але тады ён пачаў знаёміцца з найноўшай гісторыяй Беларусі, чытаць артыкулы Пазняка пра Курапаты ды глядзець фільмы Хашчавацкага. Апошняй лёсавызначальнай кропкай у жыцці Алеся стала дакументальная кінастужка «Беларускі рэзыстанс», у якім расказвалі пра антысавецкі супраціў. Менавіта пасля яго ён зразумеў, што гісторыя, у адрозненні ад дакладных навук, мае глыбейшы бэкграўнд і шматслойны фундамент. Нават калі яго трэба рыць дзіцячай рыдлёўкай, гэта мае куды большы сэнс, чым чарговы аплет для фітнэс-трэнераў.

У такіх думках настаўнік падыйшоў да ўжо роднай школы № 13. Сюды ён трапіў добраахвотна (размеркаванне адмянілі адразу пасля першых незалежных выбараў). Алесь заўжды горка жартаваў, што адмена абавязковага размеркавання — бадай адзіны пазітыўны крок, які адчуў просты беларус пасля змены ўлады. Усе гэтыя перайменаванні вуліц, рэферэндумы па змене сімволікі хвалявалі толькі невялічкі працэнт нацыянальна-арыентаванага электарату. Большасць хацела зменаў у фармаце «тут і зараз», але 26 гадоў стагнацыі — тэрмін, за які нават Японія пры «ўмелым» кіраўніку магла б адкаціцца да ўзроўню Украіны часоў Еўрамайдана.

— А вось і Алесь Анатольевіч, — прамовіла Сцепаніда Валер’еўна, калі хлопец зайшоў у настаўніцкую. — Ведаеце, я вырашыла далучыцца да вашай класнай гадзіны, паглядзець, як наша сучасная моладзь пракладвае сцяжынкі да новага абыякавага пакалення.

— Ну што вы, Сцепаніда Валер’еўна, якія сцяжынкі. Рэцэпт заўсёды быў простым: кажы шчырую праўду, і людзі за табою пацягнуцца, — прамовіў Алесь. Настрой быў сапсаваны: замест класнай гадзіны ён хацеў вучням паказаць той самы «Беларускі рэзыстанс». Зараз жа прыйдзецца разважаць пра ролю новай дэмакратычнай беларускай дзяржаўнасці.

— Нічога, нічога, вы рыхтуйцеся, а я ў кутку вельмі ціхенька пасяджу, — па-змоўніцку прамовіла намесніца дырэктара. «Ага, пасядзіш, канешне ж. Цітушка яшчэ тая», — падумаў Алесь, а сам адказаў перафармуляваным выразам супрацоўніка call-цэнтра:

— Так, канешне, ваша прысутнасць вельмі важная для мяне.

Класная гадзіна

Клас аніяк не мог супакоіцца. Алесеў 9 «Г» налічваў 25 пубертатных падлеткаў, якіх спыніць можна была толькі выразам «я вас адпускаю з урока, толькі ціха». У астатніх выпадках — гэта была выбуховая маса з рогату, крыкаў з месца і другасортных жартаў. Але нягледзячы на гэта, Алесь любіў свой клас і часцяком збіраўся з імі па-за школай: хадзіў у паходы. У дзецях ён бачыў тое, чаго не было ў яго пакалення: смеласць і рашучасць. Калі ім штосьці не падабалася, яны пра гэта адразу казалі, хоць і ў дастаткова рэзкай форме. Апошняе, хутчэй за ўсё, — спадчына рэпа — жанра, які ўжо больш за дзесяць гадоў застаецца №1 у сусветнай музыцы. Калі казаць каротка, Алесь любіў і паважаў сваіх вучняў за ўнутраны і вонкавы пратэст.

— Спадарства, зараз у нас будзе класная гадзіна. Да нас прыйдзе Сцепаніда Валер'еўна. Я вас папрашу толькі пра адно: сядзець моўчкі. Вы можаце задаваць мне любыя пытанні, галоўнае — не губляйце свой і мой аўтарытэт, — прамовіў Алесь і сам сабе не паверыў. Яго клас быў адным з найбольш праблемных у школе, ды і сам ён далёка не найлепшы прыклад настаўніка. Заўсёды ў джынсах, без планаў урокаў і з татуіроўкамі на руках (якія, дарэчы, даводзілася хаваць), яго не вельмі любіла кансерватыўнае кіраўніцтва школы. Калі ён прыйшоў уладкоўвацца на працу, за яго заступіўся дырэктар са словамі «А мужыкоў нам вельмі не хапала, асабліва маладых».

— Добры дзень, 9 «Г», — Сцепаніда Валер’еўна ўвайшла адразу пасля званка. Пунктуальнасць — адна з характэрных рыс настаўнікаў за 40. — Сядзіце, сядзіце, я вам замінаць не буду, — па-сяброўску прамовіла педагог. «Канешне, не будзеш, мне зараз 45 хвілін плявузгаць пра патрыятызм», — падумаў Алесь.

— Спадарства, як вы ведаеце, праз месяц краіна адзначыць круглую дату — 110 гадоў са дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, — пачаў Алесь з урачыстай інтанацыяй тэлевізійнага прапагандыста. Ад такіх слоў яго пачало падванітоўваць. «Не, трэба казаць як ёсць: іншага шанцу не будзе, звольняць — так звольняць», — падумаў настаўнік і накіраваў гаворку ў больш сумленнае рэчышча:

— Што такое БНР я вам распавядаў на занятках. Зараз я вырашыў зрабіць акцэнт на патрыятызме. Што гэта, наогул, такое, у вашым ўяўленні? — пытанне не знайшло адказу. Алесь вучням сказаў сядзець ціха, гэты загад яны пакуль выконвалі на «дзясятку». — У гэтым паняцці заўсёды прысутнічаў дысананс. Для любога разважлівага чалавека патрыятызм мае абстрактныя карані. Ён можа заключацца ў любові да бацькоў, сваёй працы, двухпакаёвай кватэры, за якую плацяць крэдыт усе твае родзічы, і проста да краіны, якую ты крытыкуеш, але любіш яе дзіцячыя пляцоўкі з іржавымі горкамі ды няўдзячнымі арэлямі. Усё проста: іржа з’яўляецца каталізатарам для развіцця патрыятызму. Узяў пэндзлік, пафарбаў горку — і вось праява любові да краіны ў лакальным выглядзе. Ты бачыш праблему і спрабуеш яе вырашаць. Чалавечы патрыятызм амаль ніколі не перасякаецца з дзяржаўным, — у горле Алеся перасохла, але вады, як на злосць, у класе не было.

— Для дзяржавы патрыятызм — гэта інструмент. Пачну здалёк: бачыце за Сцепанідай Валер’еўнай партрэт Зянона Пазняка? — намесніца дырэктара ўжо сядзела як на іголках, а зварот увагі на любімага ёю Зянона ўвогуле прывеў да чырвані твару і пускання жаўлакоў. — Дык вось у маім дзяцінстве прыкладна на гэтым месцы вісела выява першага прэзідэнта Беларусі. Напэўна, вы ведаце, што ў свой час яго называлі «бацька». Дык вось, дзяржава для народа — гэта свайго рода бацькі. Але не родныя — прыёмныя. Камусьці шчасціць больш, і бацькі асабліва не ўмешваюцца ў лёс сваіх дзяцей: яны наладжваюць мяккі выхаваўчы працэс, у якім народ адчувае сябе больш-менш самастойнай адзінкай. Але ў выпадку з нашай краінай, патрыятызм — жорсткі выхаваўчы інструмент. Калі я быў школьнікам, дзяржава прымушала нас хадзіць штогод на рознага кшталту мітынгі, радзей — на хакей з удзелам каманды прэзідэнта. Пасля па тэлевізары нас паказвалі як патрыятычную моладзь што любіць сваю дзяржаву. Такім чынам, яна сваім прымусовым метадам спрабавала выхаваць з нас людзей на свой капыл.

Мы з вамі жывём у 2028 годзе. Хутка мы адзначым 110-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Незалежнай Рэспублікі. На ўроках гісторыі я вам распавядаў пра драматычныя падзеі таго часу: людзі сапраўды гінулі за незалежнасць. Вайна — жорсткі перыяд, і нашы продкі не заўсёды паводзілі сябе карэктна. Яны таксама затуляліся ідэямі патрыятызму і нярэдка гэта прыводзіла да не надта добрых наступстваў. Напрыклад, героя Беларусі Булак-Балаховіча нельга назваць «святым»: вакол яго шмат супярэчнасцяў і чутак. Але падчас вайны няма добрых і злых, сваіх і чужых. І без таго складаны свет ператвараецца ў вялікі камяк супрацьлегласцяў. Але навошта нам дзяржаўны патрыятызм у мірны час? Навошта нам перагібы?

— Якія перагібы, Алесь Анатольевіч, — запытаўся Алег, адзін з самых моцных вучняў. — У нас ёсць незалежныя СМІ, развіваецца малы бізнес. Лічы, Еўропа!

— Добрае пытанне, Алег. Я адкажу на яго, нават калі мяне пасля гэтага звольняць, — сказаў Алесь, убачыўшы, як напружылася і без таго нервовая Сцепаніда Валер’еўна. — Я казаў, што ў маім дзяцінстве нас заганялі на мітынгі ды іншыя культурна-асветніцкія мерапрыемствы. Дык вось, сёння я павінен данесці да вас інфармацыю пра тое, наколькі вам важна прыйсці на святочны канцэрт 25 Сакавіка. То бок, я павінен зрабіць тое ж самае, што са мной рабілі мае настаўнікі. Замест таго, каб развівацца, чытаць кнігі і проста адпачываць, я павінен прымусіць вас прыйсці на мерапрыемства, важнасць якога вы не разумееце, а калі і разумееце, то самі прыйдзеце добраахвотна, без усялякіх подпісаў і званкоў вашым бацькам.

У чалавека заўсёды павінны быць выбар. Любы прымус з боку дзяржавы — сведчанне таталітарнай хваробы. Дзесяць гадоў таму на сцэне каля Опернага тэатра адбылося сапраўднае свята незалежных беларусаў. Святкаванне 100-годдзя БНР выглядала натуральна: там не было выпадковых людзей, калі не лічыць мужычкоў у цывільным. І калі вы не разумееце, навошта вам трэба ісці на мерапрыемства, — не ідзіце. Лепш праявіце свой лакальны патрыятызм і адрамантуйце з бацькамі лаву каля пад’езда. У адваротным выпадку свята незалежнасці ператворыцца ў чарговы фэйк. Не сілай, а розумам. Не колькасцю, а якасцю! — амаль пракрычаў Алесь і заўважыў, як дзеці ўсталі і заапладавалі. Гэта было нечакана і прыемна, але Сцепаніда Валер’еўна не дала атрымаць асалоду ад моманту:

— Да мяне ў кабінет, хутка, — прасіпела яна.

— Вы што сабе дазваляеце? Вы разумееце, наколькі нам важна паказаць карцінку для Еўропы, а тым больш для Расіі? Каб яны пабачылі, што беларусы абралі новы шлях развіцця, што мы ніякія не фашысты, а людзі, якія паважаюць і любяць краіну. А ўвогуле, нічога не хачу ад вас чуць, я ўжо наслухалася. Пішыце заяву, ад сёння вы больш не працуеце. Дакументы мы вам вышлем па пошце, — адчэканіла намесніца і ўсім сваім выглядам дала Алесю зразумець, што дыялог скончаны. 

— Вы сказалі пра тэлевізійную карцінку, але чым тады цяперашняя ўлада лепшая за мінулую? Што тут казаць, праца настаўніка — гэта суцэльныя пакуты, якія суправаджаюцца адзінай плюшкай у выглядзе падоўжанага адпачынку. Да пабачэння, Сцепаніда Валер’еўна. — Да пабачэння, — суха прамовіла намесніца. За свой 50-гадовы ўзрост яна пабачыла шмат такой моладзі, якая заўсёды імкнецца да нейкіх абстрактных гуманістычных ідэалаў, для якіх ў жорсткім сусвеце намесніцы не было месца.

25 сакавіка 2028 года

Алесь, хутка ўключай стрым «Свабоды», — гарлапаніў у слухаўку Міхась — калега, сябра і проста добры чалавек, з якім прыемна выпіваць.

Што табе трэба? Чаго я там не бачыў? — прабармытаў Алесь. За месяц ён амаль не выходзіў з хаты. Ён бачыў у гэтым свайго рода перасэнсаванне жыцця шляхам нон-стоп самакапання. На самай справе гэта быў звычайны запой.

Я табе кажу, уключай, няма часу тлумачыць, — голас звычайна спакойнага Міхася быў усхваляваным. Алесь зайшоў на старонку «Cвабоды» ў фэйсбуку і ўключыў прамую трансляцыю. Тое, што ён пабачыў, прымусіла яго нават падняцца з ложка. Буйным планам былі паказаныя яго вучні. У руках яны трымалі плакаты «Рукі прэч ад гісторыка» і «Алесь — сумленны педагог». Вакол іх ўжо было каля дзесятка рэпарцёраў, якія наперабой задавалі пытанні.

Алё, ну што скажаш? — у голасе сябра адчувалася весялосць і нават нейкая зайздрасць. — Пакуль ты ператвараўся ў Талстога пакойнага тыпу, адзін з тваіх вучняў выклаў ролік з тваім спічам на ютуб. Але яго паглядзелі пару соцень чалавек. Сітуацыя змянілася сёння, калі твой 9 «Г» уключыў рэжым актыўнага супраціву.

Тут Алесь пачуў, што нехта тэлефануе па другой лініі.

— Міхась, потым патэлефаную, — адказаў хлопец і адразу пераключыўся.

— Алесь Анатольевіч, добры дзень, — прамовіў салідны голас. — Вас турбуе Мікалай Уладзіміравіч, дырэктар 13-й школы, мо не забылі яшчэ? — нервова ўсміхнуўся дырэктар.

— Ну як я магу забыць сваё першае і пакуль апошняе месца працы. Канешне, памятаю.

— Алесь Анатольевіч, па-першае, віншую вас са святам. Па-другое хачу папрасіць прабачэння за Сцепаніду Валер’еўну. Яна не павінна была сама прымаць рашэнне аб вашым звальненні. Я бачыў ваш выступ на класнай гадзіне ў інтэрнэце. Вельмі смела і рэзанансна, але мне спадабалася. Разумееце, наша пакаленне не прывыкла да кардынальных зменаў. Мы заўсёды жылі па прынцыпе «абы чаго не выйшла». А настаўнікі да гэтай фразы далучалі прафесійны аспект: «абы чаго не выйшла з намі і нашымі вучнямі». І як бы гэта ні пафасна гучала, але ўчынак вашых вучняў — самы яскравы прыклад волі на Дзень Волі. Вяртайцеся назад у школу. Калі справа ў грошах, то літаральна праз месяц пачынаецца новая рэформа адукацыі, якая прадугледжвае прыемныя бонусы, у тым ліку і матэрыяльныя.

— Справа нават не ў заробку, — прамовіў Алесь. Ён быў прыемна ўражаны тэлефанаваннем дырэктара. Звычайна той заўсёды хаваўся за таўстаскурымі спінамі намесніц, а зараз бачна, што нармальны мужык. — Мне вельмі падабаецца выкладаць гісторыю. Я і паступіў на гістфак, каб даводзіць да дзяцей не проста сухія параграфы, але яшчэ знаходзіць паралелі ў сучаснасці. Я разумею, што мой учынак, мабыць, не ўпісваўся ў існуючыя дзяржаўныя парадыгмы, але яны для таго і існуюць, каб іх змяняць, а часам і разбураць.

 — Я цалкам з вамі згодны! — праявіў энтузіазм па той бок слухаўкі Мікалай Уладзіміравіч. Так што, заўтра вас чакаць? 9 «Г» не хоча больш нікога слухаць, а першым прадметам заўтра стаіць гісторыя.

— Так, я выйду. Мне ж трэба чымсьці кватэру аплачваць, — гарэзліва адказаў Алесь і развітаўся з дырэктарам. На душы, як і за акном, было сонечна. Учынак вучняў саграваў эга хлопца, але ў першую чаргу ён ганарыўся гэтым перфомансам як праяўленнем грамадскай актыўнасці. Яго пакаленне заўсёды было апалітычным: уся незадаволеннасць уладай зводзілася да немагчымасці распіваць піва ў грамадскіх месцах. Тут жа ён убачыў не толькі крэатыўныю акцыю, а сапраўдны інструмент, які становіцца каталізатарам для пазітыўных зменаў. Адна акцыя выратавала настаўніка ад дэпрэсіі і самаразбурэння. Вось ён, прыклад лакальнага патрыятызму, які плаўна пераходзіць на ўзровень дзяржавы і дае ёй зразумець, што народ — самастойная адзінка, якая фармуе дзяржаву, а не наадварот. 

З такімі важнымі думкамі Алесь упершыню за два тыдні выйшаў у краму. На вуліцы стаяла сапраўднае вясновае надвор’е. Настаўнік заўсёды любіў вясну: у гісторыі чалавецтва гэта час сур’ёзных пераменаў. Сённяшняя сітуацыя толькі пацвердзіла існуючае гістарычнае правіла. І тое, што ён вяртаецца на былое месца працы, — не прыкмета яго кансерватызму. Гэта яшчэ адзін крок насустрач чалавечнасці і ідэалістычнаму светаўяўленню амаль трыццацігадовага хлопца.

3 месца

Яна Вольская. Ленін думае пра Беларусь

Міні-п’еса

Службовы пакой. На падлозе ляжыць Сталін. Уваходзіць Ленін, спатыкаецца аб Сталіна, падае. Ляжыць.

Сталін. А почему это, дорогой товарищ, вы упали и лежите?

Ленін. Вот у вас не спросил, батенька. Нравится мне, вот и лежу. Отдыхаю, так сказать, после тяжелого рабочего дня.

Сталін. Однако, наш рабочий день еще не кончился. Может быть, поработаем, дорогой товарищ? Придвигайтесь поближе.

Ленін прысоўваецца. Сталін павольна набівае тытунем люльку. Запальвае. Уздымаецца слуп дыму.

Ленін. Голубчик, это что же вы себе позволяете? Почему это я должен нюхать это ваше, извините, говно?

Сталін. Это, уважаемый товарищ, никакое не говно, а отборный табак. «Герцеговина флор» называется.

Ленін. А-а, тогда ладно. Употребляйте.

Сталін. Тут нам, дорогой товарищ, радиотелеграмма пришла. Из Киева.

Ленін. И че там у хохлов?

Сталін. Пришла, уважаемый товарищ, из Киева, но не от, как вы выразились, хохлов.

Ленін здымае з галавы кепку, пад ёй, як высьвятляецца, быў мярзаўчык. Ленін прагна каўтае і вяртае ўсё на месца.

Ленін. Из Киева? И не от хохлов? Тогда от кого? От жидов, поди? (Сьмяецца)

Сталін. От белорусов.

Ленін. Это что еще за белорусы такие? Это которые северо-западный край?

Сталін. Вроде того, дорогой товарищ.

Ленін. И че, и че? Че пишут?

Сталін. А то пишут, что они теперь не северо-западный край, а Белорусская Народная, понимаете ли, Республика.

Ленін. Чушь какая! Расстрелять! Schiessen sie alle!

Сталін. Как же мы их расстреляем, если мы тут, а они там?

Ленін. Где там?

Сталін. Даже не знаю. В Киеве? Или в Минске? Или в Могилеве?

Ленін. Да, пока что расстрелять не получится.

Дзьверы адчыняюцца. З-за дзьвярэй чуваць голас.

Голас. Товарищи, к вам товарищи из Белоруссии.

Дзьверы зачыняюцца. Сталін і Ленін падскокваюць з падлогі. Адзін хаваецца за шафай, другі прысядае на кукішкі за стол. Заходзяць два заснавальнікі БНР.

Цьвікевіч. Дзень добры, шаноўныя таварышы!

Рак-Міхайлоўскі. Дык тут няма нікога.

Цьвікевіч. А дзе яны?

Рак-Міхайлоўскі. Халера іх ведае.

Цьвікевіч. Дык а што мы скажам, як вернемся?

Рак-Міхайлоўскі. Ну, так і паведамім, маўляў, не прынялі нас.

Цьвікевіч бярэ пап’е-машэ са стала. Кладзе ў партфэль.

Цьвікевіч. Хоць нешта з гэтай Расеі дахаты прывезьці.

Рак-Міхайлоўскі. Паехалі, братка, дадому. А то як там бяз нас будуць сварыцца, разгаліноўвацца і раздрабняцца?

Цьвікевіч. І тое праўда. Хадзем згэтуль!

Выходзяць.

Ленін выпаўзае з-за стала. Сталін з-за шафы. Ленін прыкладаецца да мярзаўчыка. Сталін запальвае.

Ленін. Странные какие-то субъекты. И язык у них странный.

Сталін. Это правда, дорогой товарищ.

Ленін. Сами, поди, язык этот придумали?

Сталін. Не исключено.

Кладуцца побач.

Ленін. Я намедни, батенька, такой странный сон видел…

Сталін. Какой же, уважаемый товарищ?

Ленін. Что лежим мы с вами, вот как сейчас, в каком-то здании. И целая очередь людей стоит, чтобы на нас посмотреть.

Сталін. И правда странный сон. Но мы же материалисты, в сны не верим.

Ленін. Что правда, то правда.

Заслона.

24
Нехта / Ответить
13.11.2018 / 12:19
Я так понимаю, на конкурс было отправлено три работы
30
Паэт / Ответить
13.11.2018 / 12:53
редкостный бред

9
Гарны лось / Ответить
13.11.2018 / 13:19
У гэтай п'есе штосьці ёсьць. Аўтар кароткага тэксту здолеў перадаць асаблівасьці галоўнага героя Леніна пра тое, як той мог "думаць пра Беларусь." А менавіта праз прызму, а дакладней акуляры, - растраляць. Затое помнікаў гэтаму беларускаму герою супраціву ў краіне, як нікому іншаму.   
Показать все комментарии/ 10 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера