У 2017 годзе вядомы бізнэсмен Віталь Арбузаў і яшчэ 11 чалавек былі затрыманыя. Абвінавачанні для беларускага бізнэса стандартныя: нясплата падаткаў, крадзеж праз злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Арбузаў — кіраўнік групы кампаній Fenox, якая валодала крамамі «Прэстан», гандлявала аўтазапчасткамі, інвеставала ў нерухомасць.
Праз год Арбузаў і іншыя затрыманыя (акрамя аднаго) выйшлі на волю. Але на маёмасць і рахункі быў накладзены арышт. У тым ліку і на аўтамабілі. А нядаўна журналісты парталу abw.by заўважылі шыкоўны арбузаўскі «Бэнтлі Брукландс»на распродажы канфіскаваных машын.
Машыне 10 гадоў, прабег для такога ўзросту зусім невялікі, усяго 63 тысячы кіламетраў. Колер — фіялетавы. Усяго было выпушчана толькі 550 такіх аўтамабіляў.
Ацэньваюць аўто ў 300 тысяч беларускіх рублёў. Нядаўна цана складала 315 тысяч, але ахвотных не знайшлося, і машыну пераацанілі.