Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых паслоў Беларусі ў Венгрыі, Сірыі і Індыі. Адпаведныя кадравыя рашэнні кіраўнік дзяржавы прыняў 13 лістапада, піша БелТА.
Паслом Беларусі ў Венгрыі і па сумяшчальніцтве ў Босніі і Герцагавіне прызначаны Аляксандр Панамароў.
Беларускую дыпмісію ў Сірыі ўзначаліць Юрый Слука. Ён таксама па сумяшчальніцтве будзе паслом Беларусі ў Іарданіі і Ліване.
Андрэй Ржэўскі прызначаны паслом Беларусі ў Індыі і па сумяшчальніцтве ў Шры-Ланка.
Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне шэрагу новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады.
На пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама ўзгоднена кандыдатура Генадзя Салаўя, які да цяперашняга часу працаваў на пасадзе старшыні Нясвіжскага райвыканкама.
Мікалай Кароцін, раней дырэктар РУП «Праектны інстытут Магілеўгіпразем», будзе працаваць першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.
Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне кіраўнікоў раёнаў. Чачэрскі райвыканкам узначаліць Юрый Дзеркачоў, Андрэй Бараноўскі зойме пасаду старшыні Акцябрскага райвыканкама, старшынёй Шумілінскага райвыканкама стане Алег Быкаў. Усе яны раней працавалі ў мясцовай вертыкалі ўлады на розных пасадах.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне Івана Рабкаўца на пасаду старшыні Пінскага гарвыканкама. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе намесніка міністра транспарту і камунікацый.
Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне Арцёма Шэгідзевіча рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
Акрамя таго, на пасаду рэктара Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ўзгоднены Валерый Наўныка.