13.11.2018 / 15:48

Хто стане музычнымі «Героямі года — 2018»? Арганізатары прэміі аб'явілі шорт-ліст АЎДЫЯ 2

12 сьнежня ў прасторы Lo-Fi Customs партал TuzinFM справіць 15-годзьдзе сваёй дзейнасьці і ўзнагародзіць адкрыцьцё і найлепшы гурт гэтага году. У шорт-лісьце намінацыі «Найлепшы гурт» сёлета шасьцёра прэтэндэнтаў.

Пры вызначэньні намінантаў на «Гурт (выканаўца) году» улічваецца шэраг складнікаў, сярод якіх да ўвагі найперш бярэцца творчая і мэдыйная актыўнасьць: рэлізы, гастролі, сольныя канцэрты, удзел у фэстах, актыўнасьць у сацсетках, посьпех у чартах. Ну, і вядома, арыгінальнасьць і актуальнасьць. Намінавацца на «Герояў» у адрозьненьне ад «Адкрыцьця» можна бясконца. Наяўнасьць беларускай мовы ў песьнях зьяўляецца пажаданым, але не вызначальным крытэрам.

Нагадаем ранейшых «Герояў году». У 2004—2005, 2007—2011 гадах узнагароду атрымліваў пераможца ў выніковым галасаваньні сэзону за «Найлепшую песьню». Гэты былі: «Крамбамбуля» (песьня «Люблю», 2004), Zet (песьня «Белакрылы анёл», 2005), рок-паэт Міхал Анемпадыстаў (2006), N.R.M. (песьня «Менск і Мінск», 2007), «Глюкі» (песьня «АntiEMO», 2008), «Ляпіс Трубяцкі» (песьня «Зорачкі», 2009), «Глюкі» («Краіна 2.0», разам з Mauzer і Green Che, 2010), «Ляпіс Трубяцкі» (песьня «Грай», 2011). Першымі статус менавіта «Герояў году» атрымаў гурт Akute (2012), у 2013-м прэмію заслужыў гурт Re1ikt, у 2014 годзе — Dzieciuki, у 2015-м — «Крамбамбуля», у 2016-м — Сяргей Доўгушаў і гурт Vuraj, летась — TonqiXod.

Сёлета ў намінантах шасьцёра прэтэндэнтаў.

ДАЙ ДАРОГУ!

Сёлета берасьцейская панк-рок каманда справіла 20-годзьдзе. Юбілей адзначылі фантастычным канцэртам у Prime Hall, паводле якога быў зьняты музычны фільм. Стыльскі з кампаніяй зайгралі выдатныя сэты на шэрагу фэстаў, сярод якіх «Рок за Баброў»«Наш дзень», Лідскі байк-фэст, украінскі Atlas Weekend. Лідэр ДД! даваў і сольныя выступы, узяў удзел у канцэрце да 100-годзьдзя БНР, стаў запрошаным вакалістам гурта «Крамбамбуля»паўдзельнічаў у джазавым навагоднім праекце з гуртом Apple Tea і ў канцэрце памяці Аляксандра Кульлінковіча. Гурт таксама прэзэнтаваў яскравыя кліпы на новыя песьні — «Тома» і «Помоги». Агулам жа апошнія два гады музыкі аб’езьдзілі з турам «Соцпакет», куды ўвайшлі найбольш вострыя гіты з усіх альбомаў, Беларусь, Украіну, зазірнулі ў Польшчу і Чэхію. Ва Ўкраіне дык наогул ДД! адна з самых запатрабаваных камандаў на фэстывалях.

Аўдыё Відэа Фота

BY CRY

Каманда на чале з вакалісткаю Аляксандрай Грахоўскай на кожную сваю новую песьню здымае кліп. (Прычым сама Аляксандра як правіла выступае рэжысэркаю). Такім чынам за апошнія два гады пабачыла сьвет 12 відэа. Найбольш уражваюць ролікі «Ведзьміны вочы»«А ты ехаў» і «Душа-яліна». Сёлета гурт таксама прэзэнтаваў некалькі сынглаў («Гімн», «Купала», «Замова») і даў шэраг канцэртаў у Менску ды ў іншых беларускіх гарадах, а таксама перамог у конкурсе «Камянецкі драйв-2018».

Аўдыё Відэа

ПЕТЛЯ ПРИСТРАСТИЯ

Пасьля магутнага альбому «Мода и облака» (2016) гурт выдаў усяго толькі тры сынглы. Затое якія! Здавалася, што пасьля песьні «Груз» нічога мацней запісаць ня можна, аднак сёлета зьявіўся «Цветок» і «Лучшее завтра», гіты надзвычайныя. А ўвосень летась выйшаў яшчэ «Минотавр». Сёлета гурт даў пасьпяховыя канцэрты ў Менску, Пецербургу, Кіеве, Віцебску, Магілёве, Маскве, Варшаве, Рызе, выступіў на фэстах «Рок за жыцьцё»FSP, «Магутны фэст» у Браславе ды стаў адным з гэдлайнэраў «Басовішча». Да ўсяго паводле сёлетняга апытаньня Experty.by адразу два альбомы «Петли» трапілі ў топ-10 найлепшых беларускіх дыскаў 10-годьдзя.

Відэа Аўдыё

АЛЕСЬ ЯСІНСКІ

фота Jindrich Oplt

Кампазытар, баяніст, выканаўца Алесь Ясінскі ўжо восем год як жыве ў Чэхіі, але сувязь зь Беларусьсю ды беларускай музыкаю ў яго трывалая. Ён выступаў у якасьці баяніста і суаўтара песень у шэрагу беларускіх гуртоў, сярод якіх «Героі году-2016» Vuraj. Зацьвердзіў сябе і сам як аўтар-выканаўца — у 2014-м Алесь узяў Гран-Пры «Бардаўскай восені». Мае таксама інструмэнтальны праект The Unlimited Trio, а сёлета аб’яднаўся з чэскімі музыкамі ў праект «Maresova Yasinski Vasicek». Cёлета таксама Алесь напісаў музыку да спэктаклю «Паветраны зьмей», запісаў сумесны альбом зь Сяргеем Доўгушавым «Дарогі». Ягоныя прэзэнтацыі адбыліся ў Баранавічах, Менску, Магілёве, Віцебску, Берасьці. У Воршы канцэрт забаранілі, таму музыкі далі там кватэрнік. Найбольш маштабны аўтарскі праект Алеся, які быў рэалізаваны сёлета — «Касьмічнае падарожжа», у якім задзейнічаныя вядомая польская сьпявачка, культавы швэдзкі гітарыст, беларускі мультыплікатар, чэскі актор і цэлы сымфанічны аркестар Праскай кансэрваторыі.

Відэа

NIZKIZ

Сёлета магілёўскі гурт зьбіраў поўныя залі практычна ва ўсіх гарадах у межах свайго беларускага туру, а на канцэрт у Менску квіткі на тысячную залю скончыліся яшчэ за месяц да канцэрту. Былі і пасьпяховыя сольнікі іншых беларускіх гарадах, а таксама ў Маскве і Піцеры. Каманда таксама перамагла ў беларускім адборы ды выступіла на буйнейшым украінскім фэсьце Atlas Weekend, а таксама стала госьцем вялікіх беларускіх опэн-эйраў LidBeer i Viva Braslav. З рэлізаў — два шыкоўныя сынглы: «Интроверт» і «Люстэрка». Над апошнім музыкі працавалі разам з партугальскім прадусарам Даніэлем Кардоза. На «Люстэрка» і на найлепшы гіт-2017 на TuzinFM «Небясьпечна» сёлета выйшлі кліпы. «Небясьпечна» ужо мае больш за 250 тысячаў праглядаў.

Аўдыё Відэа

PALINA

Cваё новае гучаньне ды іншы творчы фармат Паліна Рэспубліка праанансавала яшчэ пазалетась у жывым сэце для Belsat Music Live. Сёлета сьпявачка зьмяніла псэўданім — цяпер яна проста Palina — і прэзэнтавала першыя за тры гады маўчаньня песьні: «Бродский» на словы ўласна Ёсіфа Бродзкага і першы ў жыцьці трэк па-ангельску «Good Girl», запісаны разам з гуртом Nite Nite Nite, тызэр «Расту» да конкурсу «Засьпявай-5». Яна дала канцэрты ў Менску, Гародні, Віцебску, Гомелю, выступіла на буйных фэстах «Дикая мята» у Расеі і Zaxidfest ва Ўкраіне, у лістападзе ў яе канцэрты ў Харкаве і Кіеве. Выступ Паліны на кастынгу на ўкраінскае тэлешоў «X-фактар» выклікаў фурор: авацыі гледачоў, адзінагалоснае ўхваленьне судзьдзяў і больш за чвэрць мільёна праглядаў.

Аўдыё Відэа Фота

NEURO DUBEL

Па-за конкурсам. Гурт, які скончыў свой шлях пасьля сыходу ў іншы сьвет свайго лідэра Аляксандра Кульлінковіча. Яны героі беларускага року. Назаўжды.

Пераможца ў намінацыі «Найлепшы гурт году» (як і ў намінацыі «Адкрыцьцё году») будзе абвешчаны на партале TuzinFM.by 1 сьнежня. Менавіта ён выступіць з жывым сэтам на 15-годзьдзі «Тузіна» 12 сьнежня ў прасторы Lo-Fi Customs (вул.Кастрычніцкая 16/3, уваход з боку р.Сьвіслач праз чорную брамку, пад’езд з надпісам «Dvor», другі паверх).

НАБЫЦЬ КВІТОК

Квіткі на вечарыну «Героі году» ужо ў продажы. Да абвяшчэньня пераможцы квіткі можна набыць па 10 руб. Пасьля абвяшчэньня іх кошт падвысіцца да 20 руб., у дзень мерапрыемства — 25 руб.

2
Ягор / Адказаць
13.11.2018 / 17:53
Мне здаецца Петля Пристрастия больш за ўсіх заслугоўвае каб быць героем году
1
Вазьму твой боль / Адказаць
14.11.2018 / 16:52
Толькі "Пятля", толькі хард-кор!) 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру