13.11.2018 / 17:41

Беларускамоўны пасол, балетмайстар Купалаўскага: пяць фактаў пра новых прызначэнцаў Лукашэнкі 7

Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада правёў кадравы дзень. Пра некаторых з новых постацяў можна пачытаць у нашым матэрыяле.

З Дамаска — у Будапешт

Аляксандр Панамароў. Фота facebook.com.

Не такі ўжо і часты выпадак. Аляксандр Панамароў ад 2014 года працаваў паслом Беларусі ў гарачай Сірыі. Звычайна ў такіх выпадках дыпламатаў вяртаюць назад на радзіму, а ўжо праз нейкі час выпісваюць новую замежную камандзіроўку. Панамароў жа адразу прызначаны паслом у Венгрыі.

Аляксандру Панамарову 43 гады, ён мінчук. Вучыўся ў Акадэміі кіравання (1996). Адразу па сканчэнні ВНУ трапіў у МЗС. Працаваў там ва ўпраўленні міжнароднай бяспекі і кантролі над узбраеннямі.

Першую замежную місію Панамарову даверылі ў 2007 годзе, калі ён з’ехаў дарадцам прадстаўніка Беларусі ў ААН у Жэневе. Па вяртанні зноў працаваў у тым самым упраўленні міжнароднай бяспекі пры МЗС. Апошнім месцам працы была Сірыя.

Лёгкай працу ў Сірыі ніяк не назавеш: у краіне вядзецца грамадзянская вайна, у якую ўцягнутыя многія краіны свету. У 2016, калі армія Асада вызваліла прыгарады Дамаска, Панамароў напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Вялікая палёгка для ўсіх, хто доўгія шэсць гадоў жыў у сталіцы пад пагрозай абстрэлаў». Мабыць, меў на ўвазе і сябе.

Арцём Панамароў у Сірыі. Фота vk.com.

Адметна, што частку допісаў у сацсетках Панамароў робіць па-беларуску. У дыпламата двое сыноў — Уладзімір і Арцём. Малодшы Арцём выстаўляе ў сваім акаўнце Укантакце шмат здымкаў з сірыйскіх гарадоў.

Сын намесніка кіраўніка Адміністрацыі

А вось новым паслом Беларусі ў Сірыі стаў Юрый Слука. Да апошняга часу ён узначальваў службу дзяржаўнага пратаколу пры МЗС.

Юрый — сын вядомага беларускага чыноўніка і выкладчыка Алега Слукі. Напрыканцы існавання СССР Алег Слука з’яўляўся дэканам факультэта журналістыкі БДУ. У 1995 стаў працаваць намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Ад 1997 быў намеснікам міністра адукацыі.

У МЗС Слука быў намеснікам начальніка консульскага ўпраўлення. Пазней — консулам Беларусі ва Украіне. Цяпер у яго першая самастойная місія.

У Міністэрстве культуры балетмайстар замест ідэолага

Наталля Карчэўская з Канстанцінам Міхаленкам. Фота facebook.com.

Мы ўжо пісалі, што скандальная Ірына Дрыга пакінула пасаду першага намесніка міністра культуры. Яе месца заняла Наталля Карчэўская.

Спадарыні Наталлі 44 гады, яна родам з Мінска. Скончыла Інстытут культуры, кандыдат мастацтвазнаўства. У родным універсітэце яна і працавала. Апошнім часам з’яўлялася першым прарэктарам. Да гэтага працавала дэканам факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. Навуковыя інтарэсы — гісторыя і тэорыя харэаграфічнага мастацтва.

Карчэўская з’яўляецца харэографам у многіх спектаклях Купалаўскага тэатра. Напрыклад, у «Дзвюх душах», «Местачковым кабарэ», «Лістапад. Андэрсен».

Сын Аляксей падпісаны ў сацыяльных сетках па-беларуску. Ён вучыцца ў Акадэміі музыкі. Цяпер яна ў стасунках з акцёрам Канстанцінам Міхаленкам, ён маладзейшы за яе. У пары ёсць сын Фёдар.

Канстанцін Міхаленка посціць у сацыяльных сетках такія вершы: «Ці плачу я, ці пяю, // Ці размаўляю з матуляю — // Песню сваю, мову сваю // Я да грудзей прытульваю».

Тры пасады за тры месяцы, праз Мінск у Пінск

Іван Рабкавец. Фота «Медыя-Палессе».

Старшынёй Пінскага райвыканкама стаў Іван Рабкавец. Пры гэтым ён застаецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. На парламенцкіх выбарах 2016 года яго зрабілі пераможцам па Пінскай сельскай акрузе з вынікам 77,1%.

Да свайго абрання ў парламент Рабкавец доўгі час займаў пасаду дырэктара Пінскага аўтобуснага парка. А літаральна 31 жніўня 2018 года Рабкаўца паставілі намеснікам міністра транспарту. Выходзіць, што на гэтай пасадзе ён прабыў усяго 2,5 месяца. А цягам апошніх трох месяцаў пабыў у трох розных крэслах.

Рабкаўцу 43 гады, ён родам з Лунінца. Скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Гадуе дзвюх дачок.

Новыя першыя намеснікі ў эканоміцы і фінансах

Аляксандр Чарвякоў. Фота з сайта Міністэрства эканомікі.

Аляксандр Чарвякоў стаў першым намеснікам міністра эканомікі. Яму 52 гады, а родам з Бабінічаў Аршанскага раёна. Вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Да 2010 года з’яўляўся выкладчыкам у сваёй альма-матар.

У 2010 узначаліў Навукова-даследчыцкі эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі. У 2017 стаў намеснікам міністра. Чарвякоў, як і большасць цяперашніх супрацоўнікаў Мінэканомікі, мае рэпутацыю рыначніка. Пры гэтым ён шмат супрацоўнічае з незалежнымі эканамічнымі цэнтрамі.

Юрый Селіверстаў усё жыццё адпрацаваў у Міністэрстве фінансаў. Фота belta.by.

Юрый Селіверстаў заняў крэсла першага намесніка міністра фінансаў. Яму 40 гадоў, ён мінчук. Вучыўся ў Наргасе і Акадэміі кіравання. Адразу пасля вучобы трапіў на працу ў Міністэрства фінансаў. Узначальваў упраўленне бюджэтнай палітыкі ведамства. А 2015 — намеснік міністра. 

Зміцер Панкавец

7
РМ / Адказаць
13.11.2018 / 18:28
В добрый путь!
7
HENRIK KWINTA / Адказаць
13.11.2018 / 19:28
НАДЗЯ БУДЗЕ СТАВИЦЬ ЛУКАШЭНКАУСКИЯ СПЕКТАКЛИ ЗА МЯЖОЙ (чудные дела твои господи)
5
Ёпрст / Адказаць
13.11.2018 / 23:06
Калі Рыгоравіч пачне рабіць стаўку на беларускіх грамадзян па паходжанню, то гэта добра! Нашыя бюракраты вельмі добра разумеюць усе пагрозы ад рэжыму Пуціна для іх асабіста, толькі публічна ніколі пра гэта не скажуць. Ім патрэбна упэўненасць у будучыні, у тым ліку для іхніх нашчакадкаў! А гэтая упэўненасць грунтуецца на планетарных, а не на расейскіх, прынцыпах! Дык і Рыгоравіч гэта вельмі добра разумее, не лічіыце яго за дурня:-). Іншая рэч, як ён будзе адпаўзаць ад гэтага "Цітаніка"
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру