Другакурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Рустам Рагімаў затрыманы. Ён нанёс некалькі ўдараў нажом 21-гадоваму мінчуку.


Адбылося ўсё ўвечары 12 лістапада.
Ад траўмаў пацярпелы памёр. 18-гадовага Рагімава змясцілі пад варту. Вядома, што ён быў п’яны.
Па чутках, канфлікт мог адбыцца праз дзяўчыну.
Студэнты кажуць, што Рагімаў паехаў высветліць адносіны з хлопцам-беларусам. Прычынай былі сімпатыі да першакурсніцы з Акадэміі.
Дакладнай інфармацыі пра канфлікт студэнты не маюць. Але ўзгадваюць, што беларус хацеў папрасіць Рагімава адчапіцца ад дзяўчыны. Рустам пагадзіўся сустрэцца і пагаварыць, але нібыта ўзяў з сабой некалькі знаёмых студэнтаў-замежнікаў.
Пасля іх таксама затрымалі, але пазней выпусцілі. Пад вартай застаўся адзін Рагімаў.
Вядома, што ў інтэрнаце Акадэміі ўчора былі сілавікі.
«Я прачнуўся, гляджу — амапаўцы гуляюць па інтэрнаце», — распавёў адзін са студэнтаў.
Новапрызначаны рэктар Акадэміі Арцём Шагідэвіч не пацвярджае, але і не абвяргае здарэнне: «Такой інфармацыяй я не валодаю. Калі штосьці і здарылася, то не на тэрыторыі Акадэміі».
Каментары