У васямнаццаці гарадох Беларусі рушыць грамадзкая акцыя па забесьпячэньні дзіцячых дамоў‑інтэрнатаў літаратурай на роднай мове. Яна стартавала ад пачатку навучальнага году пад лёзунгам «Беларускую кнiгу — дзецям!» і працягнецца сама меней да канца восені.

Старажытная мудрасьць сьведчыць: калі дапамагаеш каму‑небудзь — дапамагаеш сабе. Гасьціннасьць, зычлівасьць — вось нацыянальныя якасьці беларускага народу, якія могуць стацца падмуркам для вяртаньня ў братэрскую сям’ю эўрапейскіх народаў. Аднак павелічэньне ліку дзяцей, зьмешчаных на ўтрыманьні дзяржавы, ёсьць бясспрэчнай турботнай зьявай, якая сьведчыць як аб маральнай дэградацыі фізычных бацькоў няшчасных дзетак, так і аб падзеньні ўзроўню калектывісцкай адказнасьці беларусаў. Да прыкладу, нягледзячы на велічэзныя людзкія страты вайнахскага насельніцтва (чачэнцаў ды інгушоў) за апошнія дзесяцігодзьдзі, дзяцей, пакінутых без апекі роднага бацькі, вы тамака не пабачыце — іх заўжды возьме пад сваё крыло старэйшы бліжэйшы сваяк...

Ня ёсьць вялікім сакрэтам, што на сёньня бібліятэкі дзяржаўных выхаваўча‑адукацыйных установаў, у прыватнасьці дзіцячых дамоў ды інтэрнатаў, маюць надта сьціплыя фонды на абнаўленьне кніжнага фонду. Часьцяком пры наведваньні апякунскіх ды выхаваўчых установаў для дзетак, якія засталіся без апекі сваякоў, кідаецца ў вочы прыкрая тэндэнцыя — гэтыя небаракі ня маюць магчымасьці чытаць навінкі нацыянальнае літаратуры, вывучаць гісторыю Бацькаўшчыны... У найлепшым выпадку, беларуская мова рэпрэзэнтаваная рыхтык выданьнямі яшчэ савецкага часу, якія падсьвядома ўкараняюць у юначыя галовы ўяўленьне пра родную мову як пра нікому непатрэбную архаіку.

Маладыя неабыякавыя людзі, якія згуртаваліся на глебе непалітычных праектаў зарэгістраванага ў Чэскай Рэспубліцы «Маладога фронту», захацелі даць беларускім дзецям, якія апынуліся ў складанай сытуацыі, магчымасьць чытаць зь дзяцінства менавіта сучасныя, цікавыя і карысныя беларускамоўныя кніжкі: «Мы хочам данесьцi да маладых беларусаў чароўнасьць, мiлагучнасьць i прыгажосьць роднае мовы». Гэты пачын падтрымала «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», якое выступіла каардынатарам агульнабеларускай кампаніі «Будзьма», што мае за мэту падвышэньне нацыянальна‑культурнай ідэнтыфікацыі беларусаў.

Да акцыі ўжо далучылася, ахвяраваўшы дваццаць кніжак, вядомая беларуская рок‑сьпявачка Кася Камоцкая. Рок‑прадусэр Віталь Супрановіч з БМАgroup гэтаксама не застаўся ўбаку — першага лістапада нават плянавалася арганізацыя дабрачыннага канцэрту на плошчы Бангалор, на якім слухачы прынесьлі б беларускія кніжкі для дзіцячых дамоў у якасьці платы за музыку. Аднак адпаведная заява ў Менгарвыканкам не знайшла падтрымкі з боку чыноўнікаў. Затое паабяцалі сваё спрыяньне некаторыя недзяржаўныя выдавецтвы.

Аднак акцыя праходзіць пакуль не асабліва інтэнсіўна. Па Менску, да прыкладу, сабрана пад 400 кніжак, па Менскай вобласьці — больш за 200. Складаецца ўражаньне, што актывісты гэтае высакароднае акцыі не працуюць на поўную моц — як у школьнікаў‑студэнтаў перад выпрабаваньнем, усё адкладаецца на апошні момант.

Таму завадатары акцыи «Беларускую кнiгу — дзецям!» заклікаюць усіх, каму не абыякавая лёсы дзяцей у дамах‑інтэрнатах, далучыцца да акцыі. Дапамагае «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», а таксама некаторыя беларускія прыватныя выдавецтвы, але надзвычай важна, каб у акцыі ўдзельнічалі проста неабыякавыя людзі. Бо менавіта праз падобныя салідарныя дзеяньні разьвіваецца калектыўнае пачуцьцё нацыі.

Варта зазначыць, падобныя акцыі ў меншым маштабе ўжо адбываліся ў Менскім рэгіёне. Гэтак, у Салігорску ў 2006 г. моладзевыя актывісты мясцовых ды менскіх дэмструктураў цягам месяца сабралі больш за 200 кніжак й перадалі іх у Слуцкі дзіцячы дом, у 2007 г. прыкладна 340 беларускіх кніжак знайшлі сваіх чытачоў у Старадароскай дзіцячай школе‑інтэрнаце.

Кантакты, сувязь з каардынатарамі па вашым горадзе, рэгіёне, вобласьці, а таксама больш падрабязную інфармацыю глядзіце на бачыне www.belkniha.org. Кантактныя тэлефоны: (029) 3700204 (Ян), (029) 7055071 (Хрысьціна).

Загадзя ўдзячныя ўсiм неабыякавым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?