Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва
ПІНСК
«Сталіца Палесся» – не проста прыгожая назва. Пінск насамрэч эканамічны цэнтр рэгіёна ў басейне Прыпяці. Дзясяты ў Беларусі па колькасці насельніцтва – больш за 130 тысяч жыхароў. Па колькасці помнікаў архітэктуры і стану гістарычнай забудовы Пінск супернічае з Гроднам, аднак у неафіцыйным заліку займае ўсё ж другое месца. Налета Пінск пяройме эстафету культурнай сталіцы Беларусі. Славутасці горада – у чарговым выпуску праекта
«Гарады Магдэбургскага права».
СТАЛІЦА ПАЛЕССЯ
КНЯСТВА
Пінск згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» ад 1097 года як горад Тураўскага княства. Увесь ён у тыя часы займаў кавалак сучаснай пінскай плошчы Леніна (заходнюю частку). Пінск аддаўна быў звязаны з Наваградкам і Літвой – пасля забойства бацькі, караля Літвы Міндоўга, тут хаваўся яго сын Войшалк.
Сфорца запрасіла з Італіі найлепшых кулінараў, каб развіваць культуру ежы і пашыраць рацыён арыстакратычных колаў Рэчы Паспалітай. Відэлец, вегетарыянская ежа, мецэнацтва і калекцыянаванне – гэта ўсё прыйшло на беларускія землі не без удзелу «першай лэдзі» ВКЛ. Дарэчы, Бона Сфорца на чатыры стагоддзі раней за Машэрава пачала прамысловую меліярацыю палескіх зямель.
У 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадае пінскія землі ва ўладаранне сваёй жонцы – вялікай княгіні Боне Сфорца. Дачка міланскага герцага пераносіць на Палессе ідэі Рэнесансу – рэфармуе гаспадарку на феадальных землях, умацоўвае замак, сцены якога спынілі апошнія набегі татараў на тагачасную Літву.
Бона Сфорца. Гравюра 1517 г.
Фота: Wikimedia
На пачатку XIV стагоддзя ўдзельнае княства разам з Пінскам было далучана да ВКЛ. Тады на месцы гарадзішча з'явіўся драўляны замак, а валадарыць ім пачалі нашчадкі Гедыміна. Ландшафт старажытнага замка сёння разглядзець цяжка: у гэтай частцы горада захаваліся толькі пара ўзгоркаў ды фрагмент аўтэнтычнай брукаванкі пазнейшых часоў.
12 студзеня 1581 года кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надае Пінску Магдэбургскае права і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой».
Пэўная адасобленасць гэтага рэгіёна паўплывала на тое, што многія этнографы і антраполагі сталі вылучаць палешукоў у асаблівую этнічную групу. Мова, знешнасць і звычкі давалі падставы адносіць іх як да ўкраінцаў (Карскі, Каяловіч), так і да беларусаў (Доўнар-Запольскі, Бялыніцкі-Біруля). Пытанне застаецца дыскусійным і сёння.
МАГДЭБУРГ І ШЛЯХТА
У той час Пінск уваходзіў у лік 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ і сплачваў у казну такі ж самы падатак, як Полацк, Гродна ці Кіеў. Акурат тады і пачаўся росквіт Піншчыны ды быў закладзены (апісаны пазней Дуніным-Марцінкевічам) брэнд «пінская шляхта» – асабліва прадпрымальных палешукоў. Маланаселеныя землі Палесся аддавалі найбольш гаспадарлівым жыхарам ВКЛ. Ля вёскі Дастоева атрымалі свой кавалак і продкі Фёдара Дастаеўскага.
КАЛЕГІУМ
Магдэбургскія правы спрыялі развіццю Пінска, і ў першай палове XVII стагоддзя тут заклалі ўніверсітэт — езуіцкі калегіум. Раней побач з галоўнай архітэктурнай дамінантай Пінска стаяў касцёл Святога Станіслава — самы вялікі ў ВКЛ. Але яго ўзарвалі ў 1953-м.
У 1940-м годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі, багатая бібліятэка калегіума была вывезеная ў Ленінград. Сёння ў гэтых сценах – Музей Беларускага Палесся і харэаграфічная школа. Самы вядомы экспанат тут – знакаміты драўляны ровар Васіля Ілючыка, які прыкаціў на ім на пінскі кірмаш з вёскі Багданаўка ў 1930-х. Наведваючы гэты музей, можна адчуць дух і атмасферу эпохі Асветніцтва.
Касцёл Святога Станіслава, 1930-я. Фота: Wikimedia
На сёння калегіум – самы стары помнік архітэктуры барока ў горадзе. Ад магутнага комплексу ўніверсітэта, дзе калісьці штогод навучалася 700 чалавек з усёй Рэчы Паспалітай, застаўся толькі велічны трохпавярховы корпус і два маленечкія будынкі ля ракі.
У XVIII стагоддзі ў Беларусі сталі шырока будаваць палацава-паркавыя ансамблі. Камень на Палессі – дарагі і рэдкі матэрыял, а таму ў будаўніцтве яго выкарыстоўвалі толькі заможныя гараджане і царкоўныя супольнасці. У першай траціне XIX ст. каменных дамоў у Пінску было з дзясятак.

У XVIII стагоддзі ў Беларусі сталі шырока будаваць палацава-паркавыя ансамблі. Камень на Палессі – дарагі і рэдкі матэрыял, а таму ў будаўніцтве яго выкарыстоўвалі толькі заможныя гараджане і царкоўныя супольнасці. У першай траціне XIX ст. каменных дамоў у Пінску было з дзясятак.

«Палеская Венецыя» – яшчэ адзін выраз, які атаясамліваецца з Пінскам. Асноўнымі шляхамі зносін у Пінску ў XIX стагоддзі былі рэкі, якіх было больш, чым дарог, бо на дзясяткі кіламетраў навокал – лясы і балоты.
Цяпер цішыню берагоў Піны парушаюць толькі маторкі рыбакоў і гараджане, што шпацыруюць уздоўж ракі. А вось да 1950-х тут быў кірмаш, які ў народзе называлі «пінта» – «палескі гандаль». Сюды прыплывалі з навакольных вёсак сяляне з таварам, а гандаль вёўся проста з драўляных чаўноў. Асноўнымі прапановамі пінскай рачной біржы былі гліняны посуд, сукно, «крафтавая» экаежа і вырабы з балотнай руды.
Пешаходная вуліца Леніна раней была прадмесцем Пінска, цяпер гэта самы цэнтр і турыстычная візітоўка. Вуліца шмат разоў змяняла назву – Вялікая Францысканская, Рынкавая, Вялікая Кіеўская, Касцюшкі…
«Пінская пешаходка» – адна з найстаражытнейшых вуліц ва ўсёй Беларусі, яна мае больш чым 700-гадовую гісторыю. За апошнія гады вуліца перажыла некалькі рэканструкцый і ў абноўленым выглядзе была адкрытая сёлета ў кастрычніку. Мясцовы выраз «шпацыр па газу» (сумесь польскай і ідыш) азначае пешаходны шпацыр па цэнтральнай вуліцы.
«ШПАЦЫР ПА ГАЗУ»
Скульптура «Пінчук», якую ўсталявалі на пешаходнай вуліцы Леніна ў 2017 годзе. Аўтар: Аляксей Паўлючук.
ДЫЯСПАРА
Яўрэйская дыяспара ў Пінску была адной з самых вялікіх і ўплывовых – росквіт супольнасці прыйшоўся на XIX стагоддзе. У пачатку XX стагоддзя 49 з 54 прамысловых прадпрыемстваў належала ім. У часе нацысцкай акупацыі горад страціў 17 тысяч чалавек. Астатняя частка з'ехала з Пінска ў 1970-я.

Усё гэта не засталося незаўважным для гісторыі. Пінск можа ганарыцца, што з горадам так ці інакш звязаныя сусветна вядомыя асобы. Напрыклад, прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Сям'я Вейцманаў у свой час пераехала ў Пінск, дзе Хаім навучаўся ў рэальным вучылішчы. На будынку месціцца і памятная шыльда.

Дзяцінства Голды Меір (дзявочае прозвішча – Мабовіч) – першай прэм'ер-міністаркі Ізраіля – таксама прайшло ў Пінску. Тут жыла бабуля будучай дзяржаўнай дзяячкі і першага пасла Ізраіля ў СССР. Яе сям'я, асцерагаючыся пагромаў, пераехала сюды з Кіева ў 1903 годзе.
Хаім Вейцман, 1947 г.
Фота: Wikimedia
Продкі прэзідэнта «Майкрасофт» Стыва Балмера паходзяць з горада на Піне – дзед Стыва па мацярынскай лініі Шлёма Дворкін працаваў краўцом і пахаваны ў Пінску.

Цяпер пінская яўрэйская супольнасць налічвае каля 700 чалавек (столькі было ў XVII стагоддзі) і па-ранейшаму застаецца самай актыўнай у Беларусі. Улады Пінска вярнулі грамадзе будынак адной з былых сінагог – былы дом равінаў Пярловых 1901 года.

КАТЭДРА
Барочны двухвежавы сілуэт кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі – галоўны сімвал Пінска і адзін з найстаражытнейшых касцёлаў усяго ВКЛ. Адпаведны «Фундацыйны акт» быў выдадзены яшчэ ў 1396 годзе Жыгімонтам Кейстутавічам. Першапачаткова храм будавалі з дрэва, як памяць пра тыя часы – адзін купал сёння драўляны.

Яшчэ адзін скарб культавай пабудовы – палатно «Пінская Мадонна». Мастак і этнограф Альфрэд Ромер, удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, пісаў яго, калі працаваў над аздабленнем усяго комплексу ў канцы XIX стагоддзя. Правобразам Маці Божай Альфрэд абраў звычайную гараджанку Пінска. Палатно ў 2000-я было ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Пінская Мадонна, 1894 г.
Фота: Wikimedia
Мураваным галоўны храм Піншчыны стаў у 1730-я, а яго ўбранства дайшло да нас амаль без зменаў: пазалота, алтары і плітка на падлозе – усё з XVIII стагоддзя. Касцёл знакаміты сваім самым старым у Беларусі дзеючым арганам. Вырабіў яго майстар Градзецкі амаль 200 (!) гадоў таму. Амбона ў храме (месца для казанняў святара) – драўляная з барэльефамі евангелістаў, а купал выразаны з цэльнага дрэва.
Цяпер у касцёле размяшчаецца Вышэйшая між'епархіяльная духоўная семінарыя імя Фамы Аквінскага. Менавіта тут навучаўся, служыў і аднаўляў традыцыі беларускага касцёлу Казімір Свёнтак, якому Ян Павел II надаў сан кардынала. Да гэтага моманту беларусы сярод вышэйшых каталіцкіх іерархаў прызначаліся толькі ў канцы XVIII стагоддзя.

Калі вы апынуліся ў гэтых мясцінах, то варта пагуляць па манастырскім комплексе з фантанам, званіцай і садам. Старадаўняя агароджа вядзе проста да ракі.

АСАБНЯКІ
Пінскі гарадскі суддзя Мацей Бутрымовіч — дзед мастака і кампазітара Напалеона Орды — здзівіў жыхароў Варшавы, калі прыплыў з Пінска на невялікіх судах з падарункамі ў сталіцу Рэчы Паспалітай. Піяр-акцыя прайшла паспяхова: Бутрымовіч запрасіў у Пінск караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага для закладкі свайго палаца, і той пагадзіўся. Цяпер у Пінску гэты будынак вядомы як «Палац Бутрымовіча».
Працы пачаліся ў 1784 годзе і працягваліся амаль дзесяць год. Збудаванне спалучыла ў сабе рысы класіцызму і барока. Гараджане называлі будынак не іначай як «пінскі мур», бо гэта быў першы свецкі будынак з каменю. Дарэчы, Мацей Бутрымовіч ініцыяваў і будаўніцтва Каралеўскага канала, які цяпер мы ведаем як Днепра-Бугскі.

Мацей Бутрымовіч, партрэт XVIII ст.
Фота: Wikimedia
Праз два дамы ад яго месціцца дом унука Бутрымовіча – дом Орды (Леніна, 38). Эклектычны будынак, які сваімі абрысамі нагадвае ўтульныя дамкі Амерыкі, змураваны з чырвонай цэглы ў XIX стагоддзі для нявесткі Напалеона – Леанціны. Яна займалася грамадскай дзейнасцю, асветніцтвам і дабрачыннасцю. Часта тут спыняўся і сам Напалеон Орда, калі працаваў над сваімі творамі.
Яшчэ адзін знакавы будынак — прыватны асабняк Грыгаровіча. Пабудаваны ў 1922 годзе для знакамітага пінскага рэстаратара Тэадора Грыгаровіча, асабняк стаіць на беразе Піны. Цяпер гэта ўтульны жылы дом, аналагі якому цяжка знайсці ў іншых мясцовасцях краіны.

Грыгаровіч быў вядомым кандытарам. У ягоным рэстаране (будынак у стылі мадэрн, ён захаваўся) бавілі час беларускія пісьменнікі, якія наведвалі Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, а таксама такія зоркі, як Фаіна Ранеўская ці Леанід Уцёсаў.

Міхась Лынькоў пакідаў у кнізе водгукаў: «Трэба пажадаць кожнаму працаўніку нарэшта так клапаціцца аб наведвальніках, як адміністрацыя рэстарана Грыгаровіча. 31.XI. 39».
КАРТА ПРАЕКТА
Гісторыя і культурная разнастайнасць беларускіх гарадоў.
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910
тэкст, фоты, дызайн:
Сяргей Гудзілін