Мы апыталі розных дзяўчат і сабралі ў адзін матэрыял правераныя сродкі, якія дапамогуць менш аблізваць вусны і стануць для іх своеасаблівымі абароннымі пухавікамі.
Ганна Грачышкіна, SEO-спецыялістка:
— У мяне ёсць топ любімых сродкаў у доглядзе вуснаў. Першы купіла на пробу зусім нядаўна, але ўжо ацаніла эфект: вельмі прыемнае масла па структуры і паху. Крута, што, калі памажаш ім вусны, да іх пасля не ліпнуць валасы. Праўда, яно вельмі хутка ўбіраецца, таму прыходзіцца часта мазаць наноў. А вось бальзам ад Himalaya Herbals, наадварот, трымаецца доўга, выдатна ўвільгатняе, але да яго ліпне ўсё, што магчыма, таму рэкамендую наносіць яго на ноч. «Фруктовае ззянне» ад «Нівея» — мой любімчык, памада не проста ўвільгатняе, яна яшчэ смачна пахне і дадае вуснам чырвані.
Юлія Шаўчук, актрыса Свабоднага тэатра, рэжысёрка:
— Я карыстаюся бальзамамі Burt's bees і Pawpaw. Першы сам па сабе добры і правераны часам. Раwpaw жа больш падыходзіць для ўвільгатнення перад нанясеннем памады, рэкамендую.
Дар’я Трухан, праграмістка:
— Калі вуснам зусім дрэнна і трэба іх падлячыць, я звяртаюся да гэтага каліфарнійскага арганавага бальзаму. Ён, як кажуць, проста «ванлав»: добра ўбіраецца, увільгатняе і рэальна ратуе пры абветрыванні ці моцнай сухаце.
Для сябе я зрабіла выснову, што толькі натуральнае масла ратуе пры любых праблемах. На крайні выпадак, трэба заўсёды мець у сумцы стары-добры вазелін. Але ім трэба паспець намазацца да экстраннага моманту, пасля ўздзеяння марозу ці ветру будзе ўжо позна. А вось у якасці абароннага бар’ера вазелін — гэта класная штука.
Алена Іванюшанка, драматург:
— Мне падабаецца дадзеная марка: гэта натуральная нямецкая касметыка. Мы ж амаль усё з вуснаў з'ядаем, таму хай гэта будзе нешта са словам «натуральнае». Зручна, што гэта хоць і бальзам, але ён у форме памады: не трэба наносіць яго пальцам. Восенню і зімой, калі хочацца гэта рабіць кожную гадзіну і ў метро, і ў натоўпе, гэта адназначна плюс.
Воля Філіпава, трэнерка па ёзе:
— У мяне заўсёды ў наяўнасці масла шы і рыцына. Сродкі выдатна ўвільгатняюць і ўвогуле даглядаюць вусны. Рыцына, акрамя таго, суперскі гоіць патрэсканыя вусны. Яна ў мяне звычайная, аптэчная. Проста пераліваю ў ролікавы цюбік і карыстаюся.
Ганна Семяняка, актрыса РТБД:
— Аднойчы я купіла гэтую памаду ў аптэцы сыну (таму што ў яго сохлі вусны). Але ён адмовіўся ёй карыстацца. Цяпер ёй карыстаюся я: догляд вельмі просты, але мне больш і не трэба.
Ганна Жданава, спявачка:
— Звычайна я выкарыстоўваю якое-небудзь масла, наношу яго перад памадай у працэсе стварэння макіяжу. А зверху потым дадаю бляскі ад Victoria’s Secret — у іх добрыя кампаненты па доглядзе і класны пах.