Беларускіх дэпутатаў выкарысталі для прасоўвання думкі, што аб'яднанне з Расіяй непазбежнае
На заклік губернатара Бранскай вобласці ў гэтым горадзе днямі праходзіць «Канферэнцыя муніцыпальных дэпутатаў з сумежных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь».
З Беларусі запрасілі толькі прадстаўнікоў лаяльных да ўлады партый, кшталту ЛДПБ і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а таксама дэпутатаў з райсаветаў і гарсаветаў абласных гарадоў.
Праграма звыклая для падобных форумаў: абмеркаванне праблемных момантаў у гандлі, бізнэсе і гэтак далей.

Але расійская прэса падае інфармацыю пра сустрэчу ў спецыфічным ключы. Так, газета «Брянскій рабочій» пад загалоўкам «У Бранску гаварылі аб імкненні да аб'яднання братніх дзяржаў» паведамляе наступнае:
«Вынікам канферэнцыі муніцыпальных дэпутатаў з сумежных рэгіёнаў Беларусі і Расіі стала рэзалюцыя. […] У ёй знайшлося месца і задачы-максімум: пераходу ад фармата свабоднага саюза дзвюх незалежных краін, які мы маем на дадзены момант, да Саюзнай дзяржавы ў адзіночным ліку, з усімі знешнімі і структурнымі атрыбутамі, уласцівымі суверэннай дзяржаве. Такім чынам, замацавана галоўная ідэя — імкненне да аб'яднання цікава і расійскаму, і беларускаму боку».
Гэтую ж думку развівае сайт урада Бранскай вобласці, дзе цытуецца старшыня камісіі парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, расійскі сенатар Сяргей Калашнікаў: «Канферэнцыя сведчыць, што на ўзроўні народа, на ўзроўні шараговых людзей, ёсць вялізная прага да аб'яднання ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Яшчэ адзін важны момант — на сёння прынятая рэзалюцыя, і гэта пасыл і для нас, і для мяне як старшыні камісіі парламенцкага сходу, каб вынесці гэтыя пытанні на дзяржаўнае абмеркаванне», — сказаў Калашнікаў.
Звяртае на сябе ўвагу і тое, што Калашнікаў робіць рэверансы ў бок асноўнага спікера і вядучага канферэнцыі — радыкальнага расійскага палітыка Сяргея Бабурына, які нядаўна ўтварыў беларуска-расійскі палітычны рух.

Чытайце: Арганізатар «Рускіх маршаў» стварыў у Беларусі палітычны рух: яго падтрымалі праваслаўная царква і «Румол»
Роля беларускіх гасцей у складанні рэзалюцыі была дэкаратыўная. Беларускія ўдзельнікі, да якіх мы дазваніліся, сцвярджаюць, што пунктаў аб аб'яднанні ў адну краіну там не было.
«Ніякіх такіх рэзалюцый я не падпісваў, нічога такога, — запэўніў «Нашу Ніву» старшыня Чавускага савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін. — Там гаварылася пра тое, што трэба спрыяць развіццю адносін, паляпшаць іх, адаптаваць законы. Аб адмове ад суверэнітэту гаворкі не было».
Тое самае сцвярджае і Алег Гайдукевіч, які пасылаў дэлегатаў у Бранск ад сваёй партыі.
«Нашыя прадстаўнікі не маглі пагадзіцца з такім тэкстам! Гэта немагчыма. Тэкст выступу ад нас узгадняўся асабіста са мной, там гаворка была пра іншае. Запрашэнне на гэтую канферэнцыю нам прыйшло ад губернатара Бранскай вобласці», — кажа Гайдукевіч.
Васіль Задняпраны, лідар РППС, таксама сказаў нам, што такую фармулёўку вынікаў канферэнцыі бачыць першы раз.
Такім чынам, выглядае, што беларускіх дэпутатаў звезлі ў Бранск акурат для таго, каб выкарыстаць іх прысутнасць.
Звяртае ўвагу, што расійскія арганізатары канферэнцыі запрасілі на яе кіраўніка арганізацыі «Румол» Сяргея Лушча, хаця ён не дэпутат і не займае ў Беларусі афіцыйных пасад.

Словы Сяргея Лушча аб «драйверах інтэграцыі» цытуюць бранскія выданні, а таксама сайт рэгіянальнага ўрада.
Каментары