15.11.2018 / 21:27

«Дзве душы Рэспублікі Беларусь» — пераможца конкурсу эсэ да 100-годдзя БНР 6

Падведзеныя вынікі конкурсу «Беларуская Народная Рэспубліка: кропка адліку». Конкурс праводзіла сёлета грамадскае аб'яднанне «Дзея» ў межах кампаніі #БНР100. Да ўдзелу прымаліся творчыя працы ад моладзі ва ўзросьце да 30 гадоў, што пражывае на тэрыторыі Беларусі.

«Наша Ніва» знаёміць чытачоў з тэкстамі-пераможцамі.

3 месца заняў тэкст Яны Вольскай «Ленін думае пра Беларусь»

2 месца ў Вадзіма Барысевіча з тэкстам «Пахмелле ад першай устаўной граматы»

А перамагла Ірына Паўловіч, праца якой называецца «Дзве душы Рэспублікі Беларусь»

1 месца. Ірына Паўловіч. Дзве душы Рэспублікі Беларусь

І.

Беларусь не аднастайная. Беларусь — гэта няпросты шлях да ідэнтычнасці. Тут гістарычна абумоўленая этнічная разнастайнасць спалучаецца з неінтэграванасцю культур, рэлігійная памяркоўнасць — з агульнай неталерантнасцю, еўрапейскія памкненні да свабоды як найвышэйшай каштоўнасці спалучаюцца з жаданнем стабільнасці… Беларусь пазбаўленая маналітнасці, канцэпцыі, мэты. Ідэнтычнасці накладаюцца, змешваюцца, робяцца болей ці меней «моднымі», прывабнымі, прапануюць сябе праз літаратуру, адукацыю. А часам яны лётаюць у паветры, бы вірус, трапляюць у лёгкія альбо проста трымаюцца важкай парай ці пякуць твар ядавітай газай. Усе яны лапікамі ствараюць тое, што можна назваць беларускай спадчынай, накіраванай з мінулага ў будучыню, — адпаведна, нашай сучаснасцю. Мы жывём тут, але часам жывём у розных сусветах, у розных краінах. Бывае, завітваем і ў чужую Беларусь — жагнаемся, незадаволена хмыкаем, адмаўляемся, кажам: «Няпраўда». Спяшаемся вярнуцца ва ўтульнасць свайго не больш сапраўднага вобразу і хутчэй-хутчэй забыць, перакроіць.

Становішча беларусаў вельмі ўнікальнае, яно не кладзецца ў шаблоны развіцця краін, тым самым робіцца яшчэ больш цікавым. Мабыць, каб зразумець адкуль цяперашні стан — крыху нервовы, напоўнены натхненнем, рухам, напружаны, бы канат пад канатаходцам, але адначасова няпэўны, мімікруючы, з прысмакам нейкіх безнадзейных упушчэнняў, волі лёсу і такой роднай балотнай твані, — варта разглядаць як мага больш пэўныя падзеі. Маё эсэ — спроба зрабіць гэта на падставе дакументальных крыніц з дамапогай аналізу і параўнання.

Стварэнне дзяржаўнасці — вызначальная рэч для далейшага развіцця краіны, своеасаблівая падмуркавая ідэя, вектар грамадства. Тут, на маю думку, надзвычай важным з’яўляецца не завучванне пэўнай даты, не абіранне доўгай генеалогіі дзяржавы «ад сівой даўніны» і нават не пафасны гонар за гэтую гістарычную падзею… Важнае — пераемнасць, падстава і цвёрдае перакананне, што, колькі б часу ад стварэння дзяржаўнасці ні мінула, ты як нашчадак маеш дачыненне да кропкі адліку. Менавіта гэтая пераемнасць, своеасаблівы распаўсюд падзеі на шматлікія пакаленні наперад, яднае народ у нацыю, яднае не толькі ў прасторы, але і ў часе.

ІІ.

 Прапаноўваю звярнуцца да падзей вузкага часавага прамежку, якія яскрава ілюструюць беларускі парадокс «дзвюх душаў» і да сённяшняга дня моцна адбіваюцца на сацыяльным, культурным і палітычным жыцці нашай краіны. У снежні 1917 года адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, на якім прысутнічалі 1872 дэлегаты з усяго этнічна беларускага абшару ад Беласточчыны да Смаленшчыны. Сымон Рак-Міхайлоўскі адкрыў сход наступнай прамовай: «Народ беларускі. Мне выпаў высокі гонар адкрыць гэты з’езд. Паўз вашы плечы я бачу ўсю Беларусь! Яна стаіць перад Вамі, змучаная, поўная журботы і надзеі. Беларусы! Вы прыйшлі сказаць сваё слова. Працуйце ж на карысць свайго народа. Няхай жыве Вольная Беларусь!»[1] Большасць дэпутатаў прадстаўляла нацыянальныя цікавасці беларускага народу і ўсведамляла важнасць дзяржаўнага самавызначэння Беларусі. Вяліся дыскусіі пра самавызначэнне Беларусі, пра кірункі эканамічнай, сацыяльнай, культурнай палітыкі. Напрыклад, разглядаўся праект аб’яднання беларускіх земляў у адзіную эканамічную вобласць, прапанова Яўхіма Карскага па стварэнні першага беларускага ўніверсітэта… Было разгледжана некалькі стратэгій самавызначэння беларусаў, некалькі варыянтаў стварэння дзяржаўнасці, усе — рознай ступені залежнасці ад Расіі. З’езд быў юрыдычна легітымным, што дазволіла прымаць правамоцныя рашэнні адносна Беларусі. Старшыня мандатнай камісіі П. Карчэўскі прыводзіць наступныя лічбы: на 15 снежня было выдадзена 1167 мандатаў з правам рашаючага голасу і 705 — з правам дарадчага[2]. «Мы стаім на мяжы альбо адраджэння Беларусі як культурнага і дзяржаўнага арганізму, альбо новага яе заняволення з боку больш моцных суседзяў»,[3] — казаў Яўсей Канчар — гісторык эканамічнай геаграфіі Беларусі, сябар Беларускага Нацыянальнага камітэту.

Па-шчырасці, падчас знаёмства з фактычнымі звесткамі, з лічбамі ды апісаннямі, з тэкстамі прамоваў, уражваешся, наколькі Першы Усебеларускі з’езд нёс магутны паваротны патэнцыял, дзівішся з такога моцнага натхнення і апантанасці яго ўдзельнікаў, са змястоўнасці і разнастайнасці праектаў беларусаў для Беларусі… Нявольна думаецца ва ўмоўным ладзе: «А калі б…» Аднак 18-га снежня сход быў гвалтоўна разагнаны, а ўсе без выключэння рашэнні аб’яўленыя неправамоцнымі[4]. Мабыць, гэтым бы і скончылася спроба стварэння народнай дзяржаўнасці ў Беларусі, але ў лютым 1918-га года бальшавікі былі змушаныя пакінуць акупаваны немцамі Менск. Менавіта праз гэта Выканаўчы камітэт зрабіўся правамоцным і неадкладна выдаў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, а затым Другую і Трэцюю — так была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.

Праз дзевяць месяцаў адбылася Паўночна-заходняя абласная канферэнцыя бальшавікоў у Смаленску. Яны абвясцілі сябе першым з’ездам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б) і прынялі пастанову аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі у межах Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай губерній.[5] Акрамя таго ў Маскве быў складзены спіс бальшавіцкага ўраду[6] для Беларусі.

 Такім чынам у вельмі сціслы прамежак часу ўтварыліся дзве Рэспублікі: БНР, а затым Беларуская ССР — з розным кіраўніцтвам і рознымі памкненнямі. З шматлікіх падручнікаў па гісторыі вядомае стэрэатыпнае гледжанне: БНР — няўдалая спроба меншасці (інтэлегенцыі ды арыстакратыі) ва ўмовах нямецкай акупацыі абвесціць нацыянальную дзяржаву; БССР — натуральны і справядлівы вынік абранага сацыялістычнага шляху развіцця. Ці было ўтварэнне БНР падпарадкаваннем нямецкай акупацыі або, наадварот, супрацівам? Ці настолькі супрацьлеглымі былі ідэі, што палягалі ў аснове стварэння гэтых дзяржаваў? Прапаную звярнуцца да аналізу тэкстаў дакументальных крыніц, каб высветліць гэтыя ды некаторыя іншыя пытанні.

«Радзімая старонка наша апынілася у новым цяжкім становішчы. Дзе цяпер уласьць, што тут была, німа ведама. Мы стаімо перад тым, што край наш можа бьщь заняты нямецкімі вайскамі. Вы павінны узяць сваю долю у свае уласныя рукі»[7] — так пачынаецца Першая Устаўная грамата, што адразу абвяргае міф пра «дзяржаву, народжаную нямецкай акупацыяй», пра «горстку самазванцаў», якія ўскарысталіся акупацыяй дзеля адстойвання сваіх «месцячковых цікавасцяў». Прадстаўнікі Выканаўчага Камітэту Рады Усебеларускага З’езду працягнулі перарваную справу Першага Усебеларускага з’езду, з тым адрозненнем, што яны рашуча сцвердзілі права Беларусі на самастойную дзяржаву, а не аўтономную, як гэта прапаноўвалася падчас з’езду. «Право нацыяу павінно знайсьці свае зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных пачатках Устаноучаго Сойму. Але і да скліканьня Сойму уся улада на Беларусі павінна належацъ тым народам, якіе на ей жывуць»,[8] — відавочнае імкненне да пабудовы дэмакратычнага грамадства з удзелам у кіраванні не толькі беларусаў, але і нацыянальных меншасцяў. У тэксце Другой Устаўной граматы можна ўбачыць усведамленне Беларусі ў кантэксце сусветнай палітыкі і ўплыў агульнапалітычнага становішча на самавызначэнне беларусаў. Ствараецца своеасаблівы вобраз адраджэння народнай волі пасля расійскага прыгнёту: «У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцные дзержавы і аслабаняе другіе, абудзілася Беларусь да дзержаунаго жьщця. Пасьля трох съ паловаю вякоу і няволі ізноу на увесь сьвет кажа беларускі народ аб тымъ, што ен жыве і будзе жыць»[9]. Менавіта ў Другой Устаўной грамаце прыводзяцца палажэнні «аб дзяржаўным устоі Беларусі». На маю думку выбітна, што абвяшчаецца памкненне да пабудовы сацыялістычнага грамадства (да якога, заўважу, імкнуліся і бальшавікі), але «сацыялістычнага грамадства з беларускім тварам». Абвяшчаецца роўнасць народаў БНР і іх права на нацыянальна-персанальную аўтаномію, вольнасць слова, друку, касуецца права прыватнай уласнасці на зямлю, усталёўваецца найбольшы працоўны дзень у восем гадзін. «Спауняючы Камітэт Рады Зьезду» абавязваецца «пільнаваць законнага парадку жыцця у Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсау усіх грамадзян і народау Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьці працоунага люду»[10]. Прыведзеныя прынцыпы цалкам адпавядаюць актуальным на той момант сусветным палітычным рэаліям. Трэцяя Устаўная грамата пацвярджае прынцыпы, замацаваныя ў дзвюх папярэдніх, акрэслівае межы Рэспублікі згодна з этнічна беларускай тэрыторыяй, выражае супраціў і нязгоду з умовамі Берасцейскай мірнай дамовы: «На моцы гэтаго трацяць сілу усе старыя дзяржауныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ураду падпісаць і за Беларусь трактат у Берэсьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелючы зямлю яго на часткі. На моцы гэтаго урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае увайсці у адносіны з зацікауленымі старанамі, прапануючы ім перагледзіць тую часьціну Берэсьцейскаго Трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую умову з усімі ваеваушымі дзяржавамі».[11]

Сапраўды, няшмат вядома пра Смаленскі з’езд і пра тое, якое абмеркаванне папярэднічала абвяшчэнню БССР. Прадстаўнікоў беларускага народа на гэтым з’ездзе было толькі 60-70 чалавек вайскоўцаў-чырвонаармейцаў ды каля 10 чалавек беларускіх эсэраў. Вось некаторыя звесткі з успамінаў Яўхіма Яўсеевіча Кіпеля, аднаго з удзельнікаў Смаленскага паседжання: «У Смаленску тады‚ апрача школы штабной службы‚ былі яшчэ і вайсковыя курсы‚ на якіх вучылася 250 чалавек; зь іх каля 70 былі беларусы; вось гэтых беларусаў і прывялі на зьезд… Прэзыдыюму не выбіралі‚ а прынялі цэлым сьпісам. За старшыню прэзыдыюму быў нехта з Народнага Камісарыяту Замежных Справаў… Ад беларускіх камуністаў зьезд вітаў латыш В. Кнорын‚ ад беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў дазволілі выступіць эсэрцы Палуце Бадуновай. У сваім выступленьні яна запатрабавала безадкладнага зачыненьня зьезду як неправамоцнага.

— Беларуская Рэспубліка ўжо абвешчаная законнымі прадстаўнікамі беларускага народу. Усё‚ што вы тут робіце‚ — гэта фальш. Ніхто нас не выбіраў! — крычала Бадунова і настойвала на зачыненьні.

Бадунову супакоілі: старшыня прэзыдыюму прыстрашыў вывесьці яе з залі‚ калі яна ня сьціхне. Найбольш спрачаўся з Бадуновай Зьмітро Жылуновіч. Быў момант‚ калі ён ледзь не падскочыў біцца да яе. Бадунова сьціхла і пакінула залю. Пасьля Бадуновай зьезд вітаў паляк Юзэф Уншліхт. За ім выступаў летувіскі камуніст I. Сьмілга… Пасьля Сьмілгі выступіў латыскі камуніст Р. Бэрзін…» [12]

Як бачна, БССР была абвешчаная не беларусамі, нацыянальныя інтарэсы не былі прадстаўленыя. Натуральна, на з’ездзе ў Смаленску прысутнічалі нязгодныя з такім становішчам, але выяўленне іх волі і меркавання гвалтоўна падаўляліся. У ноч з першага на другога студзеня 1919-га года Часовы рабоча-сялянскі ўрад, які ўзначаліў Зміцер Жылуновіч, прыняў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Маніфест быў прыняты толькі ў расейскамоўным варыянце, дзеячы БНР характарызаваліся ў ім як ворагі народа, хаця дублявалася ідэя беларускай дзяржаўнасці, абвешчаная Другой Устаўной граматай. Маніфест, як і Грамата, дэклараваў сацыяльныя правы працоўных. Аднак, натуральна, ігнараваў каштоўнасць нацыянальнай дзяржавы і дэмакратычныя свабоды, бо яны супярэчылі дыктатуры бальшавікоў.[13]

Падсумоўваючы аналіз крыніц, я мяркую, можна ўпэўнена казаць, што адно з пашыраных ўяўленняў пра БНР і БССР, апісанае напачатку, памылковае. А дакладней бессэнсоўнае з пункту гледжання чалавека з беларускай ідэнтычнасцю. Так здарылася, што Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная, але не прызнаная, незалежнасць існуе і ствараецца ва ўмовах акупацыі, маніфест БССР дублюе ідэю незалежнай Беларусі, абвяшчэнне дзяржаўнасці адбываецца занадта позна, каб дзяржава пачала функцыянаваць… Гэта становішча суцэльнай дыхатаміі на некалькіх узроўнях. Яно вельмі ўскладняе сучаснае ўсведамленне беларускай дзяржаўнасці. З аднаго боку, лагічны ланцужок, што без БНР не было б БССР, без БССР — Рэспублікі Беларусь. Аднак БНР і БССР дакладна не звязаныя сувяззю спадкаемнаснай пераемнасці. А спадкаемніцай чаго тады з’яўляецца сучасная Беларусь?

Ідэя народнай дзяржаўнасці і савецкая канцэпцыя Беларускай Рэспублікі мала чым адрозніваліся ў грунтоўных палітычных памкненнях. Асноўнае адрозненне ва ўспрыманні ўнутрыдзяржаўнай палітычнай дзейнасці і каштоўнасных ацэнках нацыянальнага. Утварэнне БНР — рашучая рэакцыя супраціву нацыянальных сіл на падзел Беларусі бальшавікамі і кайзераўскай арміяй паводле падпісанай імі Берасцейскай дамовы, а не дзяржава, створаная з нагоды акупацыі. БССР — умелы дыпламатычны ход бальшавікоў — як дзяржава, на жаль, мела марыянетачны характар, з хуткай перспектывай быць каланізаванай Расіяй. Гэта, насамрэч, гістарычна няправільная бела-чорная ацэнка, аднак яна неабходная, на маю думку, для сучаснай, не савецкай, Беларусі, для канструявання цяперашняга сэнсу. Не даводзіцца сумнявацца, што савецкая ідэнтычнасць яшчэ існуе і ўплывае на фармаванне ўласна беларускай, аднак яна ўжо згубіла сваю манаполію на адзінапраўдзівасць. Менавіта з гэтай прычыны вобраз незалежнай дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь усё больш скіроўваецца да спадчыны БНР як да свайго першапачатку.

ІІІ.

Беларусь ХХ-га стагоддзя — з большага Савецкая Рэспубліка, якая з’яўлялася Радзімай для некалькіх пакаленняў. Вельмі шмат акалічнасцяў і чыннікаў паўплывала на тое, што склалася менавіта так, а не іначай. У дадзеным эсэ я прааналізавала толькі некаторыя, што найбольш вярэдзяць і прынамсі часткова дапамагаюць разабрацца з дваістасцю і хваравітасцю становішча.

Для шматлікіх людзей пераасэнсаванне «савецкасці», набыццё ці стварэнне новай самасці адбылося ці адбываецца балюча, для шматлікіх не адбываецца зусім. Аднак пакаленне, з якога паходжу я, — гэта ўжо грамадзяне незалежнай Рэспублікі Беларусь… Тым не менш асабіста мне моцна адчуваецца дзіўны парадокс пошуку асабістай еднасці з кропкай адліку, таго самага яднання ў прасторы і часе. Гэта сапаўды вялікая колькасць свядомых і несвядомых, вельмі асабістых і навязаных праграмай агульнай адукацыі спробаў ідэнтыфікаваць сябе з дзяржавай, у якой жывеш. Маё эсэ, аналізаванне тэкстаў і звестак — таксама частка гэтага працэсу. І я не адважуся свярджаць, што ён для мяне адназначны і скончаны. Вельмі няпроста ідэнтыфікаваць сябе менавіта з дзяржавай — не з сям’ёй, сябрамі, краявідамі ды культурай. Асабліва, калі ў дзяржаве афіцыйна і неафіцыйна, шчыльна і раз’яднада існуюць дзве мовы, два дні незалежнасці, два сцягі… Аднак чамусьці я шчаслівая, калі размаўляю па-беларуску, нават калі гэта мова белай вароны ў рускамоўным асяродку. Чамусьці я шчыра радуюся і віншую са Святам Незалежнасці 25-га сакавіка. Чамусьці так моцна адгукаюцца радкі Міхала Анемпадыстава:

Мая краіна пад белым сцягам

Пад белым сцягам з чырвонай стужкай

Я з цягам часу стануся птушкай

Распраўлю крылы, зраблю тры крокі

І падымуся па-над зямлёю…

Я мяркую, вельмі карысна глядзець на падзеі не проста як на факты, але і як на звязныя ланцужкі, з перспектывы нашай спадчыны. Гісторыя Беларусі вельмі стракатая, у ёй шмат спалучэнняў неспалучальнага. Падзеі і ўяўленне пра іх існуюць не толькі на стужцы часу, а ў галовах людзей, у жыцці тут і зараз. Веданне дакладных звестак, фактаў, бясконцае рэфлексаванне, адкрыцці пра самога сябе і сваю гісторыю толькі падмацоўваюць думку, што немагчыма і вельмі памылкова разглядаць тую ці іншую з’яву аднабакова. У пярэстасці, неадназначнасці і неаднастайнасці нашая незвычайнасць — гэта тое, што можна назваць як асабістай ідэнтычнасцю, так і цяперашнім яднаючым падмуркам нацыянальнай беларускай самасвядомасці. Беларусь развівалася, змянялася, слабела і мацнела ў савецкай традыцыі, аднак ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі развівалася, змянялася, слабела і мацнела разам з ёй, у ёй, унутры пэўнай геаграфічнай прасторы, якую цяпер мы называем Радзімай. Утварэнне і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-ым годзе было ўвасабленнем вялікай мары, мары пра сваю дзяржаўнасць. Тады яна мела магчымасць спраўдзіцца, мабыць, не напоўніцу. Праз сто гадоў ад той падзеі, сёння, можна знайсці сябе ў гэтай здзейсненай мары. Напэўна, справа цяпер у тым, каб быць моцнымі з натхненнем і апантанасцю ўдасканаліць тое, што маем.

[1] Нац. арх. Рэсп. Беларусь. Ф. 60. Воп. 3. Спр. 242. Арк. 180 (звесткі прадстаўленыя ў працы «Першы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.», П. І. Брыгадзін, http://elib.bsu.by/bitstream/123456789/187459/1/37-43.pdf)

[2] Революционное движение в России после свержения самодержавия. Документы и материалы. М., 1957

[3] Канчер Е. С. Белорусский вопрос: сб. ст. Петроград, 1919.

[4] У. Арлоў «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», 2012

[5] У. Арлоў «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», 2012

[6] https://www.istoriya.org/bssr/

[7] [I-я] Ўстаўная грамата да народаў Беларусі Выканаўчага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду за 21.02.1918

[8] [I-я] Ўстаўная грамата да народаў Беларусі Выканаўчага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду за 21.02.1918

[9] [II-я] Ўстаўная грамата Выканаўчага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду за 9.03.1918

[10] [II-я] Ўстаўная грамата Выканаўчага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду за 9.03.1918

[11] [III-я] Ўстаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублік за 25.03.1918

[12] Кіпель, Я. Эпізоды = Episode / Яўхім Кіпель; Пад рэд. І. Урбановіч і З. Саўкі. Нью-Йорк, 1998. С. 20-25 (http://krytyka.by/by/page/works/uspaminy-tvory/9835)

[13] Маніхвэст Часовага рабоче-селянскаго савецкого правітельства Беларусі, 2.01.191

3
несцерка / Адказаць
15.11.2018 / 21:36
эсэ файнае, думкі файныя, высновы разумныя. ёсць некаторыя спрэчныя моманты, але ў цэлым годна.
8
Студэнты філфака БДУ / Адказаць
15.11.2018 / 21:48
Кропка адліку... Ха. Па-беларуску кропка — гэта знак прыпынку. Трэба пункт адліку.
1
Алесь / Адказаць
15.11.2018 / 22:05
Годна, патрыятычна ды пранікнёна. Брава!
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру