16.11.2018 / 14:52

Игорь Ворошкевич о расколе в «Краме»: Это должно было произойти лет десять назад 9

Напярэдадні Свабода паведаміла пра рашэньне аднаго з заснавальнікаў гурту «Крама», гітарыста Сяргея Трухановіча, завяршыць сваю дзейнасьць у калектыве. Ён гэта патлумачыў ідэйнымі разыходжаньнямі з вакалістам Ігарам Варашкевічам.

Сам Варашкевіч незадоўга да гэтага даў вялікае інтэрвію Onliner.by, дзе сярод іншага таксама выказаў прэтэнзіі да свайго маладзейшага калегі.​

Ігар Варашкевіч папярэджвае, што сёньняшняя гутарка — ня спроба адказу Сяргею Трухановічу: маўляў, не збіраецца зь ім «бадацца», бо ведае, што той рэальна зрабіў для «Крамы».

Але ўдакладняе прынцыповыя моманты. Па-першае, назву гурту прыдумаў ён, бо «Крама» была ў сьпісе варыянтаў яшчэ для «Бонды». Па-другое, не пагаджаецца, што песьні ў «Рокісе» нібыта рабілі «пад Варашкевіча»: наадварот, пачалі браць за аснову менавіта ягоныя прапановы.

«Хачу больш блюзу, а мяне скіроўваюць у поп-хард-рок»

У любым выпадку ад першапачатковага складу музыкаў гурту «Рокіс», зь якога потым паўстала «Крама», фармальна нікога не засталося: Ільля Шэўчык, Анатоль Горбач і Руслан Праўда адышлі ад спраў яшчэ раней. Неўзабаве кампанію ім складзе Сяргей Трухановіч.

Гурт «Рокіс»

Сам Ігар Варашкевіч быў запрошаны на вакантнае месца вакаліста «Рокіса» замест Ігара Вайцяхоўскага, але не ўпісаўся ў зададзены фармат. Вынікам чаго стала зьмена шыльды. Зрэшты, абнаўленьне пайшло толькі на карысьць: «Крама» хутка стала знакавым гуртом беларускай рок-сцэны.

— Ігар, ёсьць мноства прыкладаў, калі ўзьнікаюць непаразуменьні паміж творчымі асобамі, якія прэтэндуюць на лідэрства. Атрымліваецца, сытуацыя не такая ўжо экстраардынарная?

— Гэта нармальна, проста канфлікт занадта зацягнуўся. Справа ў тым, што я іду ў адным творчым кірунку, а Сяргей крыху ў іншым. Я хачу больш блюзу і року, а ён за «лайтовы» варыянт, магчыма, сам да канца не ўсьведамляючы. А я да поп-хард-року ня маю ніякага дачыненьня. І гэта цягнецца ўжо 10 гадоў.

Ігар Варашкевіч

Два апошнія альбомы — «Усё жыцьцё — дзіўны сон» і «Белая вада» — запісаныя ў канфлікце. Рабіць выгляд, што ўсё добра? Для мяне гэта ненармальна. Дарэчы, Сярожа аднойчы ўжо сыходзіў, працавалі безь яго. Дык ён кажа, што гэта была ня «Крама». А я лічу, што, наадварот, самая што ні на ёсьць.

— Ваш канфлікт чыста творчы ці ўжо перакінуўся і на чалавечыя стасункі?

— Я нармальна стаўлюся да Сяргея як прафэсіянала. Але ён бярэцца за тое, чаго ня можа рабіць: хоча быць адначасова і кампазытарам, і інструмэнталістам, і аранжыроўшчыкам, і прадусарам, і дырэктарам. Так не бывае! Жыцьцё паказвае: усё мае свой пачатак і свой канец. І гэты канец павінен быў адбыцца яшчэ гадоў 10 таму…

У мяне ляжаць гатовыя песьні. Сяргей лічыць, што безь ягонай магічнай рукі нічога не атрымаецца, увесь час дае зразумець, што я безь яго ніхто. Дурдом нейкі, так у калектыве быць не павінна. Прыблізна тое, каб гітарыст «Чайфа» Валодзя Бегуноў увесь час існаваньня гурта бубніў, што Ўладзімір Шахрын безь яго — поўны нуль. Трухановіч на сябе коўдру пацягнуў настолькі моцна, што больш трываць немагчыма. Доўгія гады я маўчаў, а цяпер бачу, што мне гэта непатрэбна.

Ігар Варашкевіч (зьлева) і Сяргей Трухановіч

«Наведвала думка назваць гурт «Выпадковыя людзі»

— Магчыма, за столькі гадоў мае месца агульная стома і ня варта рабіць пасьпешлівых крокаў?

— Усё можа быць… Па вялікім рахунку, мне ўсё роўна, чым ён будзе займацца. Кідаецца то туды, то сюды. Хоць за гэтыя гады можна было спакойна запісаць два альбомы. І прычына не ўва мне, а ў ім. Ён нібыта ні пры чым, лічыць сябе «ідэальным». Гэта ягоная галоўная праблема. Недатыкальны, бязгрэшны, звышчалавек. Такіх людзей у сьвеце няма.

На кантакт не ідзе: калі пачынаеш сур’ёзна размаўляць, усё адфутбольвае. Абмяркоўваем, што вось у гэтым фрагмэнце гітара будзе лішняя. Адказ адзін: «Ды ты не разумееш!». Ніхто нічога не разумее — ні я, ні Андрэй Лявончык, ні Саша Ванкевіч. Ён адзін прафэсіянал, астатнія — «выпадковыя людзі». У тым ліку і я. Гэта нармальна? Думаю, што не. Хачу нават гурт так назваць — «Выпадковыя людзі». Гэта калі ўжо ўсё даводзіць да абсурду…

Канцэрт «Крамы» да 25-годзьдзя гурту. Менск, 12 лістапада 2016 году

— Ці можна сытуацыю параўноўваць з тымі «разводамі», якія ў свой час перажылі NRM, «Палац», «Ляпісы», «Верасы», «Песьняры»?

— На «Краме» што, сьвет клінам сышоўся? Добра, знакавы праект, але сапраўды падобная сытуацыя была ў Лявона Вольскага зь Пітам Паўлавым. Там канфлікт яшчэ больш сур’ёзны, у нас з Трухановічам не да такой ступені, мы ўсё ж суіснавалі як музыкі. Але мне надакучыла слухаць, што я непрафэсійны чалавек. Я напісаў гэтыя песьні, а ня ён.

Сяргей ставіць перад фактам, што ягоныя аранжыроўкі важнейшыя за мае песьні. Ну быць такога ня можа! Пры тым, што шмат чаго я прыдумаў сам. Напрыклад, ягоная песьня «Неба — лёс арла» на 90% напісана мной, ягоны толькі ўступ. Дык калі ты ня лічыш мяне музыкам, прафэсіяналам, навошта амаль 30 гадоў са мной граеш? Вось гэтага не разумею.

Ігар Варашкевіч

«Была спроба паразмаўляць праз інтэрвію»

— Наколькі ў Беларусі крытычная сытуацыя з гітарыстамі такога ўзроўню?

— Гітарыстаў, якія граюць такую музыку, сапраўды мала. Гэтага ў Сяргея не аднімеш. Кепска, што ён ператварыўся ў настаўніка, вучыць людзей граць на гітары. І ў гурце сябе гэтак жа паводзіць. Але калектыў — гэта іншая рэч. Займайся сваімі справамі дома і ў інстытуце. Калі чалавеку кажуць, што той ня мае рацыі, а ён ня чуе, то як рэагаваць? Зь якога перапуду ён недатыкальны? Хоча займацца ўласнымі праектамі — на здароўе.

Дзеля справядлівасьці, я сабе даў зарок увогуле на гэтую тэму не размаўляць, папросту бессэнсоўна. Але ж так атрымалася, што вось зноў…

— Значыць, сам-насам выказаць узаемныя прэтэнзіі ўжо немагчыма? Я пра інтэрвію Onliner.by…

— Тое, што я сказаў, — толькі невялікая вяршыня айсбэрга. У пэўным сэнсе гэта спроба паразмаўляць вось так, праз інтэрвію — хоць і не плянаваў, выпадкова атрымалася.

Сяргей з публікацыі пабачыў толькі тое, што Варашкевіч яго пакрыўдзіў. І ўсё, больш ніякіх высноваў. Так і не дайшло, што яму хацелі сказаць. Затое дае зразумець, што я жыву за яго кошт. Маўляў, ён запісаў песьні, за якія я атрымліваю грошы. Але ж напісаў іх я, значыць, дзякуючы мне, ён мае грошы ад канцэртаў. Я ж за тое не дакараю…

10 апошніх гадоў я паклаў, каб «Крама» загучала. За ўласныя грошы набываў фірмовыя інструмэнты. Хацелася, каб гэта быў блюз-рок-гурт, а не поп-хард-рок-праект Трухановіча. У адказ чуецца адно: «Вы нічога не разумееце і ня робіце». Нейкая мышыная валтузьня, дзіцячы сад…

— 17 лістапада ў Менску мае адбыцца канцэрт «Крамы». Форс-мажору ня будзе, рэпэтыцыі ідуць?

— Усё мы і так ведаем, без рэпэтыцый, так што канцэрт будзе. Іншая справа, што агульнай справе такія гісторыі не спрыяюць. Я ж кажу: ляжыць матэрыял, хоць заўтра можна альбом запісаць, усё маем. Апроч жаданьня…

Ігар Варашкевіч нарадзіўся ў Баранавічах 15 жніўня 1960 году. Скончыў мастацка-прамысловы факультэт Дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту, спэцыялізацыя — інтэр’еры. Цягам 1983-1989 гадоў быў вакалістам, потым лідэрам гурту «Бонда». Пасьля распаду каманды ў 1989-м перайшоў у гурт «Рокіс», які ў 1991 годзе пераўтварыўся ў «Краму». Грае ў калектыве дагэтуль.

4
yy / Ответить
16.11.2018 / 13:09
Я не разумею, навошта гэтую валтузню зараз выносіць на публіку. Ці гэта піяр перад канцэртам?
1
Ваша імя / Ответить
16.11.2018 / 14:16
Паважаная рэдакцыя, напішыце пра канфлікт Вольскага і Піта Паўлава. Чаму пра адных пішуць а пра другіх мы нічога не ведаем.
2
Змагар / Ответить
16.11.2018 / 17:02
+ за Вольскага i Паулава. 
Дагэтуль незразумела, што там адбылося. Кажуць, бабло не падзялiлi.
Показать все комментарии/ 9 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера