Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна
Грамадзкі актывіст Крысьціян Шынкевіч апублікаваў аўдыязапіс размовы студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, як мяркуецца, з дэканам улікова-эканамічнага факультэту Ўладзімерам Беразоўскім. На аўдыя чуваць, як дэкан не ўхваляе намеру студэнткі выйсьці з шэрагаў праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.
Што адбылося?
Як стала вядома Свабодзе, студэнтка ўлікова-эканамічнага факультэту БДЭУ напісала заяву аб выхадзе з БРСМ праз рэлігійныя перакананьні.
Паводле яе, у факультэцкай ячэйцы БРСМ займацца заявай дзяўчыны адмовіліся. Сакратар ячэйкі (цяпер гэтую пасаду займае Яўген Грыцэнка. — РС), сказаў дзяўчыне, што яна мусіць падпісаць заяву ў намесьніка дэкана ці дэкана.
Дэкан не ўхваліў, намесьнік дэкана «гэтым не займаецца»
Свабода адшукала дзяўчыну з аўдыё, яна папрасіла не называць сябе, бо баіцца магчымых праблемаў ва ўнівэрсытэце. Кантакты дзяўчыны рэдакцыя мае.
Студэнка пайшла з заявай да намесьніка дэкана, але той накіраваў яе вышэй.
«Намесьнік дэкана, паглядзеўшы заяву, сказаў, што ён гэтым не займаецца, а зьвяртацца трэба да дэкана».
На пытаньне Свабоды, ці зьвярталіся да яго з заявамі аб выхадзе з БРСМ, намесьнік дэкана Андрэй Буеў адказаў, што «нічога ня ведае пра гэта».
Дэкан факультэту Ўладзімер Беразоўскі 15 лістапада сказаў дзяўчыне, што яму трэба падумаць, і прапанаваў пагутарыць «не ў такой абстаноўцы» ў панядзелак ці аўторак.
Беразоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што студэнтка да яго сапраўды зьвярталася. Але ня ведае, чаму яна прыйшла да яго, каб падпісаць заяву.
— А які гэта курс?
— Чацьвёрты.
— Чацьвёрты курс? Ня ганьбі мяне.
— У сэнсе?
— Скончыш спакойна, і пасьля…
— Ну я не магу цяпер у ім знаходзіцца.
— Што здарылася?
— З асабістых прычынаў.
— Што?
— З асабістых прычынаў.
— Яшчэ раз.
— З асабістых прычынаў.
— Ну ты можаш мне сказаць? Я бяз гэтага не магу прымаць рашэньне.
— Як? Я напісала: па сваім жаданьні, з асабістых прычынаў.
— Ну ты можаш праліць сьвятло? Не? Няхай ляжыць.
— Ну магу. Я зьяўляюся верніцай.
— Га?
— Я верніца.
— Калі ласка. Гэта не перашкаджае.
— У маім выпадку гэта перашкаджае.
— Ты ў гэтым упэўненая?
— Я ў гэтым упэўненая. Для мяне гэта сапраўды вельмі важна.
— Так, мне трэба з табой пагаварыць не ў такой абстаноўцы. Давай аднясем гэта на іншы тэрмін.
— Што значыць на іншы тэрмін?
— Заўтра ў мяне да сямі гадзін заняткі, давай у панядзелак-аўторак.
— Дык а чаму нельга цяпер?
— Я мушу падумаць.
— Вы мусіце падумаць?..
— Так! Заява колькі разглядаецца, ты ведаеш ці не?
— Не. — Добра, твая вера не перашкаджала тады, калі ты ўступала?
— На той момант не. Цяпер перашкаджае.
— Ну я павінен падумаць. Усё. Заява ўвогуле разглядаецца 15 дзён.
— Добра. Калі мне падысьці?
— Прыходзь у панядзелак.
Свабода папрасіла Ўладзімера Беразоўскага пракамэнтаваць сутнасьць размовы:
«Я хацеў бы даведацца, што адбылося. Я ж не адмовіў, а сказаў прыходзь у панядзелак», — патлумачыў дэкан