Серэна Уільямс у прафайле амерыканскага GQ, які прызнаў яе жанчынай года, пракаментавала скандальны фінал US Open, дзе з яе знялі гейм за неспартыўныя паводзіны, што яна ўспрыняла як праяву сэксізму з боку суддзі на вышцы Карласа Рамаса.
Фота: Wikimedia Commons.
«Я не памятаю, што менавіта там адбывалася, шчыра кажучы. Я свядома старалася пра гэта не думаць. Тэлевізар не гляджу, стараюся не выходзіць са сваёй бурбалкі. Не хачу ўнікаць у думкі іншых людзей. Няхай думаюць, што хочуць.
Можна вывучыць, як ставяцца да чорных жанчын на працоўных месцах — пра гэта ёсць цэлыя працы. Як з намі абыходзяцца, калі мы злуемся, у параўнанні з белымі жанчынамі, белымі мужчынамі, чорнымі мужчынамі ў гэтым жа стане. Мы на самым дне іерархіі.
Брэт Кавана (сябра Вярхоўнага суда ЗША, зацверджаны на пасаду гэтай восенню, нягледзячы на абвінавачванне ў спробе згвалтавання) — белы мужчына. Я чорная жанчына. Яму дазволена значна больш, чым мне. Такая сённяшняя рэальнасць. Гэта факт. Літаральна. Можаце не верыць мне — але паглядзіце на факты.
Гэта нельга прымаць. Пра гэта трэба казаць, як гэта раблю я. Каб наступнаму пакаленню жылося лепш».