Фота з фэйсбука горада
Нядаўна на поўначы Сербіі адкрылі статую ў выглядзе савы, аднак шмат каму помнік больш нагадвае мужчынскі палавы орган, піша Бі-бі-сі.
2,4-метровую скульптуру ўсталявалі ў горадзе Кікінда, каб нагадаць, што менавіта ў гэтай мясцовасці пражывае найбуйнейшая ў свеце папуляцыя вушастых соваў.
Аднак ужо неўзабаве пасля адкрыцця статуі з'явіліся тыя, каму яна падалася непрыстойнай.
Пад публікацыяй пра помнік, якая з'явілася на Facebook-старонцы горада Кікінда, — дзясяткі насмешлівых каментароў.
«Гэта выдатна, — напісаў адзін з карыстальнікаў. — Вось толькі не магу зразумець, што ж гэта мне нагадвае».
«Я люблю соваў і люблю свой горад, але гэтая скульптура — гэта проста правал», — дадаў іншы.
Хоць некаторыя паставіўся да новай статуі з гумарам, у рэакцыі некаторых карыстальнікаў адчуваецца злосць. Некаторыя з іх таксама прызнаваліся, што адчуваюць сорам за свой родны горад.
«Зараз усе будуць з нас смяяцца», — гаворыцца ў адным з каментароў.
Ёван Блат, аўтар супярэчлівай скульптуры, распавёў сербскай газеце Vecernje Novosti, што з-за крытыкі ўжо падумвае над тым, каб зрабіць новую працу.
Паводле яго слоў, ён не спрабаваў зрабіць фотарэалістычную копію савы, яго мэтай была яе стылізаваная версія з выцягнутым тулавам.
«Гэта відавочна, што людзі не разумеюць сучаснага мастацтва», — рэзюмуе мастак.