18 лістапада а 1.10 ад жыхара вёскі Верцялішкі паступіла паведамленне пра пажар па вуліцы Працоўнай — мужчына прачнуўся ад трэску ахопленага полымем даху. Да прыбыцця першых падраздзяленняў МНС драўляны дом гарэў адкрытым полымем, перадае прэс-служба ведамства.
Фота: grodno.mchs.gov.by
Вядома, што ў доме пражывала пара пенсіянераў з 41-гадовым сынам. Высветлілася, што напярэдадні пажару ў доме гасцявала кампанія мясцовых жыхароў, выпівалі. Увечары частка гасцей разышлася, трое засталіся начаваць.
Падчас тушэння байцы МНС пад абломкамі згарэлых канструкцый знайшлі целы чатырох чалавек — гаспадара, яго жонкі і дзвюх жанчын 1982 і 1985 г.н. Сын гаспадароў і яшчэ адзін госць здолелі пакінуць палаючы дом да прыбыцця ратавальнікаў. Першага з апёкамі 1—2 ступені твару, шыі, абедзвюх кісцяў (10% цела) шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне.
У выніку пажару знішчаны дах, перакрыцце і маёмасць у доме. Як мяркуецца, прычына трагедыі — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.