19.11.2018 / 12:17

Апошні тыдзень кайфую ад кнігі «Выгнаны патрыцый» 2

Яна прысвечаная Міхасю Стральцову, піша ў сябе ў фэйсбуку крытык Дзяніс Марціновіч.

Чытаў я Стральцова мала (хоць заўжды ведаў, што гэта цудоўны пісьменнік). А тут набыў кнігу — і зацягнула. Начытаўся вершаў (дакладней, іх фрагментаў, якія цытуюць аўтары), пазней трэба будзе дабрацца да прозы, дачытаць і перачытаць.

Над краем гэтак міла-міла
Увесну сонейка свяціла —
Свіціўся ліст, свіціўся свет.
I быў для сэрца не замкнёны,
I быў душою бласлаўлёны
Птушыны свіст і траўны цвет.

Уранку гэтак ветла-ветла,
Уранку гэтак светла-светла
Зырчэў туман, трымцеў прамень.
I з промнем гэтым заручоны,
Надзеяй ціхай пазлачоны,
Прыходзіў дзень, праходзіў дзень…

Дык не маніце, дык скажыце,
Што перапёлка змоўкла ў жыце,
Што восень лісця намяла,
Што нешта ў свеце адбылося,
Што нешта ў свеце не збылося
I што чаромха адцвіла.

А яшчэ я выкажу банальную думку: цікавыя кнігі (як і цікавыя людзі) натхняюць. «Выгнаны патрыцый» (укладальнік Міхась Скобла) моцна натхняе.

Цудоўны выбар аўтараў (ніводнага выпадковага аўтара). Цудоўная кампазіцыя: здавалася б класічны зборнік (успаміны, артыкулы, лісты, архіўны дадатак), а чытаецца як раман. Ювелірная рэдактарская праца (дзесьці ў каментарах можна прачытаць, што рабіліся скарачэнні, а іх не бачна). Жыццёвыя складанасці не абмінутыя, але ўсё тактоўна. І які стыль!

Вось Аляксандр Станюта:

«Ён разумеў: чытача заўсёды няма — і чытач ёсць заўсёды.

Чытача ж масавага мае толькі газета. І яго не мелі на самой справе нават пісьменнікі з афіцыйнай абоймы. Ім толькі здавалася так з-за сваіх тыражоў, якія былі дзяржаўнымі ўзмацняльнікамі іх імёнаў: масы чулі іх імёны — і не чыталі іх кніг.

А сёння скончылася гучная дзяржаўная вядомасць. Не чытач адвярнуўся — узмацняльнік адключылі».

1
Lilia / Адказаць
19.11.2018 / 12:31
Вельмі дзіўна, калі крытык піша, што чытаў Стральцова мала, улічваючы, што Стральцоў напісаў няшмат.  
0
Яська / Адказаць
19.11.2018 / 15:36
Неплохой был писатель...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру