Канферэнцыя «Салідарнасць для будучыні», прысвечаная 25 гадавіне атрымання Лехам Валенсам Нобелеўскай прэміі міру, адбудзецца 6 снежня ў Гданьску (Польшча). Ад Беларусі ў ёй прымуць ўдзел лаўрэат прэміі А.Сахарава Аляксандр Мілінкевіч і першы кіраўнік беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч.

Па запрашэнні Леха Валенсы на ўрачыстае мерапрыемства прыязджаюць прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жозэ Мануэль Бароза, прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, духоўны лідэр тыбецскага народа, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Далай‑лама, старшыня камісіі замежных спраў Еўрапарламента Яцэк Сарыюш‑Вольскі, прэзідэнт Сербіі Барыс Тадзіч, прэм’ер‑міністр Польшчы Дональд Туск, і іншыя вядомыя палітыкі Еўропы і свету. Пры дапамозе прамога эфіру ўдзел у канферэнцыі возьмуць таксама прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс і апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

Прызнанне Нобелеўскай прэміі міру Леху Валенсе ў 1983 годзе было вельмі значнай дапамогай з боку міжнароднай грамадскасці для руху «Салідарнасць». Гэта падзея стала элементам на шляху да свабоды і незалежнасці Польшчы і дазволіла палякам верыць у сваю перамогу над камуністычным рэжымам.

У рамках канферэнцыі лідэр Руху «За Свабоду» правядзе шэраг працоўных сустрэчаў з сусветнымі лідэрамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?