26.11.2018 / 13:25

Гімнастка Меліціна Станюта расказала пра найлепшы ў жыцці дзень народзінаў, трэш у Індыі і няўдачу ў бізнэсе 34

Мы сустрэліся з гімнасткай Меліцінай Станютай у «МакДональдс» на плошчы Бангалор, дзе яна выдавала гасцям вялікую бульбу фры: увесь лістапад беларусы, якія набываюць гэтую пазіцыю, рублём падтрымліваюць Беларускі дзіцячы хоспіс і Віцебскі абласны спецыялізаваны дом дзіцяці.

Пасля акцыі Меліціна расказала «НН», чым яна жыве сёння.

Меліціна Станюта ў ролі памочніцы касіраў.

Для Меліціны гэта другі досвед прымеркі на сябе ролі чалавека за касай: некалькі год таму яна таксама брала ўдзел у дабрачыннай акцыі «МакХэпіДзень». Кажа, што дапамога іншым для яе — натуральная з'ява, гэтаму яе навучылі ў гімнастычнай сям’і. Там, якая б з кім бяда не здарылася, калегі ў той жа момант прыходзілі на выручку.

— Вазьміце вялікую бульбу, а не маленькую, так 10 капеек пойдзе на дабрачыннасць, дзеткам, — прапануе Меліціна чарговаму наведніку, які прыйшоў на абед.

— Ну раз дзеткам, то давайце вялікую, — пагаджаецца той.

— Гэта Станюта? Нічога сабе! — не верыць сваім вачам сям’я Бубен.

Юрый з сынам Аляксеем прыехалі ў Мінск з Мастоў на рэспубліканскі конкурс фатаграфіі — Лёша ўзяў другі дыплом. Яны спецыяльна зайшлі ў «МакДональдс», каб сфатаграфавацца з Меліцінай, узяць у яе аўтограф, а заадно паесці бульбы фры ў імя добрай справы.

Юрый і Аляксей Бубен.

«Аляксею ад Меліціны» — напіша ў кнізе Уладзіміра Ліхадзеева Станюта.

Меліціна — не першы зорны госць у «МакДональдс». Цягам лістапада за стойкай ці ў зале рэстарана можна было пабачыць вядучую Ганну Бонд, блогера Максіма Пушкіна, а таксама алімпійскую чэмпіёнку па фрыстайле Ганну Гуськову з тэнісісткай Аляксандрай Сасновіч. Усе яны на чыстым энтузіязме пагадзіліся паспрыяць 17-й па ліку дабрачыннай акцыі кампаніі «МакХэпіДзень».

Яшчэ адна наведвальніца рэстарана Кацярына з дзвюма дочкамі і мужам прызнаецца, што гімнастку ў фартуху адразу не пазнала:

— Але пра акцыю «МакХэпіДзень» мы ведаем, спецыяльна прыходзім паесці сюды трэці раз за месяц і набываем па некалькі вялікіх фры — сям’я ў нас таксама ж вялікая.

— А бонусы ад спартсменкі будуць? — жартуе ў чарзе мужчына, які таксама пазнаў Меліціну.

— Будзе плюсік у карму, калі вы набудзеце вялікую бульбу фры! — пасміхаецца Станюта.

Пасля гадзіны за стойкай у абедзенны час Меліціна прызнаецца, што для яе супрацоўнікі рэстарана — прыклад працавітасці, бо сама б яна тут працаваць не змагла:

«Вельмі цяжка псіхалагічна, у плане камунікацыі з людзьмі. У іх можа быць дрэнны настрой, можа нешта здарыцца на працы ці ў сям’і — і яны груба адкажуць на прапанову купіць нешта яшчэ паесці. А табе можна толькі пасміхацца ў адказ. У мастацкай гімнастыцы таксама трэба ўмець пераадольваць сябе, недзе нацягнуць усмешку, але ў спорце ты сам-насам з сабой і можаш хутчэй настроіцца».

«НН»: Вы нядаўна святкавалі дзень народзінаў, як усё прайшло?

Меліціна Станюта: Гэта быў мой найлепшы ў жыцці дзень народзінаў! Я толькі вярнулася з майстар-класу ў Індыі (там, па шчырасці, быў трэш, у Дэлі я больш ні нагой). Я хадзіла шчаслівая, што зноў у чысціні, магу есці што заўгодна, без страху атруціцца.

Раніцай 15 лістапада я паехала ў амбасаду, каб абнавіць візу, — меркавала, дзень пройдзе як звычайна. Але потым мне нечакана патэлефанавала сяброўка Ірына і паведаміла, што мой графік распланаваны: у 14.00 я выбіраю сукенку, потым еду рабіць мэйкап і прычоску. Пасля — на фотасет. Цэлы дзень мне дарылі то кветкі, то шарыкі, а ўвечары ўсе мае сябры сабраліся ў кавярні — гэта таксама быў сюрпрыз! Я сябе адчувала зоркай, у якой ёсць менеджарка, якая вырашае за мяне ўсе пытанні, і цалкам расслабілася.

Меліціна з блізкімі ў дзень народзінаў.

«НН»: Для многіх кожны новы год — нагода ўздыхнуць: «Ну вось, старэю». А для вас як?

МС: Для мяне гады ніколі, здаецца, не будуць праблемай. Дзякуючы генетыцы, мне і 25 не даюць, максімум — 20-22. Ну, і нейкіх крызісаў узросту я таксама не адчуваю.

«НН»: А прафесійныя траўмы нагадваюць пра сябе?

МС: Калі правядзеш майстар-клас на 8 гадзін, то, канечне, траўма ступні, у якой стаіць стрыжань, адгукаецца. Але цяпер я моцна не скачу, таму баліць менш. А вось тазасцегнавы сустаў дае пра сябе ведаць: як пахаджу ў новым горадзе ў вандроўцы гадзін 5-6, дык левая нага адразу непакоіць. Упершыню гэтая праблема адчулася на чэмпіянаце свету ў 2015-м. Памятаю, мяне чакала апошняе практыкаванне са стужкай, на коне медаль, я рыхтуюся — і адчуваю рэзкі боль. Я нават прысела. Відаць, калісьці ў тым месцы быў нейкі надрыў. Дактары раілі завязаць са шпагатамі, каб болі сціхлі, але як я магу, я ж гімнастка! Прыйшлося цярпець.

І я цярпела, і цяпер трываю. Можна было б, канечне, укалоць нейкіх лекаў, але я так шмат наведвала дактароў і ў 15, і ў 16, і ў 19 год, што нажэрлася гэтых лекаў на гады наперад. Стану старэнькай бабуляй — буду хадзіць па бальніцах, а сёння ў мяне паўза.

«НН»: Загадвалі нешта пад задзіманне свечак?

МС: Я раней амаль штогод загадвала жаданне на дзень нараджэння, а ў гэтым неяк забылася. Мабыць, няма ў мяне цяпер нейкай супермары, якую хацелася б падштурхнуць да ажыццяўлення праз космас…

«НН»: А як жа планы адкрыць сваю школу расцяжкі?

МС: Так, гэтая мэта ёсць. Я нават зрабіла пэўныя крокі да яе год таму, але потым зразумела, што з маім графікам, з майстар-класамі, якія я даю па ўсім свеце, падарожжамі, з супрацоўніцтвам з упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі — пакуль не пацягну. Гэтых спраў зашмат для 24 гадзін у суткі. Але калі нешта пойдзе не так, я ўжо ведаю, чым буду займацца далей. 

Меліціна на майстар-класе ў Расіі.

Мая школа, якой я бачу яе сёння, не будзе нечым суперпрафесійным. Гэта будзе фітнэс для ўсіх ахвотных, каб кожны змог сесці на шпагат. Думка пра рэалізацыю сваёй ідэі ў мяне, як кажуць, застаецца «must do».

«НН»: У тэму тэлебачання. Вы неяк казалі, што ў вас будзе свая перадача пра Еўрапейскія гульні-2019 у Беларусі…

МС: Пакуль з гэтым праектам глуха. Але, думаю, нейкі ўдзел у гульнях я прымаць буду. Тым больш, я добра валодаю некалькімі мовамі: і беларускай, і англійскай, і французскай.

«НН»: А ў вядзенні бізнэсу расчараваліся канчаткова?

(Меліціна Станюта 1,5 года была саўладальніцай крамы аксэсуараў Variety, але бізнэс не пайшоў — Заўв. рэд.)

МС: Так, завязала з ім. У бізнэсе трэба мець каманду — гэта самае галоўнае. Сама ж я не ведала, што гэта, як дзейнічаюць яго законы…

«НН»: А з адзеннем? Вы ж хацелі сваю лінейку спартыўнага адзення, як у Дар’і Домрачавай.

МС: Ну, вось Домрачава зрабіла — куды мне яшчэ. Адзення ўжо зашмат, мне здаецца. Тым больш для мяне дызайнеры — гэта прафесіяналы, яны добра разбіраюцца ў сваёй справе, гадзінамі сядзяць за эскізамі ў майстэрні. А я што? Магу толькі сказаць, што хачу касцюм блакітнага колеру.

Ёсць, канечне, жанчыны, якія могуць называць сябе адначасова і дызайнеркамі, і візажысткамі, і блогеркамі… Я так не магу. Я лепш буду рабіць нешта ў той сферы, дзе разбіраюся, дзе магу быць больш карыснай.

«НН»: А хіба вы не блогерка? У вас больш за 130 тысяч падпісчыкаў…

МС: Я? Я ненавіджу слова блогер і ім сябе не лічу. Мне больш даспадобы азначэнне «інфлюенсар». Я не стала Меліцінай Станютай, таму што ў мяне тысячы падпісчыкаў. У мяне яны ёсць, таму што я дамаглася пэўных вынікаў у спорце. Блогеры — гэта тыя, хто спецыяльна стварае класны кантэнт. А я ніколі не думаю пра тое, што мне варта посціць, у які час, які фільтр прымяніць. І нават не хачу на тое марнаваць час.

«НН»: Ну, блогерамі сябе яшчэ называюць тыя, хто зарабляе на гэтым…

МС: Я не зарабляю на інстаграме, у мяне былі нейкія пасты па бартары… А ў плане грошай — я не ведаю, як іх там зарабляць. Ды і не разглядаю сваю старонку як інструмент для гэтага. У мяне ёсць асноўная праца, праекты, а інстаграм — толькі старонка ў сеціве.

«НН»: Тое, што вы з'яўляецеся тварам некаторых рэкламных брэндаў, на вас накладае нейкія абмежаванні? Напрыклад, на выказванні ці лад жыцця?

МС: Калі казаць пра знешнасць і фігуру, то калі выступала як гімнастка на спаборніцтвах, шмат думала, што можна з’есці, а што не. Абмежаванні ў ежы былі жорсткімі. Цяпер іх няма. Я быццам на курорце ў параўнанні са спартыўнымі часамі: магу есці ўсё. І пры гэтым важу менш, чым на Алімпійскіх гульнях-2016. Трэнеры, калі сустрэлі мяне летам, нават здзівіліся, што я так схуднела. Не ведаю, як мой арганізм гэта робіць.

А наконт нейкіх забарон ці абавязкаў… Я не раблю нічога, чаго мне не хочацца ў прынцыпе. Я — гэта я.

У мяне няма менеджара, які мяне, умоўна кажучы, прымусіць пафарбаваць валасы ў імя чагосьці. Калі мне нешта не падабаецца, я кажу, што не буду гэта посціць ці браць у гэтым удзел. Усё толькі на маіх умовах. І мы ці развітваемся, ці людзі вырашаюць, што ім патрэбная сапраўдная Станюта.

«НН»: У адным з мінулых інтэрв’ю вы казалі, што марыце пра сваю сям’ю. Вы яе здабылі ў асобе Віталя Гуркова?

МС: Мара пра сям'ю застаецца. Але з Віталём мы не сям'я. Адносiны памiж жанчынай i мужчынам увогуле складаная рэч — гэта ўсё, што я магу сказаць. 

Меліціна і Віталь.

Кацярына Карпіцкая, партнёрскі матэрыял з «МакДональдс»

82
хамса / Адказаць
20.11.2018 / 12:01
прабачце.. але твар у яе нічым не адметны.. ёй трэба вяяялііікі бэйджык.. не - плакат.. з надпісам: гэта такая-то і такая-то.. бо інакш яе ніяк не пазнаць і не вылучыць з шэрагу астатніх прадавачак, што мяняюцца кожны дзень у МД
5
Sheikh / Адказаць
20.11.2018 / 12:08
Рэд. Дзякуй, паправілі
14
Кинг / Адказаць
20.11.2018 / 12:21
Отлично смотрится в Маке
Паказаць усе каментары/ 34 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру