19 лістапада ў пункце пропуску кіеўскага аэрапорта «Жуляны» падчас ажыццяўлення пагранічнага кантролю авіярэйсу з Беларусі, памежны нарад выявіў чамадан, на ручцы якога змяшчалася «георгіеўская стужка», піша dpsu.gov.ua. Ва Украіне яна афіцыйна лічыцца антыўкраінскай сімволікай.
Уласнікам чамадана аказаўся грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які прыбыў ва Украіну з прыватным візітам, меў зваротны білет і дастаткова грошай.
Аднак сімволіка, з якой ехаў расіянін, забароненая ва Украіне. Яму было адмоўлена ў перасячэнні дзяржаўнай мяжы і забаронены ўезд ва Украіну тэрмінам на 3 гады.