21.11.2018 / 18:13

Прыгоды Пакатуна і Палежуна, мемуары гаспадара Шчорсаў, фантастыка — кніжныя навінкі «Галіяфаў»

У выдавецтве «Галіяфы» выйшла некалькі вартых увагі кніг: мемуары, альбом з фота 1917-га, зборнік найлепшых твораў Юрыя Станкевіча, фантастыка…

 

Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Міхаіл Буценеў нарадзіўся ў 1919 годзе ў Ялце, куды бацькі яго з’ехалі з Масквы пасля рэвалюцыі. Яму не было года, калі яго сям’я з’ехала ў Аўстрыю праз Канстанцінопаль; пазней пераехалі ў Францыю, а ў 1934 перабраліся ў Заходнюю Беларусь, у фамільны маёнтак Шчорсы. У мемуарах, праз багаты на падзеі лёс адной сям'і можна пабачыць гісторыю няпростага ХХ стагоддзя.

 

Доўбарчыкі з Бабруйскай крэпасці

Альбом, выдадзены гісторыкамі Эльжбетай Інеўскай і Ігарам Мельнікавым, распавядае пра падзеі 1917 у Бабруйсай крэпасці, дзе быў раскватараваны І Поль­скі корпус генерала Юзафа Доўбар-Mусніцкага.

Гісторыя адважных жаўнераў-″доўбарчыкаў″ — гэта таксама гісторыя Бабруйска, у якую ўпісаліся імёны такіх герояў, як Уладзіслаў Андэрс, Ян Скарына і будучы герой абароны Брэсцкай крэпасці — Канстан­цін Плісоўскі.

Сал­даты генерала Доўбара пазней змагаліся з нацыстамі на многіх франтах Другой сусветнай вайны.

Альбом аздоблены архіўнымі фотаздымкамі.

 

Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

Ці чулі вы, што ўсе выдуманыя сусветы існуюць насамрэч? І не толькі існуюць, але і дапамагаюць пісьменнікам, чытачам, а найперш аматарам казак і фэнтэзі.

Ці вядома вам, што побач з намі жывуць паралельныя цывілізацыі разумных жывёл? Журналіст Тамаш Ян таксама не ведаў, пакуль не ўлупіўся галавой у пень і не трапіў у карчму «Халодныя ногі» каля могілак.

Анамальныя з’явы, ваўкалакі, тагасветныя пачвары пад абліччам вабных прыгажунь ды іншае ў новым зборніку беларускага празаіка Алеся Бычкоўскага «Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры».

 

Судуманьне

Напісаная лексікай без мужчынскага і жаноцкага роду ў адзіночным ліку, аповесць Міколы Каляднага малюе дзіўныя ўзаема­дачыненні і касмічныя прыгоды разумных істо­таў, паказвае цікавы фенаменальны свет бясплоцевых стварэнняў.

Бесапатам

Кнігу «Бесапатам» празаіка Юрыя Станкевіча складаюць напісаныя ў розныя гады раман «Любіць ноч — права пацукоў», аповесці «Апладненне ёлупа», «Лавец святла поўні», «Бесапатам», а таксама некалькі апавяданняў.

Творы выклікалі вялікі рэзананс. Для празаічных рэчаў, прадстаўленых у кнізе, характэрныя напружаны сюжэт, алегарычнасць, няпростыя, часам шокавыя сітуацыі і развагі пра будучыню.

Пакатун і Паляжун

Пакатун і Паляжун — дзве казачныя істоты, якія хоць і не падобныя да людзей, але дзейнічаюць і адчуваюць, як мы з вамі. Характары ў іх вельмі розныя: Пакатун — энергічны, рызыкоўны, на месцы яму ніяк не сядзіцца, а вось Паляжун — стрыманы, памяркоўны, часам трохі баязлівы. Як у любых адносінах, у іх бываюць і імгненні пяшчоты, і супольныя гульні, і адкрыцці, але не абыходзіцца і без сварак, непаразуменняў ці раздражнення. У канцы яны наогул збіраюцца развітацца назаўжды, але ці змогуць?

Пятнаццаць паэтычных гісторый пра радасці і пакуты супольнасці. Гісторыі з жыцця, якія дапамагаюць навучыцца называць розныя станы і пачуцці, што бываюць паміж людзьмі.

Дом цікаўных казак

Казкі, нібы чароўныя істоты, падарожнічаюць па свеце і час ад часу дораць камусьці дзіва. Неяк яны з цікаўнасці наведалi адзiн дом — i з жыхарамі гэтага дома здарыліся сапраўдныя, хай і маленькія, прыгоды…

«Дом цікаўных казак» — гэта складанка кароткіх гісторый пісьменніцы Надзеi Ясмiнскай з шыкоўнымі ілюстрацыямi мастачкi Алены Сацуты. Героі ў ёй сустракаюць незвычайных гасцей, прыходзяць на дапамогу дзіўным незнаёмцам і нават апынаюцца ў розных цікавых месцах, не пакідаючы свайго пакоя.

Кніжка прызначана для чытачоў малодшага школьнага веку.

Набыць кнігі можна на сайце halijafy.by і ў кнігарні выдавецтва на Нямізе, 3 (цокальны паверх, бокс 47).

 

«Галіяфы» — незалежнае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе. Спецыялізуецца на выданні мастацкай літаратуры сучасных аўтараў, дзіцячых кніг на беларускай мове і кніг, якія даследуюць з розных бакоў сучасную Беларусь.

 

Сачыце за навінамі выдавецтва ў фэйсбуку, укантакце і інстаграме.

 

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру