25.11.2018 / 09:10

22—25 лістапада ў кінатэатрах — «Неверагодны містар Фокс» па-беларуску 6

Як паглядзець мультфільм Уэса Андэрсана па-беларуску і гэтым дапамагчы дзікім жывёлам.

У рамках праекта «Беларускія ўікэнды» ў мінскі кінапракат упершыню выходзіць мультфільм режысёра Уэса Андэрсана «Неверагодны містар Фокс».

Знакаміты фільм у беларускай агучцы можна будзе ўбачыць у кінатэатрах з 22 да 25 лістапада.

А 22 лістапада ў 19:00 у кінатэатры velcom cinema сеткі Silver Screen адбудзецца дабрачынны прэм’ерны сеанс мультфільма. Прыбытак з паказу арганізатары пералічаць Цэнтру дапамогі дзікім жывёлам і птушкам «Сірын».

Пераклад і агучка стужкі на беларускай мове выкананыя камандай «Кінаконг» пры падтрымцы velcom.

У 2010 годзе мультфільм «Неверагодны містар Фокс» быў намінаваны на «Оскар» за найлепшы саўндтрэк і найлепшы анімацыйны фільм.

Гэта экранізацыя аднайменнай казкі Роальда Даля, вядомага па аповесці «Чарлі і шакаладная фабрыка».

Створаная ўручную мультыплікацыя ад рэжысёра Уэса Андэрсана, аўтара фільмаў «Гатэль «Гранд Будапешт», «Цягнік у Дарджылінг» і «Сямейка Тэненбаўм», у характэрнай аўтарскай манеры расказвае пра шалапутнага бацьку лісінай сям’і. Адказваючы на нападкі раз’юшаных ягонымі выхадкамі фермераў, ліс-авантурыст містар Фокс адпраўляецца ў адчайныя прыгоды, у якіх яму трэба будзе не толькі вярнуць сваё добрае імя, але і ўратаваць сваю сям’ю.

Пасля прэм’еры паказы фільма «Неверагодны містар Фокс» на беларускай мове таксама пройдуць 23—25 лістапада ў кінатэатры «Масква» і 24—25 лістапада ў кінатэатры velcom cinema. Сачыць за навінамі праекта і раскладам сеансаў можна на сайце kinakong.by.

На жаль, не толькі ў казцы, але і ў жыцці дзікія жывёлы часта трапляюць у пераплёт: у пасткі ці пад колы аўтамабіляў, выпадаюць з гнязда ці губляюцца ў лесе. Аднавіцца пасля траўмы і вярнуцца ў звыклае асяроддзе ім дапамагае Цэнтр дапамогі дзікім жывёлам і птушкам «Сірын».

У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі ўдзельнічаюць у перакладзе і агучцы на беларускую мову разнапланавых замежных фільмаў, якія пасля дэманструюцца ў шырокім пракаце.

Сярод іх — «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Жонка наглядчыка заапарка», «Кніга Ілая», «Таямніца Келз», «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», «Рыбка Поньё» «Падымаецца вецер», «Мой сябар жырафа», а таксама легендарная стужка «Вогненныя калясніцы», якая атрымала чатыры статуэткі «Оскар».

2
Туш / Адказаць
20.11.2018 / 21:03
Ну так сабе агучка. Стандартная Белсатаўская.
0
Кааб Шан / Адказаць
21.11.2018 / 12:37
Я жывёлам помогаю просто: покупаю большие квадратные бутыли минеральной, прорезаю с одной стороны прямоугольную дырку, такого размера, чтобы голубь не пролез, обклеив ее края изолентой, Потом вешаю на краю балкона и на природе. Насыпаю регулярно только пшонку.
Воробьи и синицы у меня гости. Бывает за раз, что примерно 40 птах налетает.
А голубей кормить - нет. Это паразитные существа.
0
Вопрос на засыпку / Адказаць
25.11.2018 / 13:46
А было бы интересно узнать сколько билетов будет продано. Ведь именно от этого и зависит, будут ли в будущем белорускоязычные переводы или не будут.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру