hurriyetdailynews.com

hurriyetdailynews.com

У распараджэнні турэцкіх СМІ апынуліся аўдыязапісы, якія зафіксавалі момант забойства калумніста The Washington Post Джамаля Хашогі ў генконсульстве Саудаўскай Аравіі. Цытаты з яе прыводзіць мясцовае выданне Hürriyet Daily News.

З запісаў вынікае, што журналіста схапілі ў аддзяленні «A», дзе размяшчаецца візавы аддзел. «Адпусціце маю руку! Што вы сабе дазваляеце?» — крычаў Хашогі.

Турэцкія праваахоўнікі ідэнтыфікавалі на запісе голас палкоўніка разведкі Махера Абдулазіза Мутрэба, што рэгулярна суправаджаў наследнага прынца Саудаўскай Аравіі Махамеда бін Салмана. «Здраднік! Ты будзеш прыцягнуты да адказнасці!» — нібыта крычаў ён.

Гэты ж голас чуваць на запісах размоў з блока «С», дзе размяшчаецца офіс консула. Адтуль было зроблена 19 тэлефанаванняў, у працэсе якіх Абдулазіз Мутрэб кантактаваў з дарадцам наследнага прынца Саудам аль-Кахтані. Першы такі званок адбыўся праз 13 хвілін з моманту, калі Хашогі ступіў на парог консульства.

На працягу сямі хвілін на аўдыязапісе чуваць сварку паміж Хашогі і чатырма членамі атрада, якія прыбылі ў Турцыю з каралеўства для сустрэчы з журналістам. Яны ж даставілі публіцыста ў аддзяленне «Б», у якім размешчаны адміністрацыйныя дэпартаменты. На запісе чуваць, як Хашогі сварыцца з захопнікамі, потым — гукі фізічнай барацьбы, збіцця і катаванняў.

Фізічны гвалт над журналістам працягваўся 11 хвілін, пасля чаго ў кабінеце запанавала цішыня.

Следчыя лічаць, што ў гэты момант саўдзельнікі забойства ўключылі радыёчастотныя перашкоды. Затым яны разбілі камеры назірання і пачысцілі цвёрдыя дыскі.

Праз 20 хвілін пасля смерці калумніста аднаго з членаў каманды, як мяркуецца, 57-гадовага супрацоўніка саудаўскіх спецслужбаў Мустафу аль-Мадані, апранулі ў вопратку Хашогі, каб той паказаў журналіста, які выходзіць жывым з консульства.

«Жудасна апранаць вопратку чалавека, якога мы забілі 20 хвілін таму», — кажа ён на аўдыязапісе. Мужчына паскардзіўся, што абутак загінулага муляе, і яму дазволілі пакінуць ўласныя красоўкі.

Hürriyet паказвае, што красоўкі на двайніку і выдалі забойцаў.

Газета адзначае, што ў турэцкіх праваахоўнікаў няма запісаў з корпуса «C», у якім, як мяркуецца, цела калумніста The Washington Post расчлянілі. Аднак істотным доказамі яны лічаць той факт, што ў трох памяшканнях у гэтай секцыі адразу пасля забойства пафарбавалі сцены. Акрамя таго, былі выяўленыя рэшткі хімічных рэчываў на падлогах і адбіткі пальцаў падазраваных на электрычных разетках. У прыватнасці, адбіткі пакінуў судмедэксперт, які прыбыў з саудаўскай камандай у Стамбул.

Турэцкія ўлады не абнародуюць аўдыязапісы і адмаўляюць, што генконсульства Саудаўскай Аравіі праслухоўваецца. Аднак СМІ рэгулярна публікуюць усё новыя дэталі забойства, якое адбылося там, са спасылкай на гэтыя запісы. Копіі плёнкі таксама былі перададзеныя ЗША, Францыі, ФРГ, Вялікабрытаніі і Саудаўскай Аравіі. На падставе ўсіх дадзеных аб забойстве амерыканскія спецслужбы прыйшлі да высновы, што галоўным заказчыкам быў наследны прынц.

Хашогі забілі 2 кастрычніка, калі той прыйшоў у дыппрадстаўніцтва па дакументы, якія дазволілі б яму пацвердзіць развод і заключыць новы шлюб з грамадзянкай Турцыі. Нявеста чакала яго непадалёк ад консульства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?