Прапановы гісторыка Ігара Марзалюка па фарміраванні «патрыятычнага стаўлення да Айчыны» гісторык Алесь Краўцэвіч на Белсаце назваў «балбатнёю».

Доктар гістарычных навук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк у тэксце «Як пабудаваць цытадэль праўды», апублікаваным у газеце «СБ. Беларусь сегодня», заявіў, што «вывучэнне айчыннай гісторыі з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі», ды прапанаваў увесці ў беларускіх універсітэтах курс «Гісторыя дзяржаўнасці».

Чытайце таксама:
Марзалюк: Неабходна стварыць Інстытут нацыянальнай памяці, каб адсочваць гістарычную палітыку суседзяў і апанентаў

Таксама Марзалюк прапануе правесці Кангрэс беларускіх гісторыкаў — з прыцягненнем усіх найважнейшых даследчыкаў нашай краіны.

На думку Алеся Краўцэвіча, гэтыя ідэі слушныя, але рэалізаваць іх у сённяшняй Беларусі немагчыма, бо ў аснове кансэнсусу беларускіх гісторыкаў павінны быць нацыянальныя інтарэсы нашага народа, а ў беларускіх вучэльнях працуюць некаторыя спецыялісты, погляды якіх з гэтым нацыянальным інтарэсам не супадаюць.

«У Нямеччыне забаронена хваліць Гітлера — гэта крымінальна караецца. А ў Гарадзенскім універсітэце можа быць так, што прафесар працуе 40 гадоў, есць беларускі хлеб і выступае супраць беларускай дзяржаўнасці ў гісторыі. Так не павінна быць. Ім павінен займацца КДБ — за дзейнасць супраць беларускай дзяржавы, — заяўляе Краўцэвіч. — Такога немагчыма ўявіць сабе ў Літве, ува Украіне, у Польшчы: там ёсць кансэнсус — нацыянальныя інтарэсы. А ў нас частка афіцыёзных гісторыкаў працуе з пункту гледжання інтарэсаў іншага народа — Расеі. Гэта недапушчальна. Гэта павінна спыняцца нават крымінальным пераследам».

Прычыну з’яўлення тэксту Марзалюка Краўцэвіч бачыць у тым, што афіцыёзныя гісторыкі пачынаюць прайграваць незалежным навукоўцам.

Суразмоўца «Белсата» прызнаецца, што на прапанову з боку дзяржавы ўзяць удзел у распрацоўцы агульнай канцэпцыі беларускай гісторыі ён бы пагадзіўся.

«Беларусь — наша краіна. Гэтая ўлада абавязаная на нас працаваць, — заяўляе Краўцэвіч. — Калі дзякуючы гэтым дамовам мне ўдасца вымусіць надрукаваць сапраўды беларускі падручнік, калі ўдасца паставіць помнік Касцюшку або Каліноўскаму, калі ўдасца прыбраць помнік Калініну — я на гэта пайду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?