Пра гэта піша ў сённяшнім нумары аўтарытэтнае расійскае выданне «КоммерсантЪ», спасылаючыся на экспертныя і царкоўныя колы.

У аўторак у Богаяўленскім кафедральным саборы Масквы пройдзе пахаванне патрыярха Аляксія ІІ, што памёр 5 снежня на 80‑м годзе жыцця.

Ужо на наступны дзень найвышэйшыя царкоўныя іерархі збяруцца на пазачарговае пасяджэнне Сіноду, дзе будзе вызначана дата правядзення Памеснага сабору: ягоныя дэлегаты абяруць новага кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы.

У царкоўных і экспертных колах сыходзяцца на думцы, што абіраць будуць з чатырох кандыдатур: мітрапалітаў Смаленскага і Калініградскага Кірылы; Калужскага ды Бароўскага Клімента, мітрапаліта Круціцкага і Каломенскага Ювеналія, а таксама кіраўніка Беларускага экзархата РПЦ Філарэта.

Але фаварытамі выбарчай кампаніі, паводле прагнозаў царкоўных і свецкіх аналітыкаў, піша «Коммерасантъ» з’яўляюцца мітрапаліты Кірыла і Клімент.

Абодва маюць сур’ёзную ўнутрыцаркоўную вагу. Мітрапаліт Кірыла — сённяшні кіраўнік аддзела замежных царкоўных сувязяў — апошнім часам быў найбольш публічным з царкоўных упраўленцаў. Менавіта ён выконваў ролю спікера і асноўнага перамоўшчыка ў самым гучным дасягненні РПЦ — злучэнні рускай і замежнай праваслаўных цэркваў у траўні 2007 году.

Галоўным супернікам Кірылы называюць мітрапаліта Клімента — кіраўніка спраў Маскоўскага патрыярхату, што ў свецкай іерархіі адпавядае пасадзе кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. На гэтай пасадзе Клімент займаецца ўнутранымі справамі РПЦ, а таксама правядзенне сінодаў, архіерэйскіх сабораў, а таксама асабістае інфармаванне патрыярха аб стане царкоўных спраў. Менавіта з Кліментам у Аляксія ІІ склаліся вельмі даверчыя стасункі.


Ад

кіраўніка РПЦ залежаць і стасункі з уладай

Клімент прадстаўляе кансерватыўнае крыло ў РПЦ. За яго аддадуць галасы незадаволеныя мітрапалітам Кірылам. Дыякан Андрэй Кураеў у інтэрвію «Коммерсанту» іранізуе, што за Клімента будуць галасаваць так, як у 1996 г. галасавалі за Зюганава тыя, хто быў незадаволены ліберальным праўленнем Ельцыным.

Адпаведна Кірыла прадстаўляе ліберальнае крыло ў РПЦ.

Эксперты таксама зазначаюць, што шанцы мітрапаліта Кірылы павышае тое, што яго абралі часовым кіраўніком РПЦ (месцаахоўнікам), але ў той жа час нагадваюць, што ў 1990 г. месцаахоўнікам быў абраны мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Філарэт, а патрыярхам жа абралі Аляксія ІІ.

Што да мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, то аналітыкі адзначаюць, што супраць іерарха — як і супраць і мітрапаліта Ювеналія — можа адыграць узрост (абодва нарадзіліся ў 1935 г.). Кірыла нарадзіўся ў 1946 г., Клімент - у 1949 г.

Апроч таго, Філарэт з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, што на думку палітолагаў, у сітуацыі «абвастрэння дзяржаўных дачыненняў паміж дзвюма краінамі царква можа і не пайсці на такі выбар.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0