22 лістапада галоўнаму рэдактару партала TUT.BY Марыне Золатавай выставілі абвінавачванне.
Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY.
Абвінавачванне Марыне Золатавай выстаўлена па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Раней яна таксама была падазраванай па ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэкса. Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Марыны Золатавай спынены «ў сувязі з нездзяйсненнем злачынствам».
Такім чынам, усім фігурантам «справы БелТА» (на дадзены момант іх налічваецца 15 чалавек) выстаўленыя абвінавачванні.
З дакументаў вынікае, што абвінавачаныя журналісты і рэдактары нібыта «наўмысна з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці здзейснілі несанкцыянаваныя доступы, што суправаджаліся парушэннем сістэмы абароны, да кампутарнай інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сістэме і сеткі рэспубліканскага УП «БелТА», якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне іншай істотнай шкоды».
Усім фігурантам быў выстаўлены штраф. Яго сумы вар'іруюцца ад 3 да 17 тысяч рублёў.
Двух фігурантаў па «справе БелТА», уласнага карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўла Быкоўскага і рэдактара партала Realt.by Уладзіслава Кулецкага, сёння, 22 лістапада, вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.
Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласкар «Нямецкай хвалі» Павал Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Рада Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.