Неяк, прыводзячы да ладу хатнюю бібліятэку, я здзьмухнуў пыл са старых дзіцячых кніжак. Усміхнуўся: знаёмыя вокладкі! Для цікавасці разгарнуў апошнюю старонку з выходнымі дадзенымі — і перажыў шок. 

Вось, напрыклад, пяць выданняў:

Іх агульны наклад перавышае мільён асобнікаў!

Гэта нечуваная лічба на сённяшні час. Цяпер кніжка па-беларуску для дзяцей выходзіць, у найлепшым выпадку, колькасцю паўтары-тры тысячы асобнікаў. 

Давайце зірнем бліжэй на забытыя беларускія дзіцячыя бестселеры трыццацігадовай даўніны:

«Знайка». Наклад 300 тысяч

У час, калі інтэрнэту не існавала, калі кіёскі не былі заваленыя глянцавымі часопісамі для дзяцей, а мульцікі ішлі па тэлевізары па раскладзе, «Знайка» атрымаўся сапраўдным хітом сталічнага выдавецтва «Юнацтва». 

У невялічкім часопісе на 20 старонак (уключна з вокладкай) змясціліся і гульні-забаўкі, і коміксы, і нават самаробная міні-кніжка — і ўсё ў адметным стылі, без малпавання замежных культурных вобразаў. 

У прынцыпе, «Знайку» можна было б назваць часопісам, хоць фармальна, бадай, гэта была менавіта кніжная серыя. Памятаю, як у «Кнігарні пісьменніка» на Залатой Горцы я з захапленнем разглядаў гэтую тоненькую кніжачку.

Дарэчы, праз нейкі час «Знайку» пачалі выдаваць таксама і па-руску. Але мне, хоць і ўзгадванаму ў рускамоўным асяроддзі, звыклая беларускамоўная версія падавалася нейкай цяплейшай, больш зразумелай.

Звярніце ўвагу на наклад!

Звярніце ўвагу на наклад!

«Селянін, мядзведзь і лісіца». Наклад 240 тысяч

Невялічкая, сціплая, тоненькая, на шурпатай паперы ў афармленні Валянціна Губарава. Выйшла ў серыі «Казка за казкай» таго самага выдавецтва «Юнацтва».

Казкі, відаць, заўжды будуць мець свайго чытача-слухача. Але вось ці вернецца час, калі іх будуць выдаваць накладамі па чвэрць мільёна?

«Міколка-паравоз». Наклад 160 тысяч

Літаратурныя блакбастэры Міхася Лынькова ў савецкі час друкаваліся сур'ёзнымі накладамі, і, варта сказаць, заслужана. Хоць кніга і нясе ў сабе савецкую афарбоўку, але з цягам часу ідэалагічнае шалупінне выветрываецца з дзіцячай памяці. Застаецца дынамічны сюжэт, жывая мова, настрой. Некаторыя ілюстрацыі (аўтарства Віктара Александровіча) на цяперашні час выглядаюць нават рызыкоўна:

Кпіць з царскіх гарадавых у часы Міколкі Паравоза было так сама небяспечна, як і цяпер.

Кпіць з царскіх гарадавых у часы Міколкі Паравоза было так сама небяспечна, як і цяпер.

Уявіце сабе: больш за трыста старонак беларускага тэксту «Міколкі Паравоза» разышліся накладам 160 тысяч асобнікаў. Калі скласці ўсе гэтыя кнігі ў стос, то яго вышыня складзе 4,8 кіламетра! А гэта ж толькі адно з некалькіх выданняў гэтай кнігі. 

Пагоня: лынькоўскі варыянт

Пагоня: лынькоўскі варыянт

«Людзей слухай, а свой розум май». Наклад 90 тысяч

Яшчэ адна кніга казак — праўда, не для самых маленькіх, а, хутчэй, для ўсіх узростаў.

Казкі часцяком смешныя, крыху нават хуліганістыя, і без каліва паліткарэктнасці (у 1980-ыя такога слова, здаецца, яшчэ не ведалі).

Кніга адметная шыкоўнымі, дынамічнымі ілюстрацыямі аўтарства славутага майстра афорту Валерыя Славука.

Комікс «Дзікае паляванне». Наклад 250 тысяч

Культавы комікс па культавай кніжцы Уладзіміра Караткевіча аўтарства Адама Глобуса ў суаўтарстве з Уладзімірам Сцяпанам. 

Па сваёй мастацкай цэласнасці, кінематаграфічнасці, ды стылістычнай арыгінальнасці гэты комікс, бадай, і дагэтуль застаецца па-за канкурэнцыяй. Зрэшты, ці шмат тых коміксаў у нас было створана ўвогуле?

Дарэчы, сам Адам Глобус у адным з інтэрв'ю сказаў, што стварыў комікс на знак удзячнасці Уладзіміру Караткевічу за сяброўства. 

«Дзікаму паляванню» проста наканавана было зрабіцца бестселерам. Але, выглядае, гэта быў першы акорд у лебядзінай песні масавага беларускамоўнага кнігавыдавецтва.

Часы беларускіх кніжак, выдаваных чвэрцьмільённымі накладамі, сыходзілі ў нябыт

Надыходзілі «ліхія дзевяностыя», якія прынеслі краіне незалежнасць, але і перакрылі плынь дзяржаўных грошай, якія можна было скіроўваць на нацыянальныя культурніцкія праекты. 

Высновы

У чым быў сакрэт гэтых позніх 1980-ых? Чаму тады атрымлівалася выдаваць (і прадаваць!) кнігі на беларускай мове такімі агромністымі накладамі? 

Відаць, сышліся разам зоры. З аднаго боку, яшчэ існаваў Савецкі Саюз (і, здавалася, будзе існаваць яшчэ дзясяткі год). З іншага, ужо адчуваўся свежы павеў, і творцы, якія любілі Беларусь, змаглі выкарыстоўваць вялікія рэсурсы планавай эканомікі (якая прасцірала свае шчупальцы і ў культуру) для таго, каб пакрысе, з кампрамісамі і цяжкасцямі, але ствараць моўны, культурны падмурак для будучай нацыі.

Ці варта нам бедаваць па тых часах? Бадай, што не. Лепей бачыць 1980-ыя як знак будучыні. Калі нават у неспрыяльных савецкіх умовах быў магчымы такіх размах кнігадруку, то пагатоў і ў незалежнай Беларусі, з новымі тэхналогіямі, будзе попыт на беларускае слова — хоць і не абавязкова друкаванае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?