Аляксандр Баразенка — апошні з абвінавачаных па справе 14‑ці юнакоў і дзяўчат, што ўзялі ўдзел у маніфэстацыі за змену эканамічнай палітыкі ў студзені. Хлопцу пагражае турэмнае зняволенне. Ад 27 кастрычніка Аляксандр знаходзіцца ў следчым ізалятары.

17:09 Як ад'язджаў аўтазак, зноў узнікла патасоўка. Міліцыянты рабілі спецкалідор, у гэты момант зачапілі Андрэя Кіма, за якога ўступілася ягоная маці.

16:33 Жанчыны надавалі кухталёў лідэру брсмаўцаў з БДТУ, што прывёў брыгаду сваіх маладзёнаў у суд.

«Ратуйце, ратуйце, міліцыя, — лямантуе ён, — збіваюць».

* * *

16:30 Маці Аляксандра Баразенкі спадарыня Алена кажа, што спадзяецца на справядлівы прысуд, прынамсі штраф, хоць надзеі на гэта няшмат. "Тады трэба апраўдваць іншых актывістаў", - рэзонна заўважае яна.

Мой сын ні ў чым не вінаваты

Па лістах адчуваецца, кажа сп. Алена, што Аляксандр трымаецца вельмі добра, жартуе ў лістах. Ён напісаў, што змяніў тры камеры. Жартуе, што ніяк не можа прывыкнуць да сукамернікаў. "З аднымі зжыўся, у іншую камеру пераводзяць".

"Але піша, што мяне не зломіш, як бы яны не стараліся", - кажа Алена Баразенка.

Сам Аляксандр Баразенка нават жартаваў на судзе.

***

16:26 З'явілася дырэктарка ўніверсаму "Цэнтральны" Валянціна Войнах. Яна кажа, што выручка штодня розная, але 10 студзеня наведнікаў было мала.

Абвешчаны перапынак да заўтра. Працяг а 9:30.

Калі Баразенку выводзілі з залы суда, яго віталі апладысментамі

16:05 Удзельнікі акцыі салідарнасці з Баразенкам запусцілі каля дзесятка феерверкаў побач з будынкам суду.

15:49 Дапыталі сведак. Абвешчаны перапынак на 5-7 хвілін.

15:38 Падбярозкін кажа, што маніфестанты мелі антыдзяржаўную сімволіку і расцяжку, што лаяліся матам. Баразенку ў твар не пазнаў, напэўна, адзінага з фігурантаў справы.

15:31 Ідзе допыт яшчэ аднаго сведкі -- намесніка начальніка ДАІ Менска Падбярозкіна.

15:26 Пачаўся допыт сведкі - Аляксандра Субача. Пакуль ніхто не сказаў, што бачыў Баразенку.

15:22 Алесь Баразенка пабачыў у акне бел-чырвона-белы сцяг. Задаволена ўсміхаецца.

15:17 Дае паказанні ДАІшнік Гаркун. Пад вокнамі суда пачалася акцыя падтрымкі Аляксандра. Людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі гукаюць "Свабоду" ды "Жыве Беларусь!". У зале суда гэта добра чуваць.

15:12 Даў паказанні інспектар ДАІ Шасцерыкоў.

14:52 Інспектар ДАІ Дзеравянка амаль на ўсе пытанні адказвае, што нічога не памятае.

14:46 Дае паказанні ІПшнік Мініч, які апынуўся 10 студзеня ў заторы.

14:35 Дае паказанні дырэктарка крамы «Ласунак», што ля ГУМу, Філіпенкава. Кажа, што выручка 10 студзеня была меншая, чым звычайна, але яна сама мітынгу - і натуральна, шэсця - не бачыла.

14:28 Аляксандр Баразенка сваёй віны не прызнаў, ён адмовіўся даваць паказанні. Пачаўся допыт сведкаў.

14:22 Баразенку не выпусцілі з клеткі. Аляксандр папрасіў выдаліць з залы суда «двух незразумелых гопнікаў» - адхілена.

14:14 Заяўлена два хадайніцтвы. Першае, каб Аляксандр знаходзіўся не ў клетцы, а побач са сваім адвакатам Паўлам Сапелкам, другое - аб змене меры стрымання пад падпіску аб нявыездзе. Абодва адхілены.

Крыху раней суддзя папрасіла усім фотакорам пакінуць залу суда. Усе і павыходзілі.

14:08 Працэс пачаўся, заявіліся 6 сведкаў, пракурор - Ціхавец, суддзя - Наталля Вайцяховіч.

* * *

14:04 Загадзя ў залу суда - тут, дарэчы, судзілі Андрэя Кіма - правялі групу студэнтаў аднаго са сталічных ВНУ, якія занялі больш за палову залі. Маці Аляксандра спрабуе апеляваць да іх.

Шмат людзей не можа трапіць у залу праз гэтых паднявольных студэнтаў.

* * *

14:00 Прыйшлі палітыкі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, (абодва - партыя БНФ), Вячаслаў Сіўчык, палітолаг Алесь Лагвінец, прадпрымальніцкія лідэры Алесь Макаеў, Ігар Леднік, моладзевы лідэр Яўген Афнагель.

Крыху пазней падцягнуліся лідэр незарэгістраванага Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч з Інай Кулей ды лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Сам Аляксандр Баразенка знаходзіцца ў турэмнай клетцы. Трымаецца ён упэўнена.

Зміцер Панкавец

Акцыя салідарнасці з Баразенкам.

Акцыя салідарнасці з Баразенкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0