Актывісты, якія выступаюць супраць павышэння цэн на бензін у Францыі, у суботу зладзілі масавую акцыю пратэсту ў цэнтры Парыжа. Яны пабудавалі барыкады недалёка ад Елісейскіх палёў. Паліцыя ў адказ выкарыстала слезацечны газ і знесла частку барыкад.

Паводле ацэнак паліцыі, у горадзе на мітынгі сабраліся каля 8000 чалавек, 5000 з іх знаходзяцца ў раёне Елісейскіх палёў, перадае РБК са спасылкай на BFM TV.

Паліцыі пры дапамозе спецмашын удалося знесці частку барыкад і прасунуцца да занятай пратэстоўцамі плошчы Этуаль.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у цэнтры Парыжа спачатку былі арыштаваныя восем чалавек. Пад ноч колькасць затрыманых паліцыяй пратэстоўцаў узрасла да 30.

Частка мітынгоўцаў спявае Марсельезу і выкрыквае: «Макрон — злодзей».

МУС Францыі сцвярджае, што сярод пратэстоўцаў ёсць члены ультраправых партый і рухаў, мэтай якіх з'яўляецца справакаваць гвалт. Адказнасць за магчымыя напады на ўрадавыя ўстановы МУС ўсклаў на лідарку Нацыянальнага фронту Марын Ле Пен, якая заклікала сваіх прыхільнікаў выходзіць на Елісейскія палі.

Акрамя Парыжа акцыі пратэсту праходзяць і ў іншых гарадах Францыі: Ле Мане, Тулузе, Ліможы, Ліёне, Лілі.

Акцыі пратэсту ў Францыі пачаліся пасля таго, як улады абвясцілі пра намер падняць у наступным годзе падатак на дызельнае паліва і бензін. Такое рашэнне ўрад патлумачыў барацьбой за ахову навакольнага асяроддзя. Пратэстоўцы ў жоўтых камізэльках ў мінулыя выходныя блакавалі дарогі, а таксама спрабавалі прарвацца да прэзідэнцкага палаца. Супраць дэманстрантаў быў выкарастаны слезацечны газ. Падчас пратэстаў пацярпелі больш за 200 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0