Гарадзенскі гігант працуе ў рэжыме эканоміі, але без скарачэньня працоўнага тыдня.

У недзяржаўных СМІ раз‑пораз з’яўляецца інфармацыя пра пагаршэнне сітуацыі на буйных і ня вельмі дзяржаўных прадпрыемствах. Часцей за ўсё гаворыцца пра скарачэнне працоўнага тыдня і заробкаў, хуткія звальненні персаналу. Інтэрнэт‑газета «Ежедневник» паведаміла пра магчымы хуткі продаж гарадзенскага «Азоту».

Прычына — падзенне попыту і цэнаў на амаль увесь асартымент прадукцыі прадпрыемства.

Кіраўнік пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза ААТ «Азот» Сяргей Антусевіч не пацвердзіў інфармацыю пра хуткую змену ўласніка прадпрыемства:
«Прынамсі сёння на планёрцы гаварылася толькі пра выкананне планаў ды пра нейкія штодзённыя рэчы. Але калі захочуць, то прададуць і без нас, бо дзяржава трымае больш за 99% акцый». Раней паведамлялася, што гарадзенскім прадпрыемствам цікавіўся «Газпром».

Па словах С. Антусевіча, прадпрыемства працуе ў рэжыме эканоміі, але без скарачэньня працоўнага тыдня, заробкі выплочваюцца. «Пакуль усё досыць зносна, хоць напружанасць ёсць, але гэта сезонная з’ява — перад пачаткам году заўсёды падаюць продажы прадукцыі».

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0