Да свайго 15-гадовага юбілею галоўны музычны партал краіны TuzinFM.by разам з Letapis.by склаў cпіс песень, без якіх немагчыма ўявіць незалежную беларускую музыку. У яго ўвайшлі 40 самых важных беларускамоўных песень з хіт-параду «Тузіна» (2003—2018) і яшчэ 20 хітоў за папярэднія 15 гадоў (1988—2003).

Рэйтынг уклалі кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін і аўтар праекту «Мапа станаўлення Беларусі» Аляксей Чаранкевіч. Да кожнага з 60 трэкаў напісаная анатацыя і гісторыя ягонага стварэння, падабраныя выявы, відэа і спасылкі на рэсурсы, дзе можна болей дазнацца пра выканаўцу, паслухаць і набыць ягоныя трэкі. У спіс увайшлі тыя песні, якія перамагалі ў чарце на «Тузіне Гітоў» і называліся найлепшымі песнямі сезону цягам 15 год існавання партала, а таксама 20 хітоў за папярэднія 15 год, без якіх немагчыма ўявіць беларускую музыку.

«З аднаго боку гэта падсумаванне для нас саміх — у рэйтынг увайшлі песні, якія паўплывалі на нас асабіста і на развіццё айчыннай сцэны ў цэлым. На нашую задуму, гэты рэйтынг таксама мае стаць кропкай уваходу ў беларускую музыку для тых, хто толькі пачынае ёй цікавіцца», — заўважае Сяргей Будкін.

«Спачатку мы хацелі зрабіць спіс з 15 трэкаў, потым пашырылі яго да 20, а па выніку ён разросся да 60 і ў ім далёка не ўсё, што хацелася ўключыць. У яго ўвайшлі пераважна рок-хіты нашых музыкаў. Поп-выканаўцы, барды, мэталісты, фолк-спевакі ды музыкі іншых кірункаў, безумоўна вартыя асобных рэйтынгаў», — зазначае Аляксей Чаранкевіч.

Праект «60 песень беларускамоўных гітоў сучаснасці» прымеркаваны да 15-годдзя інтэрнэт-парталу TuzinFM. Юбілей будзе адзначаны канцэртам «Героі году» і ўручэннем прэміі найлепшаму гурту і найлепшаму адкрыццю 2018-га. Квіткі на канцэрт можна набыць тут

Слухаць 60 беларускамоўных хітоў сучаснасці можна тут

Інфармацыя пра стваральнікаў праекту:

Праект TuzinFM.by («Тузін Гітоў») стартаваў у 2003 годзе з мэтаю прасоўвання беларускай (перадусім беларускамоўнай) музыкі. Кіраўнік праекту — Сяргей Будкін. На старонках парталу можна знайсці інфармацыю пра песні, альбомы і кліпы айчынных выканаўцаў і фірмовыя чарты, якія пастаянна абнаўляюцца. Акром таго, партал самастойна і з партнёрамі ініцыюе і рэалізуе культурныя праекты. Сярод самых яркіх — «Тузін.Перазагрузка», «Тузін.Немаўля», «Радыё Тузін», «Заспявай», Belsat Music Live, «(Не)расстраляныя» ды іншыя.

Letapis.by — зборнік праектаў, прысвечаных Беларусі і беларускай культуры. Аўтар праектаў — Аляксей Чаранкевіч. Пачатак існаваньня — студзень 2016.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?