27.11.2018 / 11:44

Першы ў Беларусі даведнік па нацыянальнай гастраноміі выдадуць праз краўдфандынг  10

На краўдфандынгавай платформе Ulej.by стартаваў новы праект «Белорусская кухня. Гастрономический путеводитель» ад выдавецтва «Рэнесанс Паблішынг».

Пра даведнік

Новае выданне прысвечанае багатай гістарычнай спадчыне беларускай кухні: больш за 40 страў і 8 напояў, іх рэцэпты і гісторыі ўзнікнення.

Над даведнікам у камандзе выдавецтва працуе вядомы эксперт гастранамічнай гісторыі Беларусі Алесь Белы. Ён напісаў не адну кнігу на тэму беларускага кулінарнай спадчыны, але гэтая праца адрозніваецца ад іншых, таму што мае не толькі адукацыйнае, але і прыкладное значэнне. Апроч гісторыі і рэцэптаў, тут сабраныя рэстараны, аграсядзібы і прыватныя майстры, якія адраджаюць беларускія традыцыі сыраробства, хлебапячэння, піваварства і пераасэнсоўваюць нацыянальныя стравы.

— Нацыя павінна чымсьці аб'ядноўвацца. І на мой погляд, развіццё культуры і традыцый (а кухня - неад'емная частка традыцый і культуры) — гэта выдатная аснова! Гэтым праектам мы пачынаем цыкл ініцыятыў па адраджэнні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, — адзначыў кіраўнік выдавецтва «Рэнесанс Паблішынг» Уладзімір Пiлат.

Структура даведніка

Першая частка гастранамічнага даведніка прысвечана аўтэнтычным і важным у беларускай спадчыне стравам. Усяго ў гэтым «меню» іх больш за сорак. Другая частка пазнаёміць з беларускімі напоямі, безалкагольнымі і алкагольнымі. Старка, зуброўка, разнастайныя настойкі, бярозавік і нават кава — якімі яны былі ў мінулым і што сталася цяпер.

Выданне імкнецца да таго, каб развеяць стэрэатыпы пра выключана вясковае мінулае беларускай кухні і яе аднастайнасць і паказаць жыццяздольнасць «старых» рэцэптаў у свеце сучаснай гастраноміі. Унікальная частка праекта, яе самыя маляўнічыя і апетытныя замалёўкі прысвечаны гастрапарам — спалучэнням традыцыйных страў з трэндавымі сёння напоямі.

Калі чакаецца выхад

Даведнік па беларускай кухні будзе поўнакаляровым выданнем на крэйдаванай матавай паперы фарматам 170х225 мм, у мяккай ламінаванай вокладцы са спецыяльным адваротам, якія выконваюць функцыю зручнай закладкі. Выхад новага выдання плануецца на канец снежня 2018 года.

Паспрыяць развіццю нацыянальнай гастраноміі і вяртанню яе скарбаў можна, паўдзельнічаўшы ў краўдфандынг-кампаніі на Ulej.by і замовіўшы экзэмпляр у асабістую бібліятэку або ў падарунак (асаблівая падарункавая ўпакоўка).

Таксама праект «Белорусская кухня. Гастрономический путеводитель» запрашае да супрацоўніцтва кавярні, рэстараны, аграсядзібы і іншыя кампаніі, неабыякавыя да беларускай гісторыі і культуры.

2
0 / Адказаць
27.11.2018 / 11:59
Рускамоўная - гэта не нацыянальная. Зноў будзе падстава сказаць: "Ну ані такіе жэ как мы!"
0
Алена / Адказаць
27.11.2018 / 12:25
Вельмі цікава, але чаму на рускай мове?
1
Яны - не мы / Адказаць
27.11.2018 / 13:52
Адразу пасылаю туды, куды Макар цялят не ганяў. і не разумею, навошта такое вычварэнства рэкламаваць у газеце, якая прэтэндуе на званне беларускай.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру