Энтамолагі апісалі 10 пчол з адной калоніі, у якіх аказалася па два ці тры бацькі і адна маці. Яшчэ ў адной пчалы з той жа калоніі маці не было зусім, толькі два бацькі, паведамляе N+1.

Энтамолагі з Сіднэйскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Бенджаміна Олдрайда выявілі ў адной з калоній італьянскіх пчол (Apis mellifera ligustica) 11 асобін з імаверным гінандрамарфізмам. Маці гэтых пчол была матка, якая спарвалася з самцамі і заснавала калонію натуральным шляхам. Даследнікі вывучылі знешнія прыкметы гінандраморфных пчол і іх генатып.

У выніку высветлілася, што ў 10 з 11 пчол сапраўды спалучаліся жаночыя і мужчынскія вонкавыя прыкметы і генатып. Частка з іх адрознівалася незвычайнай афарбоўкай брушка, у пяцёх пчол былі палавыя органы, характэрныя для рабочых пчол, у траіх яны былі анамальна развітыя, амаль як у маткі.

У дзвюх пчол былі часткова жаночыя, часткова мужчынскія рэпрадуктыўныя органы. Што тычыцца генатыпу, то ў дзвюх асобін было па тры бацькі, у астатніх — па два.

Але самы незвычайны генатып быў у самкі, у якой наогул не было мацярынскага ядзернага геному, толькі два бацькавыя.

Вонкава яна выглядала як рабочая пчала, і ад астатніх яе адрознівала толькі незвычайная афарбоўка брушка. Але яе генатып, імаверна, атрымаўся ў выніку зліцця двух бацькавых ядзерных геномаў, што, па словах аўтараў даследавання, з'яўляецца першым вядомым выпадкам у перапончатакрылых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0