Спойлер: халодна (амаль) не будзе.
1. Канцэрт Šuma
Прыхільнікам якаснай беларускай музыкі раім наведаць канцэрт Šuma, што адбудзецца 2 снежня (нядзеля) у «Корпусе». На ім будзе прэзентаваны кліп на трэк «Хмаркі». Варта прыйсці!
Квіткі: 10—20 BYN.
Падрабязней пра канцэрт чытайце тут.
2. «Пясочніца» — Калядны кірмаш
Усім аматарам калядных кірмашоў раім накіравацца ў «Пясочніцу». Працаваць кірмаш будзе толькі на выхадных з 1 снежня да 6 студзеня (прыблізна). Тут можна будзе пачаставацца зімовымі сэтамі па звыклым кошце — 7 рублёў. А таксама сагрэцца духмяным глінтвейнам.
Але ж прыйсці сюды варта не толькі дзеля смачненькага. На выхадныя ў «Пясочніцы» запланавана насычаная забаўляльная праграма. І для дзетак таксама.
3. Бульба Battle
Тым, хто ў захапленні ад беларускай традыцыйнай кухні і любіць рознага кшталту спаборніцтвы, раім абавязкова наведаць Бульба Battle. 1 снежня ў «Грай-кафэ» вы зможаце абсалютна бясплатна пачаставацца дранікамі. Пераможцу арганізатары абяцаюць пазітыўны прыз.
Падрабязней пра дранікі і конкурс тут.
4. Ззянне
Усім тусоўшчыкам мы нагадваем пра маштабную вечарыну «Ззянне», што адбудзецца ў ноч з суботы на нядзелю ў Ok16. Будзе шмат якаснай музыкі.
Варта адзначыць, што сёлета «Ззянне» святкуе сваё трохгоддзе. З гэтай нагоды арганізатары падрыхтавалі некалькі цікавостак.
Квіткі: 10—20 BYN.
18+
5. Вандроўкі ў мінулае
Унікальны адукацыйна-сацыяльны праект, які дапаможа вам убачыць Мінск па-іншаму. У гэтую суботу арганізатары запрашаюць прагуляцца па Ракаўскім прадмесці і яго ваколіцах. Бярыце каву/гарбату і апранайцеся цяплей.
Удзел у вандроўках бясплатны, але вы можаце дапамагчы развіццю праекта, пакінуўшы столькі грошай, колькі захочаце.
Што запланавалі арганізатары на нядзелю, а таксама расклад на іншыя даты глядзіце тут.