Падчас судовага перапынку карэспандэнт «Нашай Нівы» пагутарыў з маці і бацькам палітвязня Аляксандра Баразенкі. Cпн. Алена працуе ў банку, на час суду яна ўзяла на працы адпачынак, а сп.Аляксандар — у акцыянерным таварыстве, якое займаецца металапрадукцыяй.

«Наша Ніва»: Як перажылі арышт сына?

Аляксандр Баразенка‑старэйшы: Ну як яго арыштавалі? Ён разам з адвакатам Паўлам Сапелкам сам паехаў да следчага Міхалькевіча. Там яго і арыштавалі. Дзень пратрымалі ў падвале, а пасля адвезлі на Валадарку. Шчыра сказаць, спадзяваліся, што мерай стрымання абяруць падпіску аб нявыездзе.

Ён жа нікуды не хаваўся, хаця лёгка мог з’ехаць у Польшчу. Ну а пасля пачаўся сапраўдны маразм. Як перажылі? Трэба быць бацькам ці маці, каб зразумець гэта.

«НН»: Ён пісаў вам лісты?

Алена Баразенка: Саша малайчынка, трымаецца. Мы таксама трымаемся.

Ён амаль штодня дасылае нам лісты. Кажа, што вельмі шмат пішуць, нават не паспявае ўсім адказаць.
Падтрымка вельмі адчуваецца. Адзінае, што ён наракаў, дык гэта частая змена камер. За паўтара месяца паспеў змяніць аж тры камеры.

Аляксандр: Я ездзіў з ім на сустрэчу, дык ён тады казаў, што дзесяць чалавек у камеры, умовы былі нармальнымі, быў тэлевізар.

«НН»: Ці паведаміў вам Саша, калі быў абвясціў галадоўку?

Аляксандр: Нікому не казаў, але мы здагадаліся з лістоў.

Пісаў, маўляў, нічога не дасылайце, усяго хапае, прадукты могуць сапсавацца. Потым ягоныя сяброўкі ўжо нам сказалі, што ён насамрэч галадае.

Алена: Мы зразумелі, што галадоўку ён абвяшчаў, каб працэс крыху паскорылі, а не зацягвалі. Я ўмаляла, каб спыніў, каму ён што гэтым дакажа, але Саша настаяў на сваім. Галадоўку працягваў ці восем, ці дзесяць дзён, мы нават дакладна не ведаем.

«НН»: А прасілі Сашу не вяртацца з Польшчы?

Алена і Аляксандр (адначасова): Прасілі…

Алена: Прасілі, не раз, не два і не тры. Мы разумелі, чым гэта скончыцца. Ён таксама ведаў…

Аляксандр: Зразумець можна і яго.

Усе сябры пацярпелі, усе былі асуджаныя, усе панеслі «заслужанае пакаранне». Адзін ён застаўся. Ён спробы вярнуцца рабіў яшчэ падчас следства, потым у траўні двойчы спрабаваў сюды прыехаць. Мы неяк упрасілі, каб застаўся ў Польшчы, бо трэба было давучыцца.

«НН»: Ведалі, што ён збіраецца ісці да следчага?

Алена і Аляксандр (адначасова): Так.

Аляксандр: Але спадзяваліся, што не арыштуюць. Але ў нас трэба хлопца кінуць за краты, трэба ўводзіць у залю суду ў кайданах.

«НН»: Сына заўсёды падтрымлівалі, калі ён прыйшоў у апазіцыю?

Алена: Так.

Аляксандр: З аднаго боку так, з іншага — не.

Часам спрачаемся. Вы ж самі бачыце, якое становішча ў той жа апазіцыі. Не могуць яны нейкі агульны стрыжань знайсці, кожны цягне коўдру на сябе, таму такі разброд і атрымліваецца.
А ўсё было закладзена яшчэ, калі разганялі парламент: калі б усе выступілі тады адзіным фронтам, то ўсё, магчыма, было б па-іншаму.

«НН»: А самі ўдзельнічаеце ў акцыях апазіцыі?

Аляксандр: Апошні раз прыязджаў, калі было пятнаццаць гадоў ад сканчэння універсітэту, тады акурат праходзіў «Чарнобыльскі шлях». А зараз такая кухонная апазіцыя.

Алена: А як жа ўлёткі?

Аляксандр: Ну так, часам улёткі разношу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?