02.12.2018 / 12:21

Сёння Беларусь дазнаецца супернікаў па адборы на Еўра-2020: можа трапіць у «групу смерці»

Увосень прайшоў першы турнір Лігі нацый, дзе зборная Беларусі заваявала права паўдзельнічаць у турніры плэй-оф, што дае прамую пуцёўку на чэмпіянат Еўропы па футболе. Першы матч — у сакавіку 2020 года супраць Грузіі.

А сёння ў Дубліне (пачатак а 14-й) пройдзе лёсаванне класічнага адборачнага турніру на Еўра-2020. 55 зборных будуць разбітыя на 10 групаў: па пяць ці шэсць камандаў у кожнай. Турнір пройдзе з сакавіка па лістапад 2019 года.

Пуцёўкі на Еўра-2020, які ўпершыню пройдзе не ў адной ці двух краінах, а адразу ў 12 гарадах (Лондан, Глазга, Дублін, Капенгаген, Амстэрдам, Більбаа, Мюнхен,Рым, Будапешт, Бухарэст, Санкт-Пецярбург, Баку) атрымае па дзве каманды з групы. Астатнія чатыры пуцёўкі атрымаюць пераможцы міні-турніраў згаданай вышэй Лігі нацый.

 

У сённяшнім адборы Беларусь трапіла ў кошык 5, разам з Арменіяй, Азербайджанам, Фарэрамі, Гібралтарам ды інш.. Слабей за нас толькі кошык 6 з Андорай, Латвіяй, Ліхтэнштэйнам і Сан-Марына. Гэта азначае, што каманду з кошыка 5 мы не атрымаем, а з кошыка 6 — так, калі трапім у групу з 6 камандаў.

У кошыку 1: Англія, Бельгія, Галандыя, Іспанія, Італія, Партугалія, Польшча, Францыя, Харватыя, Швейцарыя.

У кошыку 2: Аўстрыя, Боснія, Германія, Данія, Ісландыя, Расія, Украіна, Уэльс, Чэхія, Швецыя

Кошык 3: Балгарыя, Ізраіль, Ірландыя, Паўночная Ірландыя, Нарвегія, Шатландыя, Сербія, Славакія, Турцыя, Фінляндыя.

Кошык 4: Албанія, Венгрыя, Грэцыя, Грузія, Кіпр, Літва, Румынія, Славенія, Чарнагорыя, Эстонія.

У групу трапляе па камандзе з кошыку.

Беларусь можа трапіць, як у групу смерці: любая з камандаў кошыка 1, а таксама Германія (кошык 2), Сербія (3), Румынія (4), а можа трапіць у групу «можна жыць». Напрыклад, Польшча (1), Ісландыя (2), Фінляндыя (3), Літва (4) і Сан-Марына.

Пачатак лёсавання ў 14:00.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру