flickr.com

flickr.com

Былы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі выдаў кнігу «Польшча можа быць лепшай» пра закуліссе польскай дыпламатыі. Каля дзесяці старонак у кнізе прысвечаныя Беларусі, піша Радыё Свабода.

Пасаду кіраўніка МЗС Сікорскі займаў найдаўжэй з усіх міністраў гэтага ведамства ў пасляваенны час у Польшчы — 7 гадоў. І першай перашкодай на шляху да гэтай пасады, як апісвае Сікорскі, стала менавіта Беларусь.

Прэзідэнт Лех Качыньскі ў 2007 годзе не хацеў зацвярджаць Радаслава Сікорскага кіраўніком МЗС з прычыны ягонага падыходу да затрыманага беларускага шпіёна. Сікорскі, які да таго, як стаць міністрам замежных спраў у ліберальным урадзе «Грамадзянскай платформы», быў міністрам абароны ва ўрадзе кансерватыўнага «Права і справядлівасці», хацеў спачатку правесці з беларускімі спецслужбамі аперацыйную гульню і затрымаць шпіёна толькі ў крайнім выпадку. Леху Качыньскаму гэтая прапанова не спадабалася. Але прэзідэнт у выніку пагадзіўся.

У сваёй кнізе ён апісвае сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, тлумачыць, навошта патрэбен Еўрасаюз, ці пагражае Еўропе Расея і ці можа яна спадзявацца на ЗША.

Побач з апісаннямі сустрэчаў з Хілары Клінтан, Сяргеем Лаўровым, Ангелай Меркель і Віктарам Януковічам Сікорскі падрабязна расказвае пра свае спробы дэмакратызаваць Беларусь.

Са згоды Радаслава Сікорскага Свабода публікуе некаторыя цытаты з кнігі.

«Палякі блізкія беларусам як ніякі іншы народ»

«Кожны паляк, які меў магчымасць наведаць гэтую краіну, не можа пазбыцца ўражання ад блізкасці. Не раз падчас перамоваў з беларусамі я лавіў сябе на думцы, што калі са стала перамоваў прыбраць сцягі, то па тварах палітыкаў нельга было б адгадаць, хто тут паляк, а хто беларус. У маім выпадку гэтае адчуванне было яшчэ большым. Дзявочае прозвішча маёй мамы Пашкевіч, і яе продкі эмігравалі пасля паўстання 1863 года з ваколіцаў Стоўпцаў у сённяшняй Беларусі. Зрэшты, і продкі маёй жонкі, Эн Эплбаўм, з боку яе бацькі Гарві, таксама паходзяць з Беларусі. Яны эмігравалі ў апошняе дзесяцігоддзе XIX ст. з Кобрына, уцякаючы, імаверна, ад прызыву ў царскае войска. Калі мы з Эн наведалі Кобрын у 1990 годзе, то нам расказалі, што апошні габрэй у Кобрыне меў прозвішча Яблонскі. Я думаю, што такая ж сітуацыя ў тысячах польскіх сем’яў.

Нас аб’ядноўвае і гісторыя. Беларусь моцна пацярпела падчас ІІ сусветнай вайны. Яе ваенныя страты (не ўлічваючы габрэяў) былі прапарцыйна найбуйнейшыя і склалі нават чвэрць насельніцтва. Гэта значна больш, чым у Польшчы. Трэба таксама памятаць, што самыя крывавыя ваенныя дзеянні адбываліся менавіта на тэрыторыі ўсходняй Польшчы, Беларусі і Украіны. Не кожны ведае, што каты мірнага насельніцтва падчас Варшаўскага паўстання, славуты полк SS Dirlewanger, вучыліся сваім злачынным метадам у Беларусі. Так, як мы марылі пра вызваленне з саюзніцкага Лондана, так і яны (беларусы. — РС) маглі марыць пра вызваленне, але з Усходу».

«Лукашэнка — аўтакрат, але не марыянетка Крамля»

«Беларусь, вядома, гэта дыктатура. Як часта бывала ў краінах, якія вызваляліся з савецкага ярма, першая дэмакратычная каманда ў гэтай краіне спрабавала вярнуць дэмакратыю, адначасова спыняючы дзесяцігоддзі русіфікацыі. Спроба навучыць гаварыць па-беларуску расейскамоўную большасць магла ёй не спадабацца і адкрыла браму для шчырага савецкага чалавека, соль з солі калгаснай наменклатуры. Лукашэнка зверг дэмакратыю, якая толькі нараджалася, і захапіў паўнату ўлады, змагаючыся з карупцыяй, якая праяўлялася ў тым, што нехта паставіў сабе плот вакол дома за 100 даляраў. Лукашэнка — аўтакрат, але не марыянетка Крамля, і ён не заўсёды танчыць так, як гэтага жадае Пуцін. Некалі я сказаў Сяргею Лаўрову, што, паводле нашых падлікаў, адкрытыя і скрытыя субсідыі для рэжыму Лукашэнкі каштавалі Расеі да гэтай пары каля 100 мільярдаў даляраў. «Каб жа толькі», — уздыхнуў Лаўроў».

«Беларусь, без сумневу, гэта рэальная дзяржава»

«Беларусь, без сумневу, гэта рэальная дзяржава, толькі са значна меншым полем манеўру, чым у Польшчы, але з імкненнем быць адасобленай. Беларуская дыктатура даволі эфэктыўная не толькі ў пераследзе апазіцыі, але таксама ва ўтрыманні дарог і якасці дзяржаўных дакументаў. Лукашэнка выкарыстоўвае жорсткія метады і бывае бязлітасны. Агулам кажучы, гэта дзяржава, якая дзейнічае пры дапамозе пераследу і перашкодаў сваім апанентам. Забівае і садзіць (а хутчэй, забівала і садзіла) у раздроб, а не оптам».

«Калі б у расейцаў была альтэрнатыва Лукашэнку, то яны б яе выкарысталі»

«Лукашэнка — гэта арыгінал. Цяжка адмаўляць, што ён валодае палітычнай мабільнасцю, але ягоныя свавольствы — у залежнасці ад настрою або новай палітычнай ідэі — уяўляюць такую ж праблему як для Расеі, так і для Захаду. Я неаднойчы меў уражанне, што калі б у расейцаў была альтэрнатыва Лукашэнку, то яны б яе выкарысталі».

«У Лукашэнкі прыроджаны палітычны талент»

«Калісьці Аляксандар Квасьнеўскі шкадаваў у размове са мной, што ён не інвеставаў столькі ў Лукашэнку, колькі ў чарговых прэзідэнтаў Украіны. Ён лічыў, што занядбаў яго, і што, магчыма, Лукашэнку ўдалося б уцягнуць у еўрапейскую арбіту, у пэўным сэнсе еўрапеізаваць. Думаю, што гэта былі неабгрунтаваныя надзеі. Гэта палітычны «звер» зусім іншага гатунку. Стыль ягонай палітыкі абсалютна больш савецкі і больш правінцыйны. Але бясспрэчна, у яго ёсць прыроджаны палітычны талент.

Заходнееўрапейская палітычная сцэна не вельмі разумее, што адбываецца з Беларуссю, але доказам таго, што стабільнасць і прадказальнасць —гэта козыры, няхай будзе факт, што Беларусь мае больш замежных інвестыцый, чым Украіна, дзе жыве значна больш людзей.

Шанец «уцягнуць» Лукашэнку ў заходнюю арбіту здаваўся мне мінімальным. Але я лічыў, што шмат можна выйграць ужо на адной гульні з ім. Дапамагчы Лукашэнку ў ягонай штурханіне з Масквою і павялічыць расейскія кошты дамінацыі над Беларуссю».

«Расея была гатовая падтрымаць у нейкай ступені еўрапеізацыю Беларусі»

«Расейцы ўспрымаюць Беларусь як свайго падапечнага. Непакорлівага, але ўсё ж падапечнага. Для іх гэта стратэгічная тэрыторыя, без якой іх сістэма проціпаветранай абароны не зможа працаваць, паколькі паветраная брама ў Маскву была б адкрытая. З расейскага пункту гледжання Беларусь — ключавы фактар для расейскага экславу ў Калінінградскай вобласці. У Расеі ёсць таксама свой інтарэс у ажыўленні беларускай эканомікі — субсідыі неэфэктыўнай дзяржавы вельмі дарагія, а ў Расеі шмат інтарэсаў і па-за Беларуссю. Таму расейскі інтарэс у Беларусі палягаў у тым, каб Лукашэнка, трымаючы Беларусь у зоне іхнага ўплыву, быў больш прадказальны і менш каштаваў.

Каб дасягнуць гэтага, яны былі гатовыя падтрымаць у нейкай ступені еўрапеізацыю Беларусі. А ў інтарэсе Еўропы якраз еўрапеізацыя Беларусі, якая б у доўгатэрміновай пэрспектыве прывяла да дэмакратызацыі. Можна было разлічваць, што кантраляванае збліжэнне з Еўропай пяройдзе ў сапраўдны працэс грамадскіх пераменаў. Здавалася, што гэта поле да гульні».

«Атмасфера была добрая, асабліва пасля вячэры з пячонкай зубра»

«Пачатак быў шматабяцальны. Ужо некаторы час на нашым стале ляжала прапанова двухбаковай сустрэчы. Я хацеў, каб месца сустрэчы было сімвалічнае, і прапанаваў Віскулі ў Белавежскай пушчы. Не ўтойваю, што мне было цікава, як выглядае месца, дзе падпісвалі дамову аб распадзе СССР. На маё здзіўленне, беларускі бок не толькі пагадзіўся, але нават падрыхтаваў спецыяльную пляцоўку для прызямлення верталёта, каб я мог прыляцець наўпрост з Варшавы.

Мы паляцелі адным са старых Мі-16. Што цікава, нягледзячы на маю спробу пабачыць мяжу, я не здолеў злавіць той момант. У вёсках тыя самыя драўляныя хаткі шчытом да дарогі. Палац унутры выглядаў так, як быццам Ельцын, Краўчук і Шушкевіч пакінулі яго за дзень да нашага прыезду. Пустыя пакоі, няўтульныя крэслы, пазалочаныя сталы, усё ў тым стылі, які камуністы лічылі арыстакратычным шыкам.

З міністрам Мартынавым мы пазнаёміліся падчас шматбаковых сустрэчаў, а цяпер мы вялі доўгую размову ў леснічоўцы непадалёк ад палацу. Атмасфера была добрая, асабліва пасля вячэры, паколькі ў меню была нават пячонка з зубра, што я тады палічыў прыязным жэстам. І толькі праз пару месяцаў, калі я расказваў пра размову адной важнай беларускай апазіцыянерцы, яна паглядзела на мяне з непакоем і сказала, што беларускіх зуброў адстрэльваюць ў сувязі з туберкулёзам. Але пакуль можна было спадзявацца на адкрыццё».

«Беларусы — нягледзячы на дыктатуру — хацелі б вырвацца з ролі падапечнага ўсходняга суседа»

«Мы прапанавалі Беларусі магчымасць удзелу ў еўрапейскіх праграмах і польскую падтрымку. Мушу прызнаць, што беларускія прапановы заўсёды былі прафесійна падрыхтаваныя і ў прынцыпе рэалізоўваліся згодна з дамоўленасцямі. Гэта толькі даказвала, што беларусы — нягледзячы на дыктатуру — хацелі б вырвацца з ролі эканамічнага і стратэгічнага падапечнага ўсходняга суседа. У іх сапраўды былі моцныя расейскія ўплывы, і яны мусілі сур’ёзна падыходзіць да кожнага кроку. Мы вырашылі павялічыць нашую прапанову».

«Гаворка была не пра звяржэнне. Нам хапіла б нейкага жэсту»

​«З'явілася нагода, каб праверыць сапраўдныя намеры. Набліжаліся парламенцкія выбары 2008 года, якія, што праўда, мелі меншае значэнне, а пасля прэзідэнцкія ў 2010 годзе — і можна было перадаць Лукашэнку: перастань, спыні рэпрэсіі і хаця б сімвалічна ідзі ў бок дэмакратыі, і тады будзе ўзнагарода. Гаворка была не пра звяржэнне прэзідэнта, а пра доўгатэрміновую перспектыву шляху да дэмакратыі. Еўрасаюзу і Польшчы хапіла б нейкага жэсту. Кажучы прама: мы чакалі, што ўзровень фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах будзе меншым. Лукашэнка павінен быў паказаць, што ён не лічыць сябе пажыццёвым дыктатарам. Я пераканаў у гэтай ідэі і немцаў, каб гэта не выглядала на аднабаковую ініцыятыву».

«Падначаленыя Лукашэнкі жывуць у вялікім страху перад ягонымі эмацыйнымі выбухамі»

«Перад самымі прэзідэнцкімі выбарамі разам з нямецкім міністрам замежных спраў Гвіда Вестэрвеле мы паехалі на непасрэдныя перамовы з прэзідэнтам Лукашэнкам. Гэта стыхійная постаць. Яго падначаленыя жывуць у вялікім страху перад ім і ягонымі эмацыйнымі выбухамі. Таму гаварыў найперш Лукашэнка. Між іншым, пра тое, што спадзяецца гэтым разам на падтрымку 60—70%, што можна было ўспрыняць як прапанову нам, вядома, недастатковую. Але была таксама цікавая частка размовы. Да сустрэчы мы дамовіліся з Гвіда, што ён згадае аб правах этнічных меншасцяў, а я аб правах сэксуальных. Сёння стаўленне да сэксуальных меншасцяў стала лакмусавай паперай, якая сведчыць аб талерантнасці грамадства».

«Пі…саў трэба трымаць у рэзервацыях»

«Гвіда Вестэрвеле стрымаў слова і згадаў пра правы этнічных меншасцяў, у тым ліку палякаў. А Лукашэнка на гэта: «Чаму вы пытаеце мяне пра палякаў? Я ж люблю сваіх палякаў. Мае палякі — гэта мае самыя верныя выбарнікі. І я хачу, каб палякі ў Беларусі мелі такія самыя правы, як і ўсе іншыя грамадзяне». Гэта, вядома, можна было ўспрыняць як абяцанне, але і як пагрозу — беларускія грамадзяне маюць няшмат правоў.

Згодна з дамоўленасцю, я згадаў пра сэксуальныя меншасці. Лукашэнка паглядзеў на мяне як на вар’ята і праз хвіліну кажа з нотай здзіўлення: «Але ў нас у Беларусі няма ніякіх сэксуальных меншасцяў». «Разумею, спадар прэзідэнт, Беларусь, вядома, мае сваю спецыфіку. Але гіпатэтычна, калі б у будучыні ў Беларусі з'явіліся нейкія сэксуальныя меншасці, то вы будзеце ставіцца да іх талерантна, праўда?» Лукашэнка глядзіць то на мяне, то на Вестэрвеле і, круцячы галавою, паблажліва ўсміхаецца і кажа: «Ну не ведаю, не ведаю… А… лесбіянкі хай будуць, нават можна паглядзець. Але пі…саў трэба садзіць у аўтобусы, вывезці за горад, і будзем трымаць іх там у рэзервацыях». У гэты момант я ведаў, што міністр замежных спраў Нямеччыны будзе ў беларускім пытанні на маім баку да канца працы на сваёй пасадзе».

Падслуханая размова беларускіх міністраў

«Відавочна, што супрацоўнікі Лукашэнкі забыліся яму сказаць, што Вестэрвеле адкрыта прызнаецца ў тым, што ён гей і шмат гадоў жыве са сваім сталым партнёрам. Цікава, што разам з Гвіда мы пачулі прыватную размову двух беларускіх міністраў на гэтую тэму. Яе значэнне можна было б падсумаваць у словах «Што гэты лапух зноў нагаварыў»».

«Лукашэнка дакладна зліквідуе расейскую агентуру»

«Парламенцкія выбары скончыліся поўнай паразай апазіцыі, але ім, прынамсі, далі часткова выступіць у СМІ. Але вынік не пакідаў сумневу. Наступныя месяцы Лукашэнка манеўраваў, раз-пораз паказваючы сваю незалежнасць ад Расеі. Хаця б тады, калі ён стрымаў абяцанне Еўрасаюзу не прызнаваць дзяржаўнасць Паўднёвай Асецііі і Абхазіі, якія абвясцілі незалежнасць пасля вайны з Грузіяй.

Ні для кога не павінна быць сакрэтам, што Расея мае ў Беларусі большыя ўплывы, чым ЕС. Гэта ажно 300 гадоў прысутнасці. Блізкае перапляценне вайсковых элітаў, якія на вучэннях трэніруюць розныя ваенныя сцэнары. Хоць і тут давер не поўны, бо Беларусь не атрымала ад Расеі баявых самалётаў, пра якія прасіла, а адначасна расейцы не атрымалі права базавання сваіх авіяцыйных сілаў на яе тэрыторыі. У спецслужбах Лукашэнка дакладна зліквідуе расейскую агентуру, баючыся, што менавіта ў Расеі могуць прыняць рашэнне пра яго звяржэнне».

«Палітыка Лукашэнкі працуе, але кансервуе залежнасць»

«Зліквідаваўшы беларускамоўныя школы, Лукашэнка аданачасова спрабуе дамаўляцца з Ватыканам, каб узнікалі беларускія семінарыі і каб каталіцкія святары былі беларусамі, а не прыезджымі з Польшчы. Ватыкан, зрэшты, пагаджаецца на адмову ад польскай на карысць беларускай. Манеўраванне паміж Расеяй і ЕС, без сумневу, у Лукашэнкі атрымліваецца. Гэта працуе. Але такая палітыка кансервуе эканамічную і палітычную сістэму, якая і з'яўляецца крыніцай адсталасці, і ў выніку — залежнасці».

«Калі б газ у ямальскім газаправодзе плыў у іншым кірунку, то мы б былі саюзнікам Польшчы, а не Расеі»

«Нягледзячы на ўсю тактычную мабільнасць, сама сутнасць лукашызму — праз спазненне эканамічнай і грамадскай мадэрнізацыі Беларусі — утрымлівае гэтую краіну ў васальнай пазіцыі. Калі б Беларусь мела сучасную эканоміку, залежнасць ад расейскіх паставак была б для яе тым, чым ёсць і для Польшчы, — хваробай, а не ланцугом. Адзін з беларускіх міністраў сказаў мне аднойчы: «Калі б газ у ямальскім газаправодзе плыў у іншым кірунку, то мы б былі саюзнікам Польшчы, а не Расеі». Шкада, што Польшчы не ўдаўся праект здабычы вялікай колькасці сланцавага газу».

«Лаўроў абяцаў прызнаць выбары, нават калі пераможа апазіцыя»

«Я размаўляў у Варшаве з Сяргеем Лаўровым, і зваротныя сігналы былі зразумелыя — Расея таксама хоча, каб Лукашэнка памякчэў, каб каштаваў менш і не прыносіў столькі клопатаў. Калі мы былі з Гвіда ў Менску, то да выбараў заставалася менш за два месяцы. Праз некалькі тыдняў я размаўляў у Каралеўскіх Лазенках з Лаўровым. Падчас гутаркі ў кабінеце караля Станіслава вочы ў вочы Лаўроў паабяцаў: «Расея прызнае вынік прэзідэнцкіх выбараў у Менску, нават калі выйграе кандыдат апазіцыі».

«Для Расеі Някляеў мог быць спакойнай і прадказальнай альтэрнатывай»

«Гэта было цікава, паколькі галоўным кандыдатам апазыцыі стаў на той час лідар руху «Гавары праўду», паэт і напалову расеец Уладзімер Някляеў. Гэта быў кандыдат, які б пакончыў з дыктатурай у Беларусі, але які мог бы быць гарантыяй для Расеі, што яны захаваюць там нармальныя стасункі і значныя ўплывы. Някляеў не жадаў дражніць Расею, пазбягаў гэтага і разумеў, што Беларусь можа разлічваць толькі на паступовую еўрапеізацыю, а не імклівае збліжэнне з NATO. Для Расеі ён мог быць спакойнай і прадказальнай альтэрнатывай».

«За разгонам пасля выбараў 2010 году магла стаяць Расея»

«Выбары былі сфальсіфікаваныя, як і звычайна, а пратэстоўцаў разагналі. Сёння здаецца, што рашэнне пра гэта прынялі ў Маскве або, прынамсі, пад яе ўплывам. За дзесяць дзён да выбараў прамяністы Лукашэнка выступіў з Пуціным на супольнай прэс-канфэрэнцыі.

Не ўпершыню выявілася, што расейскае МЗС з'яўляецца рэалізатарам, а не ініцыятарам расейскай замежнай палітыкі. Міністар Лаўроў мог, вядома, увесці мяне ў зман, але не вельмі разумею, навошта, калі ягоная спэцыяльнасць — адкрыта прадстаўляць расейскую пазіцыю. Я прытрымліваюся думкі, што, размаўляючы са мною ў Каралеўскіх Лазенках, ён яшчэ не ведаў рашэньня, якое прынялі ў Крамлі».

«Дэмакратызацыя і еўрапеізацыя Беларусі можа адбыцца толькі тады, калі зменіцца ўлада ў Маскве»

«Лукашэнка працягвае весці сваю гульню. З аднаго боку, ён не прызнае анексію Крыма, а з другога — дае расейцам вялікую авіябазу. Аднак у часы, калі дактрына расейскага збірання земляў змянілася з вербальнага ў рэальнае, беларусы павінны непакоіцца пра будучыню Віцебска, які на пачатку існавання СССР уваходзіў менавіта ў склад расейскай ССР. Баюся, што дэмакратызацыя і еўрапеізацыя гэтай краіны можа адбыцца толькі тады, калі зменіцца ўлада ў Маскве. Або калі Расея аслабне, напрыклад калі яна прайграе вайну іншаму суседу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?