На 75-м годзе жыцця памёр былы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі і намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Абрамовіч. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Сяргей Калінін.

Аляксандр Абрамовіч. Фота з сайта юрфака БДУ.

Аляксандр Абрамовіч. Фота з сайта юрфака БДУ.

Аляксандр Абрамовіч нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Забалацце Нясвіжскага раёна. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. У 1991-1992 быў членам Камітэта Канстытуцыйнага нагляду СССР.

Ад 1992 да 1996 узначальваў Цэнтральную выбарчую камісію. Потым быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (1996—2004).

Дэпутат Вярхоўнага Савета ад Апазіцыі БНФ (1990—1996) Сяргей Навумчык так згадвае нябожчыка: «Абрамовіч як старшыня ЦВК у 1992 годзе, калі БНФ сабраў больш за 440 тысяч подпісаў за рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савету і новых выбарах, заняў прыстойную і прынцыповую пазіцыю. Ён заявіў на сесіі, што Фронт выканаў патрабаванні закона і справа гонару дэпутатаў — прызначыць дату рэферэндуму. На жаль, гэтага не адбылося — супраць былі і Шушкевіч, і старшыня заканадаўчай камісіі, і парламенцкая большасць».

Навумчык згадвае, што Абрамовіч мог быць тым чалавекам, які б павярнуў гісторыю Беларусі ў іншы кірунак. «На першых прэзідэнцкіх выбарах (і па сутнасці адзіных) ён зарэгістраваў кандыдатам Лукашэнку, хаця мог бы гэтага і не рабіць — у Лукашэнкі былі няправільна указаныя месца працы і жыхарства ў падпісных лістах, да таго ж у яго не было пры сабе дакументаў («Скралі ворагі», — заявіў ён на пасяджэнні ЦВК).

У ноч падліку галасоў на першых прэзідэнцкіх выбарах я быў у кабінеце Абрамовіча як давераная асоба Пазняка, і мы бачылі, як Лукашэнка набірае галасы. Ён перамог у першым туры, недзе 54-56% (і гэта супадала з падлікамі назіральнікаў ад БНФ), але потым рэзка памянялася інфармацыя з некаторых рэгіёнаў на карысць Кебіча і стала зразумела, што будзе другі тур», — расказвае Сяргей Навумчык.

Публіцыст Аляксандр Фядута так успамінае пра спадара Абрамовіча: «Гэта чалавек, які правёў адзіныя свабодныя выбары прэзідэнта ў Беларусі, але падчас працы ў Адміністрацыі зрабіў усё, каб свабодных выбараў болей не было».

«У Адміністрацыі прэзідэнта ён курыраваў заканадаўчы блок. Усе дакументы па рэферэндуме 1996 года рыхтавалі Аляксандр Абрамовіч, Рыгор Васілевіч і Аляксандр Марыскін. Першага ўжо няма ў жывых, спадзяюся, двое другіх раскажуць, як усё гэта адбывалася. Калі я з ім кантактаваў у 1994 годзе, то адчувалася, што гэта вельмі адукаваны, граматны юрыст. У яго па стане на 1994 год была свая пазіцыя, ён не даў сфальсіфікаваць выбары, хаця быў ціск ад пэўнага кандыдата, не будзем называць ягонае прозвішча. Мне здаецца, што Аляксандр Міхайлавіч быў троху пакрыўджаны на тую ўладу, ён вярнуўся з Масквы, дзе працаваў у Камітэце Канстытуцыйнага нагляду, ён мог разлічваць на пасаду старшыні Канстытуцыйнага суда, але не атрымаў яе.

Але ў 1996 годзе за Абрамовіча было сорамна. Напярэдадні рэферэндума я сутыкнуўся з ім у Доме ўрада. «Аляксандр Міхайлавіч, няўжо вы не разумееце, што адбываецца», — спытаўся я. У той момант я ўбачыў у ягоных вачах бляск, такі бляск бывае ў драпежніка перад тым, як упаляваць ахвяру. Ён быў абсалютна ўпэўнены, што рэферэндум быў ужо выйграны. Было адначасова і сорамна, і страшна», — адзначае Аляксандр Фядута.

Развітанне з Аляксандрам Абрамовічам пройдзе 4 снежня ў КЗ «Мінск» ад 11 да 13 гадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?