03.12.2018 / 18:10

Пракуратура cпыніла будоўлю 25-павярховіка пад Мінскам. Забудоўшчык: «Лукашэнка загадае зносіць — знясем» 9

Копішча — вёска пад Мінскам, якая ўшчыльную мяжуе са сталічным раёнам Уручча.

Кампанія «СІ-трэйдынг» будуе ў Копішчы жылы квартал «Уруцкі-2». Чарговы спраектаваны аб'ект ў ім — 25-павярховы дом побач з ужо існуючымі.

Будоўля ўжо пачалася, кватэры распрадалі загадзя, але пракуратура пастанавіла — пабудовы знесці, зямлю вызваліць. Як так атрымалася?

«СІ-трэйдынг» спачатку збіраўся будаваць 16-павярховік, пазней вырашылі замахнуцца аж на 25 паверхаў. Пабудавалі падземны паркінг — і пакуль усё.

Будоўля не спадабалася мясцовым жыхарам. Новы дом сапраўды мусіў паўстаць надта шчыльна да іншых, а ніякага грамадскага абмеркавання не было.

Забудоўшчык пачаў загадзя прадаваць кватэры, а мясцовыя жыхары пачалі пісаць скаргі.

Пракуратура правяла праверку і знайшла, што надзел выкарыстоўваецца нямэтава. Выпісалі пастанову — будоўлю спыніць, а тое, што ўжо пабудавалі — знесці.

А як так? І што будзе з кватэрамі, якія ўжо набылі будучыя жыхары?

Дырэктар кампаніі-забудоўшчыка кажа, што віна не на іх, а на выканкаме Мінскага раёна.

«Атрымалася памылка. Выканкам Мінскага раёна — калегіяльны орган, і там юрыдычная служба неўважліва пачытала дакументы. Мы атрымалі два надзелы. Запрасілі дазвол на праектныя працы на надзелах. Нам дазволілі. Мы зрабілі праект, прайшлі экспертызы. І атрымалі дазвол на гэтых двух надзелах будаваць. Але высветлілася, што гэта «нямэтавае выкарыстоўванне надзела», бо мы будуем дом №35, а там па паперах мусіць быць толькі №32. Трэба было адкарэктаваць дакументы выканкама, дапісаць, што там будуць дамы і №32, і №35, а ён гэтага не зрабіў. І такі казус», — тлумачыць Мікалай Вашкевіч, дырэктар «СІ-трэйдынг».

Вашкевіч кажа, што скаргі тут ні прычым, яны, маўляў, пастаянна пішуцца:

«Ёсць такая катэгорыя грамадзян, якія пастаянна пішуць. Спачатку пішуць, што няма месцаў для паркоўкі. Мы атрымалі дазвол на будоўлю паркінга, пачынаем расчышчаць тэрыторыю —тыя ж людзі пішуць новыя скаргі, што мы пілуем дрэвы».

Пакупнікоў кватэр Вашкевіч супакойвае, кажа, грошы аддадуць усім, ужо пачалі. А лёс будоўлі цяпер будзе вырашаць Лукашэнка.

«Пакуль зносіць не будзем. Напісалі прэзідэнту ліст. Па законе памылку выканкама можа выправіць толькі ён. Скажа зносіць — будзем зносіць. Скажа будаваць — будзем будаваць».

Улад Швядовіч

1
Лявон Баршчэўскі / Адказаць
03.12.2018 / 18:40
У нас ёсьць людзі, і ёсьць Чалавек, які займае прэзідэнта. А закон, выходзіць, ні пры чым?
1
Лявон Баршчэўскі / Адказаць
03.12.2018 / 18:50
Штосьці незразумела. Выходзіць, у нас ёсьць жыхары краіны, і яны толькі кузуркі, а адзін Жыхар (чалавечышча!) можа ўсё?
У нас ёсьць законы, або ўсё-ўсенькае залежыць толькі ад таго, хто наверсе? 
9
мясцовы2 / Адказаць
03.12.2018 / 18:56
знясеце і без лукашэнкі, або атрымаеце яшчэ горшыя рэпутацыйныя праблемы
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру