Прыкладна 50 членаў міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) праводзяць аднадзённы пост‑галадоўку, паведаміў БелаПАН старшыня арганізацыі Зміцер Дашкевіч.

Паводле яго слоў, 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, заканчваецца кампанія арганізацыі «Камунізм — пад трыбунал!». «Спачатку антыкамуністычную кампанію планавалася завяршыць 8 снежня, у дзень распаду СССР, аднак з‑за суда над Аляксандрам Баразенкам, што пачаўся ў гэты дзень, заканчэнне кампаніі было вырашана перанесці на 10 снежня», — сказаў З.Дашкевіч.

Ён зазначыў, што дакладная колькасць людзей, якія галадаюць, пакуль невядомая. «Мы пакінулі на сайце арганізацыі адрас электроннай пошты з просьбай паведамляць нам, хто, з якой арганізацыі і з якога горада падтрымаў пост‑галадоўку. На працягу дня да нас будзе паступаць інфармацыя аб удзельніках галадоўкі», — зазначыў З.Дашкевіч.

«Пост‑галадоўка — гэта гістарычная паралель з савецкімі дысідэнтамі, якія ў гэты дзень заўсёды аб’яўлялі галадоўку з патрабаваннем усеагульнай амністыі палітычных зняволеных», — заявіў кіраўнік «Маладога фронту».

На думку З.Дашкевіча, «праз пост, праз пакаянне кожны можа ўсвядоміць і асэнсаваць злачынствы камуністычнага рэжыму ў Беларусі і ў свеце».

Як паведаміў лідэр арганізацыі, у Мінску і іншых гарадах краіны пройдуць пікеты «з патрабаваннем правесці «Нюрнбергскі працэс» над камуністычнай ідэалогіяй».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0