Каманда Aix'Qui? (Э'Кі?) запрашае маладых музыкантаў з Беларусі ўзяць удзел у сустрэчы гуртоў з усяго свету. Калектывы, якія праявяць сябе, атрымаюць магчымасць запісаць песню і выступіць на маштабным фестывалі Class'EuRock у французскіх Альпах.
Што прапануе Aix'Qui? (Э'Кі?)
Вось ужо колькі дзясяткаў гадоў французская ініцыятыва Aix'Qui? (Э'Кі?) збірае музыкаў-пачаткоўцаў з розных куткоў планеты. Арганізацыя дае магчымасць для прафесійнага ўдасканалення маладых гуртоў.
У еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, не хапае пляцовак, дзе маладыя людзі маглі б займацца музыкай. А сумеснае стварэнне прадукту - гэта ж унікальны досвед. Гурты становяцца ўдзельнікамі аднаго творчага працэсу.
Паказаць свае дасягненні музыкі-пачаткоўцы могуць на штогадовым фестывалі Class'EuRock. Ён праводзіцца як фінальнае мерапрыемства праграмы рэзідэнцыі Aix'Qui? (Э'Кі?).
Як падаць заяўку на ўдзел?
Калі ў вас ёсць свой музычна гурт і вы хочаце заявіць пра сябе, смела падавайце заяўку на ўдзел. Зрабіць гэта можна круглы год. Падрабязнасці - на афіцыйным сайце праекта.
Арганізатары прапануюць розныя модулі суправаджэння ўдзельнікаў: ад аплаты праезду і пражывання да поўнага курыравання калектыву на працягу года.
У 2018 заяўкі на ўдзел падалі больш як 150 музычных гуртоў. Пасля прафесійнага адбору сем пераможцаў правялі тыдзень рэзідэнцыі ў Альпах. Яны шмат рэпетавалі, удасканальвалі сваё музычнае майстэрства, размаўлялі, абменьваліся досведам. Акрамя таго, кожны з сямі гуртоў у абсталяванай студыі і пад менторствам прафесіяналаў запісала адну са сваіх песень.
Фінальнае мерапрыемства: візуалізацыя зробленай работы
Пераможцамі праграмы гэтага года сталі B-Side, Steel Tails, Sem L'Ours, MRS Corp, Time Structure, Fallen Resonance, Reverence. Яны прэзентавалі сваю творчасць на вялікім фестывалі Class'EuRock, які адбыўся ў Францыі чэрвені 2018 года. Музыкі выступалі на прафесійнай сцэне перад тысячамі гледачоў.
Таксама парадавалі публіку сваімі кампазіцыямі і шоу ментары праекта - французская група Ramoneurs de Menhirs, кампазіцыі якіх напісаны на мяжы кельцкіх народных песень і панк-року.
Фестываль доўжыўся ад шостай вечара да позняй ночы, уваход быў вольны.
Бярыце ўдзел у праграме Aix'Qui? (Э'Кі?) і далучайцеся да дасведчаных і маладых музыкаў на Class'EuRock.
Гэта выдатная магчымасць заявіць пра сябе, атрымаць параду прафесіяналаў, завесці новыя знаёмствы і проста добра правесці час з аднадумцамі з усіх краін Еўропы.