Самка двухколернага кажана.

Самка двухколернага кажана.

Узімку некаторыя рукакрылыя застаюцца зімаваць у Беларусі і ўпадаюць у спячку. Рытм сэрца ў іх запавольваецца, а тэмпература паніжаецца. У гарадах кажаны могуць зімаваць на балконах, у пад’ездах і часцяком, патурбаваныя чалавекам або ад перападаў тэмператур, прачынаюцца. Гэта можа прывесці да іх гібелі, бо каб прачнуцца, кажаны трацяць амаль усю назапашаную энергію. Аднавіць яе няма чым: насякомых, якімі харчуюцца нашыя кажаны, узімку яны не знойдуць. Каб выратаваць рукакрылых, трэба знайсці для іх спальнае месца і ўвесці ў спячку.

«Аптымальная тэмпэратура для зімоўкі кажаноў — ад +4 да +8 градусаў. Гэта тэмпэратура ў звычайным халадзільніку»

— кажа хіраптэролаг цэнтра Аляксей Шпак, супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах.

Усе перададзеныя ў «Кажанаполіс» жывёлы будуць правярацца адмыслоўцамі, узважвацца, каб высветліць іх стан здароўя, і змяшчацца ў лядоўню на зімоўку. Калі ў звярка вага паніжаная — яго давядзецца падкарміць штучна выведзенымі насякомымі, інакш ён не дажыве да вясны. Вясной усіх выпусцяць у дзікую прыроду.

Ратаваць кажаноў важна, бо рукакрылыя размнажаюцца марудна (самкі могуць нарадзіць толькі 1-2 кажанятак у год).

А гэта значыць, што на аднаўленне папуляцый многіх відаў патрэбныя дзесяцігоддзі. Дарэчы, з 19 відаў кажаноў Беларусі восем уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу.

Цэнтры рэабілітацыі рукакрылых існуюць у многіх краінах, але ў Беларусі ён з’явіўся ўпершыню. «Кажанаполіс» паўстаў з ініцыятывы Мінскага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» сумесна з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Дзякуючы краўдфандынгавай платформе «МаеСэнс» праект сабраў патрэбную суму для закупкі лядоўні для цэнтра і іншага абсталявання. Трэці партнёр ініцыятывы — Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства (РЦЭК) — падтрымаў прыродаахоўнікаў і вучоных і дазволіў размясціць лядоўню ў сваім жывым кутку. У Кажанаполісе працуюць валанцёры.

«Кажанаполіс» функцыянуе на базе РЦЭК: г. Мінск, вул. Макаёнка, 8. 

Калі пабачыш кажана:

— тэлефануй +375292139257

— альбо пішы на старонку ў Фэйсбуку: facebook.com/kazhanapolis

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0