Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Сёньня ў Менску адбыўся справаздачна‑выбарны зьезд Беларускага ПЭН‑цэнтру.

Ягоныя ўдзельнікі абмеркавалі становішча ў гэтай грамадзкай арганізацыі, створанай дзеля абароны творчых правоў пісьменьнікаў і журналістаў, а таксама задаволілі просьбу яе старшыні Ўладзімера Някляева вызваліць яго ад пасады.

Новым старшынём абраны паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Сход Беларускага ПЭН‑цэнтру быў чарговы. Паводле статуту ён павінен праводзіцца раз на два гады. Аднак сытуацыя ў краіне мяняецца так хутка, што ня ўсе сябры ПЭН‑цэнтру пасьпяваюць, на думку найстарэйшага пэнаўца Валянціна Тараса, адпаведна пераарыентоўвацца.

Ягоны маладзейшы калега, галоўны рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Скурко ўдакладніў сёньняшнія прыярытэты дзейнасьці ПЭНу:

«Сёньня — час малых справаў у тым значэньні, якое ўкладаў у гэтыя словы першы чэскі прэзыдэнт Масарык.
Я лічу вялікай заслугай Беларускага ПЭН‑цэнтру і ўсіх нас разам тое, што мы змаглі захаваць сам гэты Беларускі ПЭН‑цэнтар, які на сёньняшні дзень у Менску зьяўляецца адной зь нешматлікіх пляцовак, на якой магчымая незалежная культурная дзейнасьць».

Частка пісьменьнікаў сталейшага пакаленьня гэтую дзейнасьць маладых і іх творчасьць паставіла пад сумнеў. Гаворыць празаік і публіцыст Віктар Казько:

«Незразумелая, не заўсёды ўцямная нейкая пайшла літаратура, тое, што ня ведаю, як і назваць — постмадэрнізмам… (Голас з залі: «Дробнаслоўе і марнатраўства!»)
Так, гэта тое, што цяжка ўвогуле назваць літаратурай».

Прыхільнікі гэтае думкі спрабавалі пераканаць старшыню арганізацыі не сыходзіць са сваёй пасады, аднак Уладзімер Някляеў рашуча і пераканаўча — і, як паказалі потым вынікі галасаваньня, пасьпяхова — агітаваў залю абраць на старшыню спадара Хадановіча:

«Маладзейшы будзе біць капытамі мацней, весялей іскры будуць ляцець…»

Андрэй Хадановіч у сваёй новай ролі старшыні ПЭН‑цэнтру назваў у бліжэйшых плянах некалькі літаратурна‑арганізацыйных і праваабарончых захадаў, у тым ліку і зьдзяйсьненьне сваёй ружовай мары:

«Ружовая мара — спрычыніцца ПЭН‑цэнтрам да арганізацыі міжнародных фэстываляў і міжнароднага літаратурнага фэстывалю ў Беларусі, які б тут здараўся рэгулярна».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0