Калі чыноўнік не бярэ хабар — гэта катастрофа для рэгіёна ды хвароба, прычым заразная. Следчыя і эксперты сцвярджаюць гэта ў сатырычным рэпартажы новага суботняга шоу Белсата Хай Так TV.

Таксама ў новым выпуску Хай Так TV — гурт РСП і камінг-аўты ягоных удзельнікаў:

— як будучыя зоркі ў дзяцінстве адпомсцілі трэнеру сваёй футбольнай каманды;

— тэатр ды музыка — гэта толькі прыкрыццё. Чым насамрэч зарабляюць удзельнікі РСП;

— прэм’ера шчырай песні пра ўцюхванне квіткоў праз Куфар ды Убер.

Новае сатырычнае шоу Хай Так TV выходзіць на Белсаце ад верасня. Упершыню ў тэлефармаце — пра Беларусь, па-беларуску і без цэнзуры. Бо найлепшым лекам ад палітычна-эканамічных фрустрацый з’яўляецца смех. А найлепшы смех — гэта смех з сябе.

Паводле канцэпцыі, Хай Так TV — гэта самы падпольны беларускі тэлеканал, яшчэ больш падпольны, чым Белсат. Са студыі, якая размяшчаецца «ў невядомым месцы», Хай Так TV штосуботы а 20.30 пірацкім чынам урываецца на эфірныя хвалі Белсата. А трое ягоных вядоўцаў — смелыя і бескампрамісныя Сева Сцебурака, Дзмітры Есяневіч і Яўген Барышнікаў — каментуюць беларускую рэчаіснасць цалкам па-новаму: праз давядзенне да поўнага абсурду.

У кожным паўгадзінным выпуску — скетчы, рэпартажы ды апытанкі, абмеркаване навінаў і размова з госцем. За эфірам назіраюць «супрацоўнікі спецслужбаў», але невядома каторых і невядома для чаго — ці то курыруюць новы праект, ці то сочаць за ім.

У сакрэтную студыю падпольнага ТБ прыходзяць беларускія зоркі — тут былі Віктар Марціновіч, Адам Глобус, Паліна Рэспубліка, Павел Харланчук, а таксама многія іншыя. І ніхто з гасцей не ведае, да чаго іх змусяць вядоўцы ў эфіры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0