Скрыншот відэа агенцтва «Сіньхуа»
Археолагі Акадэміі грамадскіх навук КНР выявілі калясніцу, век якой ацэньваецца прыблізна ў 2,5 тыс. гадоў. Пра гэта ў нядзелю паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа».
Унікальная знаходка была зробленая ў часе раскопак старажытнага магільніка, што, як мяркуецца, адносіцца да часу праўлення дынастыі Усходняя Чжоу (770-256 гады да н.э.), у паўночна-ўсходняй правінцыі Хэбэй.
Старажытны экіпаж памерам 142,5 см у шырыню і 106 см у даўжыню стаяў на двух колах дыяметрам 140 см, кожнае з якіх мела 38 спіц, што сведчыць аб высокім сацыяльным статусе гаспадара.
Старажытная калясніца ўпрыгожаная роспісам, а таксама пазалочанымі металічнымі эмблемамі з выявай жывёл. Як мяркуюць археолагі, гэтак багата ўпрыгожаны транспартны сродак належаў вельмі заможнаму і ўплывоваму чалавеку, магчыма, нават удзельнаму князю.
Калясніца выдатна захавалася, хоць і знаходзілася пад зямлёй некалькі тысяч гадоў. Археолагі працягваюць раскопкі, каб знайсці дадатковыя дэталі, якія дадуць магчымасць цалкам аднавіць яе ў першапачатковым выглядзе.