Беларускі ўрад прыняў пастанову, паводле якой цэны на беларускую прадукцыю на ўнутраным рынку будуць фармавацца сыходзячы з рынкавай сытуацыі. Ці прывядзе гэта да росту цэнаў?
Паводле намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, беларускім прадпрыемствам дазволена фармаваць цэны на экспартаваную прадукцыю ў залежнасьці ад кан’юнктуры рынку. Аднак гэта норма распаўсюджваецца і на ўнутраны рынак. Што азначае новая цэнавая палітыка?Ці прывядзе гэта да росту цэнаў?
У размове з карэспандэнтам Свабоды Андрэй Тур адзначыў:
‑‑ Калі рынкі згортваюцца, калі няма збыту прадукцыі, як вы можаце прадаваць прадукцыю? Якія цэны вырастуць, калі вы яе прадаць ня можаце і па гэтых цэнах? Вы па гэтых ня можаце прадаць?»
— Гэта тое, што ідзе на экспарт. А на ўнутраным рынку?»
— А на ўнутраным рынку тое ж самае. Што, у нас запасы гатовай прадукцыі толькі на вонкавы рынак вырасьлі? А на ўнутраны? Вы паспрабуйце рэалізаваць прадукцыю.
Паводле Андрэя Тура,
прадпрыемствы могуць фармаваць цэны нават ніжэй за сабекошт.
Эканаміст Алесь Чубрык мяркуе, што ў пэўным сэнсе гэты крок ураду лібэралізацыйны, калі насамрэч цэны вызвалілі. Гэта будзе весьці да роту цэнаў, калі Нацбанк будзе друкаваць даволі грошай, каб падсілкоўваць інфляцыю ці дэвальвацыю:
— Калі вы зьвернеце ўвагу на дынаміку цэнаў імпартаваных тавараў, напрыклад, на будматэрыялы, то ўбачыце, што цэны ў беларускіх рублях зараз мяняюцца з той жа хуткасьцю, як і курс даляру ў абменных пунктах.
То бок ідзе пастаянная карэктыроўка на дэвальвацыю, дэвальвацыя пачынае ўплываць на цэны. І калі Нацбанк будзе друкаваць шмат грошай, мы не пазьбегнем ня толькі дэвальвацыі, але й інфляцыі.Проста залішняя колькасьць грошай у абарачэньні будзе прыводзіць да росту цэнаў. Але ж само па сабе вызваленьне цэнаў не павінна прывесьці да нейкай інфляцыі ці скачкоў у цэнах. Яны ў нас і так даволі высокія. Магчыма нават некаторыя цэны могуць паменшыцца.